Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гутарка зь Сяргеем Юрчанкам, праскім лекарам Васіля Быкава.

Як вядома, Васіль Быкаў апошнія гады свайго жыцьця быў вымушаны правесьці за мяжой – спачатку ў Фінляндыі, потым у Нямеччыне, затым у Чэхіі. Але сьмерць напаткала яго на радзіме, у Беларусі. Пісьменьнік памёр 22 чэрвеня 2003 году ў Бараўлянах. Афіцыйны дыягназ мэдыкаў – рак. Прапануем вашай увазе поўны тэкст артыкулу, надрукаванага ў газэце “Народная воля”

Васіль Быкаў мог бы жыць і сёньня.

Кажучы гэтак, маю на ўвазе ня толькі сыстэматычнае цкаваньне ў афіцыйнай прэсе, выкіданьне з выдавецтваў кніг, стварэньне рэжымам Лукашэнкі той невыноснай атмасфэры, якія не дадалі яму здароўя і ў выніку вымусілі жыць па-за межамі Радзімы.

Маю на ўвазе сьвядомае – у гэтым я перакананы – скарачэньне жыцьця Васіля Ўладзіміравіча ў самыя апошнія тыдні і дні, калі ён прыехаў у Менск.

Год таму мне давялося пісаць у “Народнай Волі” пра некаторыя драматычныя абставіны тых дзён. Сёньня пра іх можна сказаць болей – хаця і ў акалічнасьцях раптоўнай паездкі Васіля Ўладзімравіча ў Менск, і асабліва ў тым, што адбывалася ў Менску – шмат незразумелага. І ня толькі для аднаго мяне. Магчыма, з часам акалічнасьці трагедыі будуць вядомыя – а можа, назаўсёды застануцца таямніцай.

Фрагмэнты інтэрвію з праскаім лекарам Сяргеем Юрчанкам, якое сёньня прапануецца чытачам "Народнай Волі", прагучалі ў 2004 годзе на хвалях Радыё Свабода. Цяпер падаю словы Сяргея Юрчанкі цалкам бяз стылёвых зьменаў, звычайных пры пераносе гутарковай мовы на паперу (у гэтым выпадку аўтэнтычнасьць важней за стыль), дадаючы некаторыя тлумачэньні, якія дапамагаюць зразумець кантэкст падзеяў.

Сяргей Юрчанка – анастэзіёляг, лекар найлепшага ў Празе шпіталя “Motol”. Як і ягоная жонка Вольга, скончыў Віцебскі мэдычны інстытут, з 1997 году – у Чэхіі, атрымаў грамадзянства гэтай краіны (дарэчы пра іх як пра асоб, якія ў новай краіне дамагліся кар''еры, зайздроснай нават для чэхаў, пісала праская прэса). Менавіта Сяргей і Вольга апекаваліся Быкавым ў час ягонай хваробы ў Празе з таго першага дня ў лютым 2003 году, калі Васіль Уладзіміравіч адчуў сябе кепска. Гэта было жаданьне самога Васіля Ўладзіміравіча, які хацеў, каб побач былі “свае”. Хаця, канечне, вакол Быкава былі дзесяткі лекараў, а апэрацыю яму рабіў адзін з найлепшых хірургаў ва Ўсходняй Эўропе прафэсар Паўка (які апэрыраваў і Вацлава Гавала).

Пасьля апэрацыі (не рабіць якую было нельга – гэта пагражала раптоўнай сьмерцю) Васілю Ўладзіміравічу быў вызначаны курс анкалягічнага лячэньня. Пры анкалягічным дыягназе гарантыяў, як вядома, быць ня можа, але ў лекараў былі спадзяваньні. Былі знойдзены лепшыя швэйцарскія лекі – Xeloda.

(Сяргей Юрчанка: ) "Гэта былі лекі хіміятэрапэўтычныя, для лячэньня анкалягічных хваробаў, а пасьля апэрацыі – дзеля прафіляктыкі росту на ранейшым месцы. Але – не звычайная хіміятэрапэўтыка. Гэта былі швэйцарскія лекі, якія пазбаўлялі неабходнасьці рабіць кропельніцы. Ня патрэбныя былі ўнутрывенныя прэпараты, якія заўсёды пераносіліся хворымі вельмі дрэнна, і мелі кардыятаксычны эфэкт, таксічны ўплыў на сэрца. Гэтыя лекі – якраз былі распрацаваныя дзеля прыёму ўнутранага, як таблеткі, і распрацаваныя яны былі менавіта для людзей сталага ўзросту і пры той жа самой эфэктыўнасьці.

Падкрэсьлю – пры той жа самой эфэктыўнасьці лекі гэтыя пабочныя эфэкты рабілі значна больш мяккімі. Крыху слабасьць, ташната, але гэта а ні ў якім разе не ўплывае на сэрца, на функцыі арганізму.

Карацей, пасьля першага і другога курсу – нармальна ён гуляў па парку, хадзіў на вуліцу, хадзіў у крамы, сустракаўся зь сябрамі, са знаёмымі. Што наўрад ці было магчымым пры хіміятэрапэўтычных леках старога тыпу, гэтых ўнутрывенных, магутных дозаў, якія хворыя ў ягоным ўзросьце звычайна цяжка пераносяць і ў выніку ляжаць у ложку.

(Навумчык: ) "Заўважу, што менавіта гэтыя “унутрывенныя” дозы і былі пазьней прымененыя ў Бараўлянах. Але вернемся ў Прагу. Ужо на наступны дзень пасьля апэрацыі, калі мы з Аляксандрам Лукашуком наведалі яго ў шпіталі, Васіль Уладзіміравіч сказаў, што хацеў бы зьезьдзіць у Менск, але недзе ў сярэдзіне лета. Апошні раз я бачыў яго 19 красавіка, якраз перад адлётам у ЗША, і ён вызначаў для паездкі ў Беларусь канец чэрвеня альбо ліпень. Альбо нават і пазьней, увосень – ў такім разе сыны, якіх Васіль Уладзіміравіч вельмі хацеў пабачыць, прыедуць у Прагу. Але ў сярэдзіне мая пляны Быкава раптоўна памяняліся. Я пазваніў яму з Нью-Ёрку 22-ага мая – Васіль Уладзіміравіч сказаў, што заўтра адлятае ў Менск, але ненадоўга".

(Сяргей Юрчанка: ) "Паездку ён гэту тлумачыў неабходнасьцю вырашыць нейкія сямейныя пытаньні, у падрабязнасьці мы не ўваходзілі. Але з мэдычнага пункту гледжаньня ні мы, ні хірургі, ні анколягі – яму ня раілі ехаць. Раілі хаця б адкласьці на месяц-паўтара, пакуль не закончыцца прыём курсу лекаў.

Мы ня раілі яму, але ён настойваў, казаў, што два курсы перанёс абсалютна нармальна, бяз значных пабочных эфэктаў, толькі былі ташната ды лёкая слабасьць. Ён сказаў, што "я пераношу гэта вельмі добра", сказаў, што будзе інфармаваць па тэлефоне, як ўсё ідзе, абяцаў, што больш як на тыдзень там не затрымаецца. У нас зь ім была дамоўленасьць, у яго былі зваротныя квіткі, на самалёт.

Дарэчы, мы зноў жа яго адгаворвалі ляцець самалётам. Ягоныя аргумэнты былі – што добрае, нармальнае самаадчуваньне, слабасьць ёсьць, але ня вельмі. Таму вырашыў ляцець самалётам, каб не зацягваць час на дарогу, каб праз пару гадзінаў быць там. Білеты зваротныя былі, і я павінен быў сустракаць яго ў аэрапорце".

(Навумчык: ) "23 траўня Васіль Быкаў і Ірына Міхайлаўна прыляцелі ў аэрапорт Мінск-2 на самалёце “Белавія” Як-40, які і здароваму чалавеку перанесьці часам нялёгка. Выходзячы з самалёта, Васіль Уладзіміравіч згубіў прытомнасьць.

Адразу па прыезьдзе ў Менск Васіль Уладзіміравіч даведаўся, што разам з Ірынай Міхайлаўнай іх пазбавілі прапіскі ў кватэры па Танкавай, якая была непрыватызаваная.

Гэта каштавала Быкаву багата нэрваў – такой разгубленасьці, такога адчаю ў голасе Быкава я ня чуў ніколі (такое ж уражаньне і ў Рыгора Барадуліна). Пры тым, што праскія лекары настойліва раілі пазьбягаць стрэсаў.

