Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цана барэлю нафты на Нью-ёркскай біржы дасягнула рэкорднай адзнакі


Аляксей Дзікавіцкі, Прага Значнае падвышэньне цэнаў на нафту адлюстроўвае той факт, што гэтая сыравіна застаецца галоўным палівам у сьвеце. Кошт барэлю нафты на Нью-ёркскай біржы дасягнуў найвышэйшай у гісторыі адзнакі – 59 даляраў. Але пакуль сусьветная гаспадарка ня надта рэагуе на гэткае падвышэньне і працягвае рухацца наперад.

Фінансісты лічаць, што ў хуткім часе кошт нафты дасягне 60 даляраў і застанецца на такім узроўні да канца году, аднак, нягледзячы на гэта, цяпер не чуваць крыкаў роспачы спажыўцоў нафты, у адрозьненьне ад крызысаў 1973-74 і 1979-80 гадоў, калі цэны на гэты энэрганосьбіт таксама значна ўзрасьлі і на сусьветных рынках пачалася паніка.

Чаму? Старэйшы экспэрт лёнданскага Цэнтру вывучэньня глябальнай энэргетыкі Маначэхі Такін гаворыць, што гэта вялікая загадка.

(Такін: ) “Усе аналітыкі зьдзіўленыя, што больш высокія цэны на нафту дагэтуль не выклікалі зьмяншэньня попыту”.

Спадар Такін мае дзьве вэрсіі, з дапамогай якіх можна патлумачыць чаму так адбываецца. Першая палягае ў тым, што цана нафты ва ўсім сьвеце вызначаецца ў далярах, а апошнім часам курс даляра да эўра ці ены ўпаў і таму падвышэньне цаны ў далярах не было настолькі заўважным для галоўных спажыўцоў. Паводле другой вэрсіі – нават да 80% цаны нафты ў Эўропе складаюць усемагчымыя падаткі, якія можна рэгуляваць, зьнізіўшы такім чынам канчатковы кошт гэтай сыравіны.

Але ніводная з гэтых вэрсіяў не пасуе, калі мы гаворым пра ЗША. Падаткі на нафту ў Злучаных штатах даволі нізкія – каля 30%, таму кожнае падвышэньне цаны павінна адразу быць адчувальнае на запраўках. Між тым цягам чатырох тыдняў – да 10 чэрвеня, спажываньне нафты ў ЗША ўзрасло на некалькі працэнтаў.

Маначэхі Такін падае яшчэ адно тлумачэньне, паводле якога, шок для гаспадаркі пасьля цяперашняга падвышэньня цэнаў на нафту не такі значны, як, напрыклад, у 1979-1980 гадох, калі цана вырасла ад 11 да 30 даляраў, гэта значыць амаль у тры разы.

Паводле спадара Такіна, каб атрымалася сытуацыя, як у 1980-м годзе, калі барэль каштавала 30 даляраў, цяпер гэтая барэль нафты павінна каштаваць 80 даляраў.

Некаторыя адмыслоўцы лічаць таксама, што цана нафты расьце з-за таго, што доўгі час у нафтавую прамысловасьць інвэставалася недастаткова сродкаў. Цяпер, каб гэта выправіць, зрабіць нафтавую прамысловасьць больш эфэктыўнай і прыбытковай, трэба вялікія грошы.

Ёсьць меркаваньне, што рост цаны нафты выкліканы часткова і палітычнай сытуацыяй на Блізкім усходзе, а таксама нежаданьнем краінаў-вытворцаў нафты распрацоўваць новыя радовішчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG