Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці будзе рэфэрэндум у Менску?


Альгерд Невяроўскі, Менск У Менску прайшоў сход ініцыятыўнай групы па правядзеньні гарадзкога рэфэрэндуму ў справе перайменаваньня цэнтральных вуліцаў і праспэктаў. Удзельнікі сходу прынялі рашэньне аб стварэньні ініцыятыўнай групы, сьпіс праектаў пытаньняў, і зварот да менскіх уладаў з заклікам зарэгістраваць групу. Ініцыятары правядзеньня рэфэрэндуму ня вельмі спадзяюцца, што ўлады дадуць дазвол на яго правядзеньне.

У сходзе ініцыятыўнай групы па правядзеньні гарадзкога рэфэрэндуму, які праходзіў у штаб-кватэры партыі БНФ, удзельнічала больш за 100 чалавек. Гэта актывісты палітычных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў і проста неабыякавыя да лёсу гістарычных назваў грамадзяне. Вось, што сказаў перад пачаткам сходу яго ініцыятар, намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Альфер:

(Альфер: ) “ Сёньня адбываецца сход ініцыятыўнай групы менскага гарадзкога рэфэрэндуму, які будзе мець для ўладаў абавязковы характар, у справе вяртаньня назваў вуліцаў, якія былі перайменаваныя ўказам Лукашэнкі ад 7 траўня. Першае, што будзе рабіць група – гэта хадзіць да натарыюса й завяраць свае подпісы. На працягу тыдня мы пададзім увесь камплект дакумэнтаў на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы й пытаньні рэфэрэндуму і будзем чакаць. Цягам месяцу ўлады павінны вырашаць – рэгістраваць ці не”.

Калі ўлады згадзяцца на правядзеньне рэфэрэндуму то ён можа адбыцца на пачатку наступнага году. Бо цягам месяцу гарвыканкам будзе разглядаць прапанову ініцыятыўнай групы, яшчэ два месяцы даецца на збор 100 000 подпісаў жыхароў Менска, і тры месяцы ўласна на падрыхтоўку да рэфэрэндуму. Але ініцыятары правядзеньня рэфэрэндуму не спадзяюцца, што ўлады рэфэрэндум дазволяць. Гаворыць старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Мы ведаем, што нашая абсалютна законная ініцыятыва хутчэй за ўсё ня знойдзе водгуку ва ўладаў. Яны прыдумаюць спосабы, як не зарэгістраваць нашую ініцыятыўную групу. Да гэтага трэба быць псыхалягічна гатовымі. Але менавіта таму мы з вамі павінны працягваць адукацыйную працу сярод нашых грамадзянаў. Мы з вамі выходзілі й будзем выходзіць на гвалтоўна перайменаваныя вуліцы й тым самым спакваля, але няўхільна рыхтаваць вяртаньне свабоды, дэмакратыі й сапраўднай гістарычнай памяці ў нашую шматпакутную Бацькаўшчыну”.

Пераважнай большасьцю галасоў удзельнікі сходу прынялі рашэньне аб стварэньні групы, зацьвердзілі сьпіс пытаньняў (асобныя камуністы прапаноўвалі вярнуць галоўнаму праспэкту Менску імя не Скарыны, а Леніна), і зварот да гарадзкіх уладаў. Старшынём ініцыятыўнай групы абраны Сяргей Альфер.
XS
SM
MD
LG