Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Кіеве вялікую цікавасьць выклікаў фільм “Васіль Быкаў: Вяртаньне”


Паўло Зуб’юк, Кіеў Сёньня ў інфармацыйнай агенцыі УНІАН адбылася прэсавая канфэрэнцыя да дня беларускае нацыянальнае жалобы за Васілём Быкавым, пад час якой была прэзэнтаваная дакумэнтальная кінастужка “Васіль Быкаў: Вяртаньне”.

Прэсавую канфэрэнцыю і паказ фільму арганізаваў Украінска-беларускі клюб. Гэта першае мерапрыемства арганізацыі. Каардынатар Украінска-беларускага клюбу Віталь Ішчанка лічыць, што пахаваньне Васіля Быкава – гэта прыклад таго, як беларусы здольныя аб’яднацца вакол сваіх нацыянальных каштоўнасьцяў. Менавіта таму патрэбна, каб украінцы убачылі фільм “Васіль Быкаў: Вяртаньне”:

(Ішчанка: ) "Мы бачым, што людзі прыйшлі, людзі, якія ня могуць сабрацца бяз страху 20 чалавек у цэнтры Менску, апанавалі праспэкт і пайшлі правесьці Вялікага беларуса, як называюць Васіля Быкава ў Беларусі".

На канфэрэнцыі прысутнічаў сакратар Саюза пісьменьнікаў Украіны Вячаслаў Мэдвідзь. Ён заявіў, што Васіль Быкаў – вельмі неабыякавая для украінскіх пісьменьнікаў фігура:

(Мэдвідзь: ) "Я лічу што трэба Быкаўскія чытаньні, якія штогод праходзяць у Беларусі, куды нас запрашаюць, вывесьці ва Ўкраіне на больш паважаны ўзровень. Мабыць, гэтая прэзэнтацыя фільму стане пачаткам гэтага".

Выступалі перад запрошанымі на канфэрэнцыю журналістамі і стваральнікі фільму.

Віктар Корзун, рэжысэр, дакумэнталіст:

(Корзун: ) "Вельмі важна, што новая Ўкраіна зараз сымпатызуе Беларусі і дапамагае чым можа. І хаця нават прайшло ня так шмат часу з памаранчавай рэвалюцыі, бачна, што такімі акцыямі Ўкраіна спрабуе нейкім чынам дапамагчы, салідарызавацца зь Беларусьсю".

Сьпявачка Кася Камоцкая, прадусар фільму:

(Камоцкая: ) "У дадзенай сытуацыі выступаю як прадусар фільму “Васіль Быкаў: вяртаньне”. Я, шчыра кажучы, уражаная вялікай цікаўнасьцю ўкраінскіх журналістаў да нашага фільму. Тут было столькі камэраў, столькі журналістаў, шчыра кажучы, я думала, што гэта будзе іначай. Можна спадзявацца, што увага да нас прынясе нейкі плён."

Заўтра ў Саюзе пісьменьнікаў Украіны адбудзецца імпрэза, прысьвечаная памяці Васіля Быкава. Там таксама будзе прадэманстраваны фільм “Васіль Быкаў: Вяртаньне”.
XS
SM
MD
LG