Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Група “Зьмяя” — уся дзеля вас!


Зьміцер Падбярэскі, Менск (эфір 18 чэрвеня) Новая перадача сэрыі “Па-за тактам”.

(Зьміцер Падбярэскі: ) “Празь нейкі месяц на звыклым месцы пад Гарадком, што на Беласточчыне, адбудзецца чарговы, ужо пятнаццаты фэстываль маладой беларускай музыкі “Басовішча”. А вось 22 чэрвеня ў Менску мае адбыцца адборачны тур прэтэндэнтаў на паездку. Сярод удзельнікаў — як калектывы, якія ўжо даволі вядомыя аматарам музыкі, так і зусім новыя. Што да першых, дык некаторыя зь іх ужо маюць выдадзеныя альбомы, пэўнае кола прыхільнікаў. Што ж вабіць іх на “Басовішча”? Што значыць для іх гэты фэстываль? Які, нарэшце, быў шлях гэтых выканаўцаў у музыку?

У спадзяваньні атрымаць адказы на гэтыя і, зразумела, іншыя пытаньні я запрасіў у студыю Беларускай “Свабоды” ўдзельнікаў аднаго з такіх калектываў — менскай групы з даволі агрэсіўнай назваю “Зьмяя”. Гэты калектыў летась мусіў выступіць у конкурснай праграме на “Басовішчы”, але з-за недарэчнага выпадку туды так і ня трапіў. Сёлета калектыў выдаў альбом “Усё дзеля вас” і зноў будзе ўдзельнічаць у адборачным туры. Што цікава: “Зьмяя” — гэта прадстаўнік менавіта той групы рок-ансамбляў, якія пачыналі, выконваючы песьні на расейскай мове, а згаданы альбом зьмяшчае толькі беларускамоўныя творы. Да таго ж, два музыканты групы адначасова выступаюць у складзе групы “Нэйра Дзюбэль”. Такім чынам, я вітаю вакалістку групы “Зьмяя” Зою Каральчук і гітарыста Ўладзімера Сахончыка.

Пачну адразу з такога даволі нетактоўнага пытаньня: як вы прыйшлі да беларускай мовы? Гэта адбылося натуральным чынам ці вам надта ўжо хацелася трапіць на “Басовішча”?”

(Зоя Каральчук: ) “Не з-за таго, што мы хацелі трапіць на “Басовішча”. У нас палова дэбютнага дэма-альбому складалася з расейска– і беларускамоўных песень. Мы спачатку пісалі на расейскай мове, потым ужо на беларускай мове. І гэта нам больш падабаецца. На мой погляд, кожная беларуская група павінна пісаць песьні на беларускай мове. Усё-такі яна свая, родная”.

(Уладзімер Сахончык: ) “Цяпер, калі Зоя прыдумвае нейкі новы тэкст, ён ужо адразу напісаны на беларускай мове”.

(Падбярэскі: ) “Для мяне гэта сапраўды загадка: што вызначае сёньня стылістыку маладых рок-камандаў? Мода, густы аднагодкаў? Чаму вы, напрыклад, не пачалі з блюзу, клясычнага гард-року, нарэшце?”

(Каральчук: ) “Пачыналі мы з даволі мэлядычнага року, калі я толькі прыйшла ў гурт “Зьмяя”. Потым, зь цягам часу, мы неяк перайшлі да больш цяжкай музыкі. Не ўплывае аніякая мода на нашую стылістыку”.

(Сахончык: ) “Зацыклівацца на нейкай пэўнай стылістыцы мы ня будзем”.

(Падбярэскі: ) “Падзяліцеся сакрэтам: вам сапраўды хацелася як мага хутчэй спадабацца раўналеткам? Яшчэ раз прабачце за нетактоўнае пытаньне… Але ж гэта, здаецца, натуральна: спадабацца як мага хутчэй!”

(Каральчук: ) “Пытаньне нармальнае. Мы не імкнуліся да гэтага і не імкнемся цяпер, каб спадабацца камусьці. Мы робім такую музыку, якая падабаецца нам самім, мы жадаем знайсьці такога слухача, які нас зразумее, які прыме нас такімі, якімі мы ёсьць. Першы наш альбом быў, я б так не сказала — дзіцячы, але ўсё ж такі пробны”.

(Падбярэскі: ) “Валодзя! А вось пытаньне да вас: у складзе “Зьмяі” вы іграеце зусім іншую музыку, чым у “Нэйра Дзюбэлі”. Вы не адчуваеце падваеньня асобы як музыкант? Бо ў “Нэйра Дзюбэлю” адна музычная стылістыка, а ў “Зьмяі” — зусім іншая”.

(Сахончык: ) “У “Нэйра Дзюбэлі” я прыдумваю нават ход нейкіх акордаў і аранжаваньне для гэтага гурта, але там я ніколі не змагу выконваць нейкага трэшу, а вось у складзе “Зьмяі” ў нас звычайна атрымліваецца так, што спачатку я прыдумваю музыку, а потым ужо Зоя накладвае на яе тэкст, піша ўжо галасавыя аранжаваньні. А вось у “Дзюбэлі” так: пакуль у Кулінковіча ня будзе тэксту, выдумляць нейкую музыку ня мае аніякага сэнсу!”

(Падбярэскі: ) “Так, у вас наадварот. Гэта значыць, што рэпэртуар калектыву складваецца не з калектыўнай творчасьці, а ў асноўным гэта творчасьць усё ж такі двух чалавек, менавіта вашая?”

(Каральчук: ) “У асноўным так. Але ж і наш бас-гітарыст Яўген Броўка таксама часам прыносіць нейкія ідэі, і мы з гэтага нешта робім. Для мяне лепш, калі ёсьць нейкі матэрыял, я тады магу адчуваць ягоную такую жыцьцёвую энэргетыку і з гэтай энэргетыкі ствараць нейкую такую гісторыю”.

(Сахончык: ) “У “Зьмяі” атрымліваецца такі касьцяк: дома я раблю нейкія накіды музыкі, а ўжо на рэпэтыцыях з групай дапаўняем гэта пэўнымі аранжаваньнямі”.

(Падбярэскі: ) “А вось якім бачыцца вам фэстываль беларускай рок-музыкі, які мог бы адбывацца ў Беларусі?”

(Каральчук: ) “Цікавае пытаньне… Я пра гэта ўжо неаднойчы думала. “Генэралы айчыннага року”, дапусьцім… Так, гэта проста вялікі такі зборны канцэрт, на які прыходзяць людзі, адпачываюць там, дзе выступаюць тыя калектывы, якія маюць ужо пэўную папулярнасьць, і тыя, хто ня мае магчымасьці зрабіць сольны канцэрт. А ўвогуле думаю, што маладым слухачам нецікава ісьці слухаць маладыя гурты, ім цікавей пайсьці на тых, каго яны ведаюць. А вось маладому гурту ў нас у Беларусі набыць нейкі статус вельмі, вельмі цяжка!”

(Падбярэскі: ) “Вы гэта, відаць, адчуваеце на ўласнай скуры “Зьмяі”.

(Каральчук: ) “І на скуры “Зьмяі” таксама! Проста я бачу, колькі ёсьць маладых гуртоў, якія насамрэч вельмі аддана ставяцца да ўласнае справы, яны таленавітыя, але ў іх амаль няма ніякай магчымасьці проста выказацца, паказаць сябе, замовіць за сябе слова. Калі б такія фэстывалі былі ў Менску, у Беларусі!..”