Пазьней прапіску аднавілі – выдаўшы Ірыне Міхайлаўне новы пашпарт, але ўжо бяз чэскай візы (такім чынам, вяртацца ў прызначаны час у Прагу, дзе быў заплянаваны чарговы курс лячэньня, Быкавы ўжо не маглі). Перакананы, што рана ці позна будзе вядома, ці была гэтая гісторыя з прапіскай выпадковасьцю, або сплянаванай уладамі акцыяй (асабіста я выключаю варыянт выпадковасьці). Але бясспрэчна, што гэты нэрвовы тыдзень быў фатальным – калі яшчэ перад самым адлётам з Прагі Васіль Уладзіміравіч адчуваў сябе адносна добра, дык ужо праз тыдзень стан здароўя рэзка пагоршыўся, і ён пайшоў на абсьледаваньне ў Бараўлянах".

(Сяргей Юрчанка: ) "Калі ён даказаў сваю рашучасьць ехаць у Беларусь, у Менск, тады мы, канечне, зрабілі ўсё магчымае, каб забясьпечыць.... Ведаеце, заўсёды лекар падазрае, што хай сабе два курсы хіміятэрапіі, два тыдні пацыент перанёс добра – але на трэці тыдзень можа нешта пагоршыцца. Таму мы спадзяваліся на супрацоўніцтва. Мы самі раілі яму зьвярнуцца ў выпадку вострай неабходнасьці ў Бараўляны, але – толькі ў выпадку вострай неабходнасьці. Калі ёсьць магчымасьць – вяртацца сюды, каб працягваць лячэньне.

На выпадак, калі б ён зьвяртаўся там да лекараў, – мы далі яму выпіску, у якой былі дыягназ, дозы прызначаных лекаў хіміятэрапэўтычных. І самае галоўнае – яны для высьвятленьня неабходных падрабязнасьцяў заўсёды маглі з намі скантактавацца. Мы далі кантакты на мэдыкаў, якія пасьля апэрацыі яго лячылі. Там быў адрас кампутарнай пошты, тэлефон. На жаль, ніхто нам не патэлефанаваў, ніхто нам не напісаў. Што нас, канечне, вельмі зьдзівіла.

Зразумела, што кожны шпіталь, кожны ўнівэрсытэт прытрымліваецца нейкай школы. Але я магу сказаць, што наш унівэрсытэцкі шпіталь у “Мотоле” – адзін з найсучасьнейшых, і лекары, якія тут працуюць, пастаянна бываюць на кангрэсах, на стажыроўках у Амэрыцы, у Англіі, ва ўсім сьвеце. І ўсё новае тут ўспрымаецца, ніякіх абмежаваньняў фінансавых на набыцьцё прэпаратаў ці абсталяваньня тут практычна не існуе. Тут выкарыстоўваюць самыя перадавыя мэтодыкі.

Можа быць, гэта адрозьніваецца крыху, альбо вельмі адрозьніваецца ад ўжо звыклых мэтодыкаў, якія ўжо гадамі існавалі ў Менску. Натуральна, што там нехта зь лекараў мог бы не пагаджацца з тым, што мы робім тут. Нехта можа і ня ведаць, што тут робіцца, гэта таксама зусім натуральна. І таму, канечне ж, мы разьлічвалі на звычайны кантакт з калегамі".

(Навумчык: ) "Аднак ніхто зь менскіх лекараў на кантакт з праскімі калегамі ні пад час знаходжаньня Быкава ў Бараўлянах не выходзіў. Ня выйшаў і потым. Затое прагучаў папрок, што за Быкавым у Празе не сачылі. Вось што сказаў ў перадачы БТ “Панарама” на наступны дзень пасьля сьмерці Быкава, 23 чэрвеня 2003 года, дырэктар НДІ ў Бараўлянах Іосіф Залуцкі: “Его прооперировавли 7 марта (на самой справе – 27 сакавіка– С.Н.) в Чехии. Он получил два курса химиготерапии, но никто за ним не наблюдал, курсы оказались неэффективными. Мы в таком случае всегда смотрим за больным». Да гэтых словаў аўтар тэлерэпартажу на БТ дадаў, што «Урачы адзінага ў краіне аддзяленьня інтэнсіўных мэтадаў лячэньня, дзе знаходзіўся Васіль Быкаў, таксама шкадуюць, што час быў упушчаны».

