Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска-расейская праваабарончая камісія Савету пры прэзыдэнце Расеі пачынае працу


Алесь Дашчынскі, Менск Створаная на пачатку чэрвеня ў Маскве грамадзкая беларуска-расейская праваабарончая камісія Савету пры прэзыдэнце Расеі ў справе садзейнічаньня разьвіцьцю інстытутаў грамадзянскай супольнасьці і правох чалавека апублікавала 21 чэрвеня свой першы дакумэнт – афіцыйную заяву.

Гэтую заяву ўхваліў Савет пры прэзыдэнце Расеі, якім кіруе Эла Памфілава. У ёй гаворыцца, што цягам шэрагу гадоў беларускія праваахоўныя органы не могуць адказаць на пытаньне пра лёс зьніклых вядомых палітыкаў. Адначасова ў Беларусі працягваюцца палітычныя "зачысткі". У месцах зьняволеньня знаходзяцца вядомыя грамадзкія дзеячы і палітыкі, некаторыя асуджаны, а супраць іншых узбуджаны крымінальныя справы.

"Выклікае абурэньне той факт, што ўлады ў парушэньне міжнародных прававых і этычных нормаў фактычна ігнаруюць пратэст былога дэпутата Сяргея Скрабца, які ўжо больш за 30 дзён знаходзіцца пад вартай і праводзіць галадоўку пратэсту”, – гаворыцца ў заяве.

Сябра гэтай камісіі, намесьнік старшыні Беларускага Гэльсынскага камітэту Гары Паганяйла, ацэньваючы магчымасьці пошуку зьніклых палітыкаў, асабліва вялікіх ілюзій ня мае:

(Паганяйла: ) “На высокі палітычны ўзровень мы наўрад ці з гэтай тэмай зможам падняцца, але тым ня менш сам факт, што Расея жадае супрацоўнічаць у гэтых пытаньнях, ужо добра. Мы прадумаем сумесныя акцыі і ў рамках інфармаваньня грамадзянаў Расеі і ў справе абмеркаваньня на сур''ёзных пляцоўках.

Ня выключана што, мы паспрабуем арганізаваць слуханьні ў расейскай Думе па зьніклых палітыках у Беларусі. Магчыма, падключым да гэтай праблемы кампэтэнтныя органы Расеі. Мы прадставім матывіроўкі, што гэтыя злачынствы маглі быць завершаныя альбо плянаваліся на расейскай тэрыторыі, каб расейскія службы маглі ўключыцца ў рэальны пошук зьніклых ці ў нейкай форме ў расьсьледаваньне гэтых справаў. Такім чынам, гэтая тэма будзе мець працяг і на расейскай глебе”.

У дакумэнце гаворыцца, што дзейнасьць супольнай камісіі будзе сканцэнтравана на пяцёх кірунках. Ня менш важным будзе і выбарчае заканадаўства Беларусі. У заяве нагадваецца, што Беларусь ухілілася ад падпісаньня выбарчай канвэнцыі ў рамках СНД. Такім чынам, мінімальныя прававыя стандарты, якія б дазвалялі прызнаць беларускія выбары і рэфэрэндумы дэмакратычнымі, адсутнічаюць. Расея і краіны СНД ніколі не арганізоўвалі доўгатэрміновага назіраньня за беларускімі выбарамі і рэфэрэндумамі.

Камісія будзе займацца таксама абаронай свабоды сродкаў масавай інфармацыі. У заяве адзначаецца, што ў Беларусі практычна не функцыянуе інстытут недзяржаўных грамадзка-палітычных мэдыяў. Рашэньнем беларускага ўраду спыненая праца карпункта РТР, за апошнія некалькі гадоў зь Беларусі дэпартаваныя некалькі расейскіх тэлежурналістаў. У цэлым істотна скарочаны час вяшчаньня расейскіх тэлеканалаў, спынена вяшчаньне шэрагу радыёстанцый, а ў некаторых расейскіх газэтаў узьніклі праблемы з адкрыцьцём карпунктаў у Менску.

Яшчэ адзін накірунак дзейнасьці камісіі зьвязаны са свабодай асацыяцый. У заяве гаворыцца, што ў Беларусі паэтапна ліквідуюцца ўмовы для існаваньня і нармальнай дзейнасьці незалежных грамадзкіх і праваабарончых арганізацый.

Справай камісіі будзе абарона правоў расейцаў у Беларусі і беларусаў у Расеі. Да прыкладу, расейцы ў Беларусі не могуць скарыстацца паслугамі расейскіх адвакатаў, што істотна абмяжоўвае іх права на судовую абарону. Дагэтуль ніводная арганізацыя не займалася маніторынгам парушэньняў правоў расейцаў у Беларусі і беларусаў у Расеі і абаронай гэтых правоў.

У сваей дзейнасьці камісія плянуе арыентавацца на супрацоўніцтва з шырокімі слаямі беларуска-расейскай грамадзкасьці. Паседжаньні камісіі адкрытыя для ўдзелу зацікаўленых прадстаўнікоў грамадзкіх і праваабарончых арганізацый, афіцыйных органаў і экспэртных колаў абедзьвюх краін. Забесьпячэньне дзейнасьці камісіі ўскладзена на дзейны пад эгідай Савета пры прэзыдэнце Расеі міжнародны праваабарончы цэнтар. Сустаршынямі камісіі абраны палітоляг Сяргей Караганаў і генэрал Валеры Паўлаў, каардынатар сувязяў беларускіх дэмакратычных рухаў з Расеяй. У склад камісіі ўвайшлі шэраг вядомых асобаў з Расеі і Беларусі, сярод іх, са статусам назіральніка, упаўнаважаны ў правох чалавека Расеі Уладзімер Лукін.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG