Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Скрабец 38-мы дзень галадае за кратамі сьледчага ізалятару


Уладзімер Глод, Менск Пра гэта 21 чэрвеня нашаму радыё паведаміў Міхаіл Хоміч — адвакат былога дэпутата, які сёньня наведаў свайго падабароненага ў ізалятары. Апазыцыянэр, кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня пратэстуе супраць арышту і абвінавачаньняў на свой адрас, якія лічыць беспадстаўнымі. Былы парлямэнтар абвінавачваецца па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу — падрыхтоўка да злачынства і хабарніцтва.

Адвакат Хоміч пасьля сёньняшняй размовы зь Сяргеем Скрабцом зноў пераканаўся ў тым, што ягоны падабаронны ня бачыць ніякіх іншых сродкаў, каб выказаць свой пратэст супраць незаконнага, на ягоную думку, затрыманьня і арышту. Таму ён вымушаны працягваць галадоўку:

(Хоміч: ) “Ён галадае...”

(Карэспандэнт: ) “І сёньня таксама?”

(Хоміч: ) “Так. 38 дзён мы налічылі”.

Спыніць галадаваньне экс-парлямэнтар згодны толькі пасьля таго, як яму будуць створаныя годныя ўмовы для выхаду з галадоўкі. Я папрасіў адваката патлумачыць, што маецца на ўвазе пад словамі “годныя ўмовы”.

(Хоміч: ) “Ён гаворыць, што ягоныя затрыманьне ды арышт незаконныя. У тым, што яму інкрымінуюць, ён ня ўдзельнічаў. Спадар Скрабец хоча, каб яму зьмянілі меры стрыманьня на падпіску пра нявыезд альбо хатні арышт. Яго ж павінны ахоўваць у хаце”.

Спадар Хоміч паведаміў таксама, што Сяргей Скрабец пакуль не прымае ніякай ежы, толькі п’е звычайную ваду. Былы дэпутат спадзяецца на свой досьвед у справе галадаваньня, сьцьвярджае ягоны адвакат:

(Хоміч: ) “Выказаў думку, што яшчэ можна галадаваць”.

Аднак паводле адваката, відаць, што былы парлямэнтар выглядае ўсё горш і горш.

(Хоміч: ) “Сёньня, калі мы размаўлялі, бачыў, што ён згубіў шмат вагі. Высьвятляецца, што ён звычайна важыць дзесьці 98, нават да 100 кіляграмаў. А цяпер у яго засталося толькі 74 кілаграмы. Арганізм як бы згарае”.

Адвакат паведаміў таксама, што Сяргей Скрабец надзвычай спакойна паставіўся да таго, што ягоную справу надалей будзе весьці не Берасьцейская абласная пракуратура, як раней, а рэспубліканская. Экс-дэпутат упэўнены, што ступень ягонага пакараньня не залежыць ад супрацоўнікаў пракуратуры, якога б узроўню яна ні была. Былы дэпутат перакананы, што ягоная справа палітычная, а таму і прысуд будзе вынесены па-за межамі праваахоўных органаў.

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла зьвярнулася да Сяргея Скрабца з просьбай спыніць галадоўку. Аналягічны зварот прыняло і кіраўніцтва Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Сьледзтва лічыць, што былы дэпутат падбухторваў жыхара гораду Бяроза даць хабар 30 тысяч даляраў супрацоўнікам Берасьцейскіх пракуратуры і абласнога суду, каб тыя паспрыялі вынясеньню апраўдальнага прысуду жыхару вёскі Альшаны Пінскага раёну Грыбу. Пазьней той быў асуджаны на 24 гады пазбаўленьня волі за цяжкія злачынствы. У гэтай вёсцы жывуць родныя жонкі Сяргея Скрабца.

Сяргей Скрабец летам 2004 году ўдзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў, якія патрабавалі дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. Летась у кастрычніку ён зьвярнуўся да прэзыдэнта Расеі з просьбай пра палітычны прытулак, аднак атрымаў адмоўны адказ. Сёлета ў красавіку Беларускае тэлебачаньне паказала сюжэт, у якім сьцьвярджалася, што спэцслужбы затрымалі кур’ера, які вёз зь Вільні 200 тысяч даляраў — нібыта для фінансаваньня палітычнай дзейнасьці Сяргея Скрабца.
XS
SM
MD
LG