Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мазыры ўлады спрабавалі сарваць сход па абраньні дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў


Казімер Яноўскі, Мазыр У Мазыры вялікая група міліцыянтаў праз правакацыі спрабавала сарваць сход мясцовых актывістаў па абраньні дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў. Перадае наш гомельскі карэспандэнт.

Блізу 19-й гадзіны ў прыватны дом каля Прымаставога пляцу, дзе адбываўся сход па абраньні дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў, уварваліся чацьвёра міліцыянтаў зь відэакамерай. Яны заявілі, што ў пастарунак паступіў тэлефонны званок пра бойку ў доме.

Гаворыць каардынатар сходаў у рэгіёне Андрэй Толчын:

(Толчын: ) “Міліцыянты прыбылі па той прычыне, што тут нібыта вядзецца нейкая бойка. Ніякай бойкі тут не было. Міліцыянты проста зайшлі ў дом і пачалі здымаць. Здымкі вяліся відэакамэрай. І ўжо пытаньне не прабойку, яны кажуць, што тут праводзіцца сход”.

На сход у Мазыр прыехалі вядомыя ў краіне палітыкі – Станіслаў Шушкевіч, Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька.

Прашу ў спадара Лябедзькі распавесьці, што зараз адбываецца ў прыватным доме, дзе сабралася звыш 40 мазырскіх актывістаў і куды прыехала шмат міліцыянтаў:

(Лябедзька: ) “Было б правільна сказаць, што маразм крапчае. Усё пачыналася зь сяржантаў і старшын, а цяпер ужо тут падпалкоўнікі – чалавек 15 міліцыянтаў.

Людзі, якіх мы ўтрымліваем за свае грошы, за свае падаткі, замест таго, каб змагацца са злачыннасьцю, не дапускаць, каб людзей рабавалі, забівалі, яны прыяжджаюць і перашкаджаюць людзям у прыватным доме.

Міліцыянты гавораць абсалютна абсурдныя рэчы. Чуць такое з вуснаў падпалкоўніка, які, лягічна спадзявацца, зьяўляецца юрыстам, – гэта проста абсурд. Ён кажа, што зараз людзей па адным будуць забіраць у пастарунак і там высьвятляць абставіны нейкай бойкі, якую тут ніхто не бачыў”.

Групу мазырскіх міліцыянтаў, што спрабавалі сарваць сход па абраньні дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў, ачольваў намесьнік начальніка аддзелу ўнутраных спраў падпалкоўнік Леанід Чобчыц. Правакацыя не ўдалася, і сход нарэшце абраў дэлегатаў на Кангрэс.

Жыхары з суседняга дому засьведчылі, што міліцыянты на аўтамашыне нават прывезьлі двух п''яных мужчын і паказалі: трэба ламацца ў прыватнае домаўладаньне кіраўніка абласной арганізацыі АГП Леаніда Арлова, дзе распачаўся сход... Так і зьявіўся сыгнал пра "бойку" ў доме, закрестраваны міліцыянтамі.
XS
SM
MD
LG