Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску старшыню аднаго з жыльлёвых каапэратываў пракуратура пасадзіла пад хатні арышт


Браніслава Станкевіч, Віцебск Жыхары Віцебску зьбіраюць подпісы ў абарону старшыні жыльлёва-будаўнічага каапэратыву №127 Жаны Паповай, якая цяпер, паводле распараджэньня пракуратуры Кастрычніцкага раёну, знаходзіцца пад хатнім арыштам.

Сабраныя подпісы людзі хочуць даслаць асабіста Аляксандру Лукашэнку, бо яны перакананыя, што актыўнасьць спадарыні Паповай, якая дамагаецца выкананьня працоўных абавязкаў ад ўсіх камунальных службаў, вельмі не даспадобы мясцоваму кіраўніцтву.

Жыхары дома №30 корпус 3 па вуліцы Церашковай размаўляць са мною ў двары катэгарычна адмаўляліся. Толькі запрасіўшы мяне ў кватэру, двое тамтэйшых насельнікаў распавялі, што Жану Папову яны абралі старшынёй каапэратыву паўтара года таму. З тае пары Жана Ўладзімераўна дамаглася таго, што раённыя камунальныя службы ў доме замянілі трубы, навялі парадак у затопленым падвале першага пад''езду, паабяцалі зрабіць дзіцячую пляцоўку. А паралельна з гэтым адміністрацыя Кастрычніцкага раёну ініцыявала некалькі сходаў з тым, каб пераабраць ініцыятыўную спадарыню. Адзін з такіх сходаў раённае кіраўніцтва прапанавала правесьці нават у будынку раённае адміністрацыі, куды міліцэйскі патруль Жану Папову проста не пусьціў. Але адсунуць спадарыню Папову так і не ўдалося.

Калі я прапанавала паўтарыць усё гэта ў мікрафон, то зноў пачула адмову. Сябры каапэратыву патлумачылі, што баяцца выказвацца на карысьць Жаны Паповай. Менавіта таму яны прапанавалі таемна зьбіраць подпісы ў лісьце на імя Аляксандра Лукашэнкі, бо баяцца ўціску як з боку чыноўнікаў, так і з боку раённае міліцыі.

Справа ў тым, што на гэты момант Жана Папова знаходзіцца пад хатнім араштам, гаворачы казённаю мовай, “за гвалтоўныя дзеяньні ў дачыненьні да супрацоўніка міліцыі”. Размаўляць з журналістамі яна ня можа, і таму пра тое, як усё здарылася, распавядае прадстаўнік віцебскай філіі БГК Павал Левінаў, да якога спадарыня Папова мусіла зьвярнуца па дапамогу.

(Левінаў: ) “А 9-й раніцы ёй пазванілі ў дзьверы. Спадар назваўся сантэхнікам і папрасіў у яе ключ ад цеплапункту, дзе нешта трэба зрабіць. Яна адчыніла дзверы, і тут у кватэру ўварваліся трое ў цывільным, паспрабавалі ёй “заламаць” рукі..."

Далей Павал Левінаў распавёў пра падзеі, непасрэдным сьведкам якіх яму давялося стацца. Вырваўшыся, спадарыня Папова пабегла да суседзяў і пачала тэлефанаваць у міліцыю ды знаёмым. Яна была пэўная, што да яе ўварваліся рабаўнікі, але, калі яна зноў увайшла ў сваю кватэру ўжо разам з міліцыянтамі, свае міліцэйскія пасьведчаньні паказалі і трое невядомых. На той час яны ўжо пасьпелі адшукаць у кватэры дакумэнты каапэратыву і падрыхтаваліся выносіць сыстэмны блёк ад кампутара. На разьвітаньне яны паказалі пастанову на ператрус і заявілі, што шукалі сфальшаваныя дакумэнты. Калі ж спадарыня Папова абурылася, то міліцыянты выклікалі па тэлефоне кіраўніка Кастрычніцкага РАУСу спадара Пракаповіча. Тым часам Жана Папова напісала скаргу на дзеяньні міліцыянтаў на яго імя. Спадар Пракаповіч паабяцаў разгледзець яе цягам 15-ці сутак, а жанчыне загадаў зьбірацца ў ізалятар часовага ўтрыманьня, бо адзін зь міліцыянтаў паскардзіўся, што спадарыня Папова, адбіваючыся, падрапала яму руку. Са сьледчага ізалятару спадарыню Папову адпусьцілі, але цяпер яна знаходзіцца пад хатнім арыштам.

У пракуратуры Кастрычніцкага раёну кажуць, што абвінавачаньне спадарыні Паповай яшчэ не прад''яўлена, і пад хатнім арыштам яна можа знаходзіцца да 10-ці сутак. А дэпутатка Віцебскага гарсавету Вольга Карач пракамэнтавала выпадак з Жанай Паповай наступным чынам.

(Карач: ) "Ейная справа сфабрыкаваная, у мяне няма наконт гэтага ніякіх сумневаў. Яна пацярпела толькі за тое, што змушала нашыя выканаўчыя ўлады працаваць і выконваць загады прэзыдэнта. Толькі за гэта”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG