Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня адбудзецца чарговы раўнд перамоваў з палітыкамі, якія не далучаюцца да ўзгодненай працэдуры вылучэньня адзінага кандыдата


Алесь Дашчынскі, Менск Тыдзень таму сталая нарада дэмакратычных сілаў разгледзела прапановы, пададзеныя адным зь лідэраў сацыял-дэмакратаў Аляксандрам Казуліным і старшынём апякунскай рады фонду “За новую Беларусь” Васілём Лявонавым у справе стратэгіі дэмакратычных сілаў па вылучэньні адзінага кандыдата на прэзыдэнта. Сёньня ў Менску адбудзецца чарговае паседжаньне гэтай нарады.

Як адрэагавалі Казулін і Лявонаў на адказ “дзясяткі” і як пойдзе далей працэс аб''яднаньня? Прадстаўнікі “дзясяткі” гавораць пра тое, што гэты працэс складаны. Хаця на днях адбылася сустрэча сямёх патэнцыйных кандыдатаў на адзінага з амбасадарам ЗША ў Беларусі, раней падобная сустрэча адбылася з амбасадарамі краінаў Эўразьвязу, акрэдытаваных у Менску. На перамовах з дыпляматамі “патэнцыйныя” дэманструюць сваю гатоўнасьць да супольнай працы ў фармаце каманды. Грамадзкі лідэр Аляксандар Мілінкевіч намерваўся асабіста сустрэцца з усімі палітыкамі, якія плянуюць ісьці на выбары і пераканаць усіх быць разам. Спадару Мілінкевічу не ўдалося, аднак, правесьці сустрэчы з Лявонавым і Казуліным, яму лягчэй было размаўляць з генэралам Валерам Фраловым.

(Мілінкевіч: ) "Важней за ўсё аб''яднаць структуры, якія ёсьць у Беларусі – грамадзкія і палітычныя арганізацыі, а яны ў кангрэсе аб''яднаюцца. Другое, што важна зрабіць, гэта аб''яднаць патэнцыйных кандыдатаў. Я думаю, другая задача – маларэальная, што яе можна выканаць цалкам. Частка людзей згодзіцца быць у кааліцыі, частка можа пайсьці паасобку, тут у кожнага ёсьць свой выбар. Я думаю, частка людзей, якія сёньня кажуць, што яны хацелі быць кандыдатамі, усё ж такі далучыцца да кангрэсу, бо там, фактычна, усе дэмакратычныя сілы зьбяруцца. Я ня думаю, што ёсьць альтэрнатыва гэтаму”.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька нагадвае, што “дзясятка” абмеркавала сытуацыю й выпрацавала сваю пазыцыю. Цяпер слова за тымі, хто пакуль не далучыўся. Атрымліваецца, вяртацца да гэтага пытаньня пакуль няма патрэбы?

(Лябедзька: ) "Што да Лявонава, то тут ёсьць пастаянныя камунікацыі, і мы па выніках абмеркаваньня канстатавалі: прыкладна 80 адсоткаў пазыцый у нас супадаюць. Гэта якраз ёсьць рух наперад, тым больш Лявонаў зьяўляецца ўдзельнікам пастаянных сустрэч, якія праходзяць штотыдзень паміж патэнцыйнымі кандыдатамі. Так што тут праблем няма ніякіх. Што датычыць Казуліна, то мы гатовы размаўляць зь ім непасрэдна па ягоных прапановах. Улічваючы тое, што мы зь вялікай сур''ёзнасьцю адносімся да гэтых камунікацый, мы хацелі б размаўляць з Казуліным, бо гэта яго прапановы, а не з івановым, пятровым ці сідаравым. Так як мы не накіроўваем іванова, пятрова ці сідарава, таму павінны быць першыя асобы. Там пакуль што нічога не было, але па той прычыне, што мы сфармулявалі свае адносіны да прапаноў Казуліна і зараз чакаем, калі ён скажа, што ён падрыхтаваны, гатовы да перамоў, будзем сустракацца і размаўляць. Тут таксама няма ніякага тупіка ”.

Як ставіцца да магчымасьці аб''яднаньня Васіль Лявонаў? Ён працягвае крытыкаваць цяперашні мэханізм вылучэньня адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў, маўляў, людзі не разумеюць, што яны робяць і гуляюць па правілах, якія вызначае ўлада. Аднак спадар Лявонаў засьцерагае ад стварэньня нейкіх іншых цэнтраў.

(Лявонаў: ) "Да вызначэньня адзінага і да гульні па сцэнары, які выпрацаваў Лукашэнка, я ніколі не далучуся. Мая задача іншым гэта паказаць, каб яны таксама адмовіліся ад гэтай гульні. Трэба шукаць узаемнага пагадненьня, агульнага паміж усімі, у тым ліку, каб прыйшоў і Казулін".

Ці прыйдзе Аляксандар Казулін на перамовы зь дзейнай нарадай дэмакратычных сілаў? Гэта пытаньне, на якое пакуль няма адказу. А якія настроі ў той частцы патэнцыйных кандыдатаў, якія вагаюцца ці схіляюцца да супрацоўніцтва? Генэрал Валеры Фралоў не выключае, што можа памерыцца сіламі на званьне адзінага, але і гатовы працаваць у камандзе таго кандыдата, які будзе больш здатным для гэтага.

(Фралоў ) “Я думаю, што абмеркаваньне гэтай праблемы дастаткова своеасаблівае. Неяк мне здалося, што апошнім часам з тымі людзьмі, зь якімі я асабіста сябрую, зь якімі мы дасткова часта сустракаемся, у тым ліку і з “пяцёркай”, у нас усё больш і больш узаемаразуменьня. Да чаго мы прыйдзем у выніку, сёньня я ня стаў бы пра гэта гаварыць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG