Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васіль Быкаў: 22 чэрвеня мы задавольваемся старэчай эйфарыяй ад даўняй перамогі, якая на справе ёсьць перамога ня нашая


Інтэрвію Васіля Быкава Беларускай службе Радыё Свабода 22 чэрвеня 2002 году.

Эфір 22 чэрвеня 2002 году.

(C.Абламейка: ) «Сёньня — 61-я гадавіна нападу фашыстоўскай Нямеччыны на Савецкі Саюз. У гэты мы вырашылі пазваніць чалавеку, які прайшоў усю вайну на перадавой, а пасьля зрабіў вайну пераважнай тэмай сваёй творчасьці і стаў сусьветна вядомым пісьменьнікам. Гэта Васіль Быкаў. Я спытаўся ў яго, пра што яму думаецца ў гэты дзень у Нямеччыне?»

(В.Быкаў: ) «22 чэрвеня — невясёлая дата, чорная лічба календара. Для ўсяго чалавецтва, але для нас асабліва. Трохі нават дзіўна — столькі год, а ўсё помніцца. Найбольш, аднак, тымі, хто стаўся ахвярай — нашымі народамі, што на ўсход ад Нямеччыны. Немцы, як я зразумеў, хацелі б гэтую дату як мага хутчэй забыць. І гэта іх права, бо яны пацярпелі паразу. Параза, як вядома, малапрыемная рэч. Але гісторыя парадаксальная па сваёй сутнасьці. І так сталася ў часе, што пераможцы і пераможаныя нібы памяняліся ролямі. Яны — бы пераможцы, а мы — сапраўды пераможаныя, бо бедныя і зьняважаныя. Чаму так? Але гэта пытаньне для нас. Немцы на яго даўно адказалі. А мы не навучаныя разважаць гэткім чынам, мы задавольваемся старэчай эйфарыяй ад даўняй перамогі, якая на справе ёсьць перамога ня нашая. А чыя — во гэта таксама пытаньне, на якое наша грамадзкая думка дагэтуль ня мае выразнага адказу. Можа баімося? Ці гэткія дурні, што не разумеем? Ці нам не даюць зразумець... Але ж зразумець — ужо палова шляху да ісьціны. Відаць, другую палову суджана прайсьці ня нам. І тое крыўдна і балюча, асабліва 22-га чэрвеня».

(С. Абламейка: ) «Васіль Быкаў, як вы чулі, кажа, што пераможцы ў апошняй вайне даўно ўжо апынуліся ў ліку пераможаных і называе Перамогу — «ня нашай».

XS
SM
MD
LG