(Падбярэскі: ) “Пра незадаволенасьць… Яна ж можа выяўляцца ў розных формах. У адной зь песень вашага альбому я пачуў не зусім унармаваную лексыку. Гэта што — хвароба росту ці зноў-такі імкненьне спадабацца? Ці не апускаецеся вы такім чынам да ўзроўню шараговай аўдыторыі? Што нам адкажа аўтар тэксту?”

(Каральчук: ) “Ха! Размова ідзе, як я разумею, пра песьню “Ў яму”? Гэта адна з тых песень, для якой я напісала спачатку тэкст, а ўжо потым узьнікла музыка. Гэта быў нейкі крык душы, я нават неяк і не задумвалася над гэтым пытаньнем…”

(Падбярэскі: ) “Нават так?!”

(Каральчук: ) “Так, яна такой вось нарадзілася і такой вось і… памрэ!”

(Падбярэскі: ) “Значыць, як душа закрычала, такі і водгук быў… А, дарэчы, вы гэтую песьню на канцэртах выконваеце?”

(Сахончык: ) “Спачатку мы яе выконвалі, але цяпер у нас ужо крыху іншы рэпэртуар. У яго ўваходзяць песьні і са старога, і з новага альбомаў”.

(Каральчук: ) “Раней існаваў такі музычны клюб “NC”, дзе зьбіраліся маладыя гурты і гралі тое, што хацелі. Потым гэты клюб зачынілі”.

(Падбярэскі: ) “Вось, відаць, і зачынілі за тое, што гралі там, што хацелі. І сьпявалі, што хацелі…”

(Каральчук: ) “Так! А на больш культурызаваных, сур’ёзных мерапрыемствах іграем іншае”.

(Падбярэскі: ) “Зоя, яшчэ адно пытаньне да вас. На вокладцы вашага альбому напісана даслоўна “калі дзярэ горла Зоя Каральчук — самааддана і натхнёна”. Ня ведаю, ці можна тое ўспрымаць як камплімэнт, але ж жаночы вакал у мэталёвай стылістыцы насамрэч зьява даволі рэдкая. Як вы, Зоя, займаецеся сваім голасам?”

(Каральчук: ) “У мяне выкладчыка вакалу няма. Але я працую там, дзе ёсьць мастацкая самадзейнасьць, я наведваю заняткі хору, зь якім працуе выкладчыца, пэдагог, якая нас навучае, як сьпяваць, ставіць дыханьне. Яна мне вельмі дапамагла ў гэтым”.

(Падбярэскі: ) “На заканчэньне вось якое ў мяне да вас, магчыма, і нечаканае пытаньне. Назву дзясятага альбому вы яшчэ не абмяркоўвалі?”

(Каральчук: ) “Ну што вы?! Нам бы з другім яшчэ разабрацца! Што будзе далей — ня ведаем. Можа быць, мы потым ударымся ў клясыку…”

(Сахончык: ) “Вы, відаць, такім чынам хочаце даведацца аб нашых плянах на будучыню? Адносна стылістыкі можна сказаць, што ў нашай музыцы зробіцца больш фольку, цяпер з намі грае новы бубнач, Аляксандар Кузьмюк, ён прыйшоў з электроннай музыкі, а таму ў нас будуць гучаць такія электронныя барабаны”.

(Падбярэскі: ) “Што ж, будзе са спадзяваньнямі чакаць на вашую новую працу. Магчыма, вас у гэтым паспрыяе ваш (жадаю гэтага ад усяго шчырага сэрца!) ваш прыезд на “Басовішча” і прыз, які заахвоціць да хутчэйшага ўвасабленьня новага матэрыялу ў выглядзе новага кампакт-дыску. Нагадаю, што ўдзельнікамі чарговага выданьня праграмы “Па-за тактам” былі музыканты групы “Зьмяя” — Зоя Каральчук і Ўладзімер Сахончык — прэтэндэнты на паездку на фэстываль “Басовішча”. Дзякуй вам за гутарку і да новых сустрэчаў на хвалях Беларускай “Свабоды”!”
XS
SM
MD
LG