Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лявон Баршчэўскі: “Належнае ўшанаваньне памяці Васіля Быкава ў Беларусі будзе толькі са зьменай улады”


Валянціна Аксак, Менск Ушанаваньне памяці Васіля Быкава за два гады пасьля ягонай сьмерці адбывалася толькі паводле грамадзкіх ініцыятываў, якія, на жаль, ня маюць магчымасьці выдаць поўны збор твораў пісьменьніка, усталяваць літаратурную прэмію ягонага імя, назваць ягоным імем вуліцы, школы, бібліятэкі, адкрыць музэй-кватэру і архіў, узьвесьці помнікі ва ўсіх мясьцінах, дзе ён жыў і працаваў. Беларуская ж дзяржава падобныя ініцыятывы грамадзкасьці абыходзіць маўчаньнем.

Мастацкі пленэр на радзіме Васіля Быкава ў ваколіцах вёскі Бычкі на Вушаччыне, зладжаны летась творчаю суполкаю “Пагоня” і потым некалькі выставаў па ягоных выніках, маленькая музэйная экспазыцыя ў гонар Быкава ў офісе грамадзкай арганізацыі ў Горадні, вуліца імя Быкава з трох дамоў у пасёлку Ждановічы, аўдыторыя імя Быкава на філфаку Белдзяржунівэрсытэту, перабудаваная хата бацькоў пісьменьніка, якой нададзены статус філіі Вушацкага музэю… Гэта, бадай, што і ўсе матэрыялізаваныя знакі памяці на радзіме пра самага вядомага ў сьвеце беларускага пісьменьніка. Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін так ацэньвае сытуацыю:

(Барадулін: ) “Памяць пра Васіля Быкава ў яго на радзіме практычна не ўшанаваная. Два гады толькі й рабілася афіцыйнымі ўладамі, афіцыйнаю прэсай, афіцыйнай прапагандай усё, каб замаўчаць імя Быкава”.

Камісія па ўвекавечаньні памяці Васіля Быкава, створаная ў жалобныя чэрвеньскія дні 2003 году пісьменьніцкай арганізацыяй, накіравала ва ўрад краіны свае прапановы. Адказу да сёньня няма. Гаворыць старшыня Саюзу пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч:

(Пашкевіч: ) “Без адказу гэтыя лісты, нават звычайнае адпіскі мы не атрымалі, не гаворачы ўжо пра месячны тэрмін па заканадаўстве”.

Пра стаўленьне ўладаў да памяці Васіля Быкава сьведчыць і наступны факт, пра які паведаміў Алесь Пашкевіч:

(Пашкевіч: ) “Можа, нават кур’ёзна гучыць наступны факт: Міністэрства культуры яшчэ не разьлічылася за жалобны стол па Быкаву ў Доме літаратара. Тысяча даляраў — гэта, аказваецца, непад’ёмная сума для кіраўнікоў міністэрства культуры”.

Ніякіх адказаў ад высокапастаўленых чыноўнікаў на свае прапановы па ўшанаваньні памяці Быкава не атрымаў і Беларускі ПЭН-цэнтар. Ягоны старшыня Лявон Баршчэўскі лічыць, што іншае рэакцыі ад цяперашняе ўлады чакаць не даводзіцца.

(Баршчэўскі: ) “Зьмена і належнае ўшанаваньне будзе толькі са зьменай улады — тут ужо відавочна. Таму што калі ў Менску застаюцца назвы вуліцаў тэрарыстаў — такіх, як Валадарскі, Гай і іншых, а для вуліцы Быкава месца не знаходзіцца, дык пра што трэба гаварыць: улада на баку тэрарыстаў, а не на баку пісьменьнікаў”.

Дзяржаўныя выдавецтвы ня выдалі за два гады ніводнае кнігі Васіля Быкава. Ягоная творчая спадчына даходзіць да чытача толькі дзякуючы незалежнаму часопісу “Дзеяслоў”, які вось ужо два гады амаль у кожным нумары друкуе новыя творы пісьменьніка, ды выдавецтвам суседніх краінаў: днямі ў Маскве зьявілася “Доўгая дарога дадому” ў перакладзе на расейскую мову Валянціна Тараса, і першы том чатырнаццацітомнага збору твораў на беларускай мове, а ў Кіеве выходзіць аднатомнік Быкава па-ўкраінску. Што праўда, як сказаў Алесь Пашкевіч, замежныя выдаўцы пры гэтым не заўсёды захоўваюць аўтарскія правы нашчадкаў пісьменьніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG