Лінкі ўнівэрсальнага доступу

39-ты дзень галадоўкі Сяргея Скрабца


Уладзімер Глод, Менск Паводле адваката Міхаіла Хоміча, Сяргей Скрабец працягвае галадоўку ў Берасьцейскім сьледчым ізалятары. Актыўны апазыцыянэр, кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня пратэстуе супраць арышту і абвінавачаньняў на свой адрас, якія лічыць беспадстаўнымі. Былы парлямэнтар абвінавачваецца па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу — падрыхтоўка да злачынства і хабарніцтва.

Адвакат Міхаіл Хоміч гаворыць, што Сяргей Скрабец па-ранейшаму не ўжывае нічога, акрамя вады:

(Хоміч: ) “Па-ранейшаму ён галадуе”.

Малодшы брат былога дэпутата, Аляксандар, спадзяецца, што галадоўка скончыцца літаральна празь дзень-два:

(Скрабец: ) “Вырашыў Сяргей да 40 дзён дацягнуць, думаю”.

Маці Сяргея Скрабца Ніна Рыгораўна ўпэўненая, што яе старэйшы сын не вінаваты. А на маё пытаньне, як яна пачуваецца, адказвае:

(Скрабец: ) “Як сябе можна адчуваць у такой сытуацыі?! Наагул нічога не зразумела — і за што трымаюць сына, і за што яго ўзялі. І што там у сьледзтва ёсць? Нічога ў іх не павінна быць. І ня можа быць. Але ж трымаюць. Хочуць зьніштожыць чалавека, і больш нічога”.

Тым часам жонка Сяргея Скрабца, Аляксандра Скрабец, гаворыць, што ейны муж пачаў пакрыху піць сокі. Яна спасылаецца на ліст, які атрымала з-за кратаў. У ім былы дэпутат піша, што пачаў піць сок выключна дзеля таго, каб перанесьці пераезд зь Берасьця ў Менск, паколькі ягоная справа перададзеная зь Берасьцейскай абласной пракуратуры ў рэспубліканскую. Аднак адвакат Хоміч ня лічыць гэтую інфармацыю праўдзівай. На ягоную думку, спадар Скрабец напісаў гэты ліст выключна дзеля таго, каб супакоіць жонку ды іншых родных.

Паводле адваката, Сяргей Скрабец не ўжывае нічога, акрамя вады. Апошнім разам ён пры сустрэчы з адвакатам вельмі зычліва казаў пра сваіх суседзяў па камэры. Іх, дарэчы, пяцёра:

(Хоміч: ) “Да яго ў камэры ўсё нармалёва адносяцца. Кампанія там сабралася дружалюбная — інтэлігентная. Гора, вядома, зьбліжае, і супярэчнасьці сьціраюцца. Там жа кожны са сваім болем сядзіць”.
XS
SM
MD
LG