(Сяргей Юрчанка: ) "Хацелася б запрасіць гэтых людзей сюды, каб яны паглядзелі на самае сучаснае ў Чэскай Рэспубліцы аддзяленьне анастэзыялёгіі і рэанімацыі, дзе Быкава наглядалі цягам практычна ўсяго першага тыдня. Потым паглядзелі на клініку хірургіі прафэсара Паўка, дзе Быкаў быў пасьля рэанімацыі, у аддзяленьні інтэнсіўнай тэрапіі. І каб пазнаёміліся зь лекарамі, якія за ім сачылі. Ну і анколягі, якія амбулаторна яго наглядалі, мая жонка ў аддзяленьні для замежнікаў за ім таксама сачыла. Езьдзілі мы да яго і да хаты, і ён прыяжджаў на аналізы да нас праз пэўныя інтэрвалы. Калі гэта ўсё недастаткова – я ня ведаю, што павінна быць яшчэ.

Я думаю, што якая-небудзь ацэнка з майго боку дзеяньняў беларускіх лекараў неправамоцная. Але…. І якая-небудзь ацэнка дзеяньняў дзясяткаў чэскіх лекараў – людзьмі, якія нават з элемэнтарнага мэдычнага пункту гледжаньня не паклапаціліся даведацца пра працэс хваробы тут, што тут рабілася з моманту звароту Быкава ў лютым да ад''езду ў Менск... Гэта проста з этычнага боку, з мэдычнага боку – гэта абразьліва ў дачыненьні да тых лекараў, якія тут сапраўды (дзясяткі чэскіх лекараў!) імкнуліся зрабіць усё магчымае. І лекары гэтыя – вельмі высокага ўзроўню.

Інфармацыя пра тое, што ён хворы і што зробленая апэрацыя, была раней, яшчэ ўвесну. І ў той час ніякай цікавасьці, альбо прапановы дапамогі з боку беларускіх лекараў не было. І ніякіх водгукаў і крытыкі. А потым гэта ўсё абрынулася, нібыта як па камандзе.

(Навумчык: ) "Мэтад лячэньня, прызначаны Васілю Ўладзіміравічу ў Бараўлянах, кардынальна адрозьніваўся ад таго, што было ў Празе – дзе ён пачуваў сябе адносна няблага. Праскія лекары, як вынікае са словаў Юрчанкі, баяліся, каб не была прымененая хіміятэрапія праз кропельніцу. Але ў Бараўлянах яе прымянілі.

(Сяргей Юрчанка: ) "Я не бяруся абмяркоўваць альбо асуджаць дзеяньні лекараў у Беларусі і што рабілася пасьля прыезду Васіля Ўладзімеравіча ў Менск. Гэта, я думаю, яшчэ надоўга застанецца таямніцай альбо, ва ўсялякім разе, незразумелым. Бязь нейкіх фактаў альбо без гісторыі хваробы я, як лекар, наагул не магу пра гэта казаць. Але ў той жа час якраз зьдзіўляе рэакцыя беларускіх мэдыкаў на правільнасьць альбо няправільнасьць лячэньня тут.

Нармальна для кожнага лекара – спачатку высьветліць анамнез, гісторыю хваробы. Таму вельмі дзіўныя і вельмі незразумелыя паводзіны лекараў, якія мелі ў руках тэлефоны, кампутарны адрас лекараў тутэйшых – і не пацікавіліся ніякімі нават здымкамі, кампутарнай тамаграфіяй. Прайшоў жа месяц-другі, і можна было б нешта параўнаць. Гэта вельмі зьдзіўляе, і, канечне, наводзіць на думку, што гэта проста нейкае палітычнае асьляпленьне, але а ні ў якім разе не дзеяньні нармальнага лекара, які б ніколі так не зрабіў.

(Навумчык: ) "За два гады пасьля сьмерці Быкава ўлады не зрабілі нічога для захаваньня творчай спадчыны вялікага беларускага пісьменьніка і ўшанаваньня яго памяці. Наадварот – яны працягваюць душыць грамадзкую ініцыятыву ў Менску, Віцебску, Наваполацку, Горадні, у іншых гарадах, дзе людзі патрабуюць назваць вуліцы і бібліятэкі імем Быкава. Улады здолелі скараціць жыцьцё вялікага беларуса і намагаюцца зьнішчыць ягонае імя – але, на шчасьце, ёсьць катэгорыя, якая ім непадуладная – Вечнасьць".
  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

XS
SM
MD
LG