Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Немцы па-рознаму ацэньваюць шанцы беларусаў на "каляровую рэвалюцыю"


Алена Струвэ, Менск У часе маючай адбыцца ў сераду сустрэчы паміж кіраўнікамі зьнешнепалітычных ведамстваў ЗША й Нямеччыны Кандалізай Райс і Ёшкам Фішэрам разам з сытуацыяй ў Іране будзе абмяркоўвацца і палітычнае разьвіцьцё ў Беларусі, Расеі і Аўганістане, паведамляе газэта "Handelsblatt".

Нямецкія выданьні спасылаюцца на выніковую рэзалюцыю, прынятую ў часе саміту ЗША-Эўразьвяз, у якой адзначаецца намер абодвух бакоў працягваць каардынацыю ў намаганьнях па прасоўваньню дэмакратыі, вяршынства закону і павагі правоў чалавека ў Беларусі. Тым часам, аглядальнікі Інтэрнэт-выданьня politikerscreen.de выказваюць пэўны скепсіс. Яны лічаць, што ўсе пляны заходніх актораў могуць толькі справакаваць чарговую жорсткую рэакцыю з боку беларускага рэжыму.

Як пішуць аглядальнікі нямецкага politikerscreen.de, “пакуль ў Беларусі не галадуюць, Лукашэнка можа быць упэўненым, што ў ягонай краіне не адбудзецца ніякай каляровай рэвалюцыі. Хаця, безумоўна, напалоханы падзеямі ва ў суседняй Украіне, рэжым Лукашэнкі дэманструе сваю нэрвовасьць. У выніку падаўляюцца акцыі пратэсту, зачыняюцца апазыцыйныя структуры, перасьледуюцца апанэнты рэжыму".

Аўтары выданьня досыць крытычна ставяцца да меркаваньняў экспэрта нямецкай Фундацыі навукі і палітыкі Райнэра Лінднэра, які робіць галоўную стаўку на Расею і бачыць найважнейшую задачу эўрапейцаў ў падрыхтоўцы расейскай грамадзкай думкі да магчымых пераменаў у Беларусі.

Паводле нямецкага Інтэрнэт-выданьня, пэрспэктыва дэмакратычнай рэвалюцыі ў Беларусі можа прывесьці да канфрантацыі Эўразьвязу з Расеяй. "Страта" Беларусі (пасьля таго як ад Расеі адышла Ўкраіна) ня могуць задаволіць Пуціна. Магчымае разьвіцьцё ў выніку падобнай канфрантацыі можна прадбачыць, – піша нямецкі журналіст на politikerscreen.de.

Тым часам, як вынікае з артыкулу бэрлінскага аналітыка Аляксандра Рара, які зьмешчаны ў сёньняшняй нямецкай “Die Welt”, аўтарытарныя рэжымы ў постсавецкіх рэспубліках апынуліся ў складанай сытуацыі. Асабліва гэта тычыць Беларусі і Казахстану, у якіх чакаюцца прэзыдэнцкія выбары. Паводле Аляксандра Рара, яшчэ ніколі заходні ўплыў на постсавецкай прасторы ня быў такім моцным як цяпер.

Што да былога кіраўніка місіі АБСЭ ў Менску Ганса-Георга Віка, дык ў сваёй "Праграме падтрымкі палітычнай альтэрнатывы ў Беларусі" ён указвае на неабходнасьць Эўропы і Нямеччыны ў падтрымцы беларускай грамадзянскай супольнасьці. Паводле ягоных словаў, гэта неабходна дзеля таго, каб у выпадку зьменаў у кіраўніцтве краіны мець жыцьцяздольныя структуры. Спадар Вік не падзяляе меркаваньняў тых аналітыкаў, якія лічаць, што Эўразьвяз цяпер далёкі ад эўрапейскіх праблемаў і толькі ЗША мае клопат што да Беларусі.

(Вік: ) “ЗША маюць свае ўласныя праблемы, і яны ня ў стане падтрымаць грамадзянскую у супольнасьць у такіх недэмакратычных краінах як Беларусь. Пры ўсіх праблемах Беларусі ЗША ня зробяць гэтага, як бы яно не было б неабходна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG