Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці прасілі грамадзяне Эфіёпіі палітычнага прытулку ў Беларусі?


Ігар Карней, Менск Паводле крыніцаў у сілавых органах, васьмёра грамадзянаў Эфіёпіі папрасілі палітычнага прытулку ў Беларусі. Згодна з папярэднімі дадзенымі, усе яны зьяўляюцца пілётамі грамадзянскай авіяцыі і маглі патрапіць у Беларусь з Расеі.

Узяць на сябе адказнасьць і афіцыйна пацьвердзіць гэтую інфармацыю ніхто ў дзяржаўных ведамствах не рызыкнуў. Вось што распавёў супрацоўнік прэсавай службы Міністэрства ўнутраных справаў Віктар Новікаў:

(Новікаў: ) “У справе Эфіёпіі адзінае, што мы на цяперашні момант ведаем – Дэпартамэнт грамадзянства і міграцыі (а менавіта ён займаецца пытаньнямі прадстаўленьня статусу ўцекачоў) такую інфармацыю ня мае права разгалошваць у мэтах забесьпячэньня бясьпекі альбо непасрэдна ўцекачоў, альбо асобаў, якія хадайнічаюць аб наданьні ім такога статусу”.

У сваю чаргу, прадстаўнік беларускага МЗС Руслан Есін параіў не сьпяшацца з высновамі і пачакаць разьвіцьця падзеяў.

(Есін: ) “Скажу так: мы не абвяргаем і не пацьвярджаем інфармацыю. Давайце будзем чакаць нейкіх падрабязнасьцяў заўтра”.

Між тым, галоўнай загадкай застаецца тое, якім чынам маглі трапіць у Беларусь афрыканскія пілёты. У авіяцыйных і ваенных навучальных установах Менска грамадзяне Эфіёпіі дакладна ня вучацца. У сваю чаргу, у Дзяржаўным камітэце авіяцыі таксама адзначылі, што паветраных стасункаў з гэтай афрыканскай краінай зараз не існуе, хоць раней беларуска-эфіёпскія сувязі былі досыць трывалыя. Пра гэта расказвае супрацоўнік Дзяржкамітэту авіяцыі Вадзім Біцан.

(Біцан: ) “Прыяжджаў у Беларусь яшчэ ў савецкія часы малады хлапец, які аказаўся “злыднем”, якіх сьвет ня бачыў. Гэта быў прэзыдэнт Эфіёпіі Хайле Марыям, якія потым зьмяніў прозьвішча на Селасі. Тады ў нас усталяваліся нават цесныя адносіны. Але ў пазьнейшы час сувязяў ужо не было: там распачаўся голад, бедзтвы, таму паступова з Эфіёпіяй усе кантакты згарнуліся. Тым больш, на ўзроўні грамадзянскай авіяцыі”.

Паводле справаздачаў ААН, Эфіёпія лічыцца адной з найбяднейшых дзяржаваў афрыканскага кантынэнту, таму грамадзяне гэтай краіны карыстаюцца любой магчымасьцю кардынальна зьмяніць сваё жыцьцё. Падаецца, што ў гэтым шэрагу нават Беларусь зьяўляецца для іншых бяднейшых краінаў жаданым кутком. Праўда, беларуская статыстыка сьведчыць на тое, што шанец атрымаць тут нават статус уцекача зусім мінімальны. Па іроніі лёсу, якраз учора адзначаўся міжнародны Дзень уцекача, і было агучана, што ў Беларусі ад сярэдзіны 90-х толькі лічаныя адзінкі атрымалі від на жыхарства.

Разам з тым, прадстаўнік Дзяржкамавія Вадзім Біцан не выключае, што эфіёпскія лётчыкі, якія выконваюць рэгулярныя і чартэрныя рэйсы ў Расею, маглі трапіць у Беларусь менавіта адтуль.

(Біцан: ) “Яны маглі праз Расею сюды трапіць. З Эўропы аб’ектыўна не маглі сюды трапіць ніяк, толькі калі з Расеі ці Ўкраіны. З Эфіёпіі сюды ніхто не лятае, таму як патрапілі сюды гэтыя пілёты – ніхто ня ведае. І ў нашым цэнтры каардынацыі таксама кажуць, што няма тут эфіёпскіх канцоў”.

Эфіёпія ня мае свайго дыпляматычнага прадстаўніцтва ў Беларусі, таму спраўдзіць інфармацыю пра падобныя “людзкія страты” пакуль таксама немагчыма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG