Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дасьць афіцыйны Менск прытулак этыёпскім вайскоўцам?


Валер Каліноўскі, Менск Учора “Свабода” са спасылкай крыніцы ў сілавых струтурах паведамляла пра тое, што васьмёра грамадзянаў Этыёпіі папрасілі палітычнага прытулку ў Беларусі. Сёньня гэтую інфармацыю Свабодзе пацьвердзілі ў менскім прадстаўніцтве Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў.

З этыёпскіх крыніцаў сталі вядомыя прозьвішчы васьмёх лейтэнантаў авіяцыі, якія праходзілі стажыроўку ў Беларусі ў якасьці пілётаў зьнішчальнікаў Су-27 і папрасілі палітычнага прытулку. Інфармацыйны рэсурс www.ethiomedia.com паведамляе, што васьмёра пілётаў-лейтэнантаў дэзэртавалі і папрасілі абароны ад Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў.

Кіраўнік менскага прадстаўніцтва Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў Ілья Тадоравіч паведаміў, што этыёпскія пілёты папрасілі прытулку ў беларускіх уладаў, а не ў ААН, паколькі ягонае агенцтва не надае міжнароднай падтрымкі ўцекачам у тых краінах, дзе дзейнічае свая сыстэма наданьня прытулку, а такая сыстэма ў Беларусі працуе апошнія восем гадоў.

(Тадоравіч: ) “Гэтыя восем асобаў афіцыйна папрасілі прытулку ў Беларусі, і цяпер яны знаходзяцца пад абаронай Беларусі, пад абаронай заканадаўства аб уцекачах, якое гарантуе ім патрэбнае забесьпячэньне і абарону ў Беларусі ды немагчымасьць іх дэпартацыі падчас разгляду іх заяваў наконт прытулку”.

Спадар Тадоравіч ня мае інфармацыі аб тым, што этыёпскія ўлады зьвярнуліся да афіцыйнага Менску з патрабаваньнем вярнуць уцекачоў. Ня можа ён пацьвердзіць і сьведчаньняў, што васьмёра этыёпцаў фармальна дэзэртавалі з войска, паколькі яшчэ ня меў магчымасьці сустрэцца зь імі і праверыць усе абставіны. Тым ня менш, сьпіс прозьвішчаў гэтых людзей быў прадстаўлены ў ягонае ўпраўленьне.

Этыёпскія інтэрнэт-рэсурсы паведамляюць, што гэтыя восем афіцэраў нібыта мелі кантакты з двума лётчыкамі, якія тыдзень таму ўцяклі на баявым гелікоптэры ў Джыбуці пасьля таго, як адмовіліся страляць па мірных грамадзянах падчас хваляваньняў у Адыс-Абэбе. Урад Джыбуці вярнуў Этыёпіі гелікоптэр, але ягоных пілётаў ня выдаў. Назіральнікі зазначаюць, што дэзэрцірства яшчэ васьмярых пілётаў сьведчыць пра пагаршэньне справаў у цяперашняга этыёпскага рэжыму. Урад Этыёпіі настолькі не давярае пілётам, што прымушаў іх лятаць пад вартай узброеных жаўнераў.

6 чэрвеня ў Этыёпіі падчас хваляваньняў загінулі 26 чалавек, а лідэры апазыцыі былі арыштаваныя. Апазыцыя аспрэчвае вынікі парлямэнцкіх выбараў15 травеня.

Паколькі Беларусь і Этыёпія маюць шчыльныя вайсковыя кантакты, то зварот васьмярых пілётаў па прытулак ставіць афіцыйны Менск у вельмі нязручнае становішча, лічыць менскі вайсковы аналітык Аляксандар Алесін:

(Алесін: ) “Беларусь разьлічвае на атрыманьне замоваў ад Этыёпіі на рамонт, мадэрнізацыю тэхнікі, на пастаўкі ўзбраеньняў і на навучаньне этыёпскіх вайскоўцаў. І калі Беларусь надасьць гэтым пілётам прытулак, то сюды перастануць пасылаць на навучаньне. Акрамя таго, у Этыёпіі з савецкіх часоў працуюць нашыя інструктары. Таму, улічваючы патэнцыйны кошт супрацоўніцтва з Этыёпіяй, будзе над чым задумацца. А.Лукашэнка звычайна ня сварыцца з падобнымі рэжымамі. Гэта будзе дэмарш, калі ім дадуць прытулак, гэта засьведчыць, што Беларусь сумняецца ў легітымнасьці ўладаў гэтай краіны”.

Спадар Алесін не выключае, што беларускія ўлады могуць патрактаваць этыёпскіх пілётаў як дэзэрціраў і вайсковых злачынцаў — у выпадку, калі этыёпскія ўлады прызнаюць іх такімі ў судовым парадку.

У МЗС Беларусі ні пацьвярджэньня, ні абвяржэньня гэтай інфармацыі дагэтуль няма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG