Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму спатрэбілася ўводзіць абавязковую школьную форму?


Юлія Шарова, Менск Увядзеньне агульнай школьнай формы не прынясе карысьці — так лічаць псыхолягі, вытворцы адзеньня для школьнікаў ды іншыя спэцыялісты. Хаця яны і не адмаўляюць, што асобным прадпрыемствам будзе выгадна атрымліваць дзяржаўную замову на выпуск форменнага адзеньня. Міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў заявіў, што ўжо з наступнага навучальнага году можа быць абмежаваны набор адзеньня для школы.

Пазыцыя Міністэрства адукацыі зразумелая: школьная форма дысцыплінуе, наладжвае на працу, нівэлюе розьніцу ў дабрабыце сем’яў. Такім чынам, адзіная форма будзе адпавядаць прынцыпам сацыяльнай справядлівасьці. Так заявіў міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў, калі абмяркоўваліся мадэлі школьнага адзеньня, прапанаваныя прадпрыемствамі канцэрну “Беллегпрам”.

Старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа бачыць у гэтым толькі выгаду для прадпрыемстваў, што шыюць школьнае адзеньне. Ім прасьцей будзе выпускаць аднолькавае адзеньне, да таго ж на дзяржзамову, чым прыслухоўвацца да патрэбаў самых розных спажыўцоў.

(Патупа: ) “Так, нядрэнна падтрымліваць нашыя індустрыяльныя колы. Але няхай там будзе дзяржаўная замова на дзесяць мільёнаў сукенак — няхай увесь беларускі народ будзе ў аднолькавых шэрых сукенках бегаць, і нашая прамысловасьць будзе расьці на сто адсоткаў штогод”.

Кіраўніца адной з фабрык, якая выпускае школьную вопратку, наадварот цьвердзіць, што ўвядзеньне адзінай школьнай формы не прынясе вялікай выгады прадпрыемствам лёгкай прамысловасьці. Ейная фабрыка выпускае шмат розных мадэляў адзеньня для школьнікаў і ня мае праблемаў з рэалізацыяй. Мадэлі распрацоўваюцца з улікам пажаданьняў саміх дзяцей, таму і карыстаюцца попытам.

(Спадарыня: ) “Выжывем мы з рознымі мадэлямі, я вам гарантую. І я супраць інкубатара. Я за тое, каб распрацавана было, напрыклад, дзесяць варыянтаў. І я дзесяць варыянтаў, калі атрымаю замовы, я іх буду праганяць. Але дзесяць варыянтаў — гэта добры выбар, праўда?”

Са словаў маёй суразмоўцы, вяртаньня ў савецкую эпоху, адным з сымбаляў якой была адзіная школьная форма, быць ня можа. Што да аргумэнтаў наконт сацыяльнай справядлівасьці, якую быццам бы ўсталёўвае агульная школьная форма, то кіраўніца прадпрыемства лічыць: аднолькавая вопратка не пазбавіць ад комплексаў дзяцей зь небагатых сем’яў. Прасьцей шыць вопратку дзелавога стылю з тканінаў рознай якасьці.

Псыхоляг Вольга Андрэева ў 1991 годзе адпраўляла свайго сына менавіта ў тую школу, дзе ўжо адмянілі агульную форменную вопратку — яна лічыла гэта вельмі значным фактарам. Для спадарыні Андрэевай вяртаньне да агульнай школьнай формы азначае вяртаньне да таталітарызму. Дзіця павінна адбудаваць уласную індывідуальнасьць — уніфікацыя вопраткі гэтаму не спрыяе, кажа псыхоляг.

(Андрэева: ) “Школьная форма яшчэ раз скажа дзіцяці: ты ніхто. Ты проста вінцік, ты такі ж, як і ўсе, ты ня маеш індывідуальнасьці, ніякіх асаблівых правоў. Мне падаецца, для фармаваньня асобы гэта ня вельмі добра”.

Са словаў Вольгі Андрэевай, у нашым грамадзтве ўсё яшчэ ацэньваюць чалавека найперш па ўзроўні ягонага дабрабыту, а не паводле розуму і дасягненьняў. Таму вяртаньне да школьнай формы праблемы багатых і бедных ня вырашыць: пасьля школьных заняткаў дзеці ўсё адно будуць хадзіць у рознай вопратцы.
XS
SM
MD
LG