Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Полацкая інтэлігенцыя атрымала афіцыйны адказ датычна праспэкту Скарыны


Вінцэсь Мудроў, Полацак Нядаўна група інтэлігенцыі Полаччыны зьвярнулася да ўраду з калектыўным лістом, у якім прасіла яго кіраўніцтва “зрабіць усё магчымае дзеля захаваньня імя вялікага палачаніна ў назьве галоўнага праспэкту беларускай сталіцы”. І вось сёньня быў атрыманы афіцыйны адказ на такі зварот за подпісам начальніка ўправы культуры Менгарвыканкаму В.Кураша.

Адказ напісаны па-расейску. У ім паведамляецца, што галоўны праспэкт беларускай сталіцы бярэ свой пачатак з пляцу Незалежнасьці і зьяўляецца яго неад’емнай часткай. На праспэкце штогоду ўрачыста адзначаюцца Дні Незалежнасьці і сьвята Перамогі, апроч таго, у 1944 годзе там ладзіўся знакаміты партызанскі парад. З гэтай нагоды, паводле прэзыдэнцкага ўказу, праспэкт Скарыны быў пераназваны ў праспэкт Незалежнасьці.

Паводле аўтараў калектыўнага звароту, адказ начальніка ўправы культуры Менгарвыканкаму будзе імі захаваны для нашчадкаў у якасьці яскравага ўзору эпісталярнай казуістыкі.
XS
SM
MD
LG