Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Смаленскі журналіст “Радыё Вясна” атрымаў 5 гадоў за паклёп


Юры Дракахруст, Прага Суд у Смаленску асудзіў журналіста “Радыё Вясна” Мікалая Гошку да 5 гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачваньні ў паклёпе. Гэта – самы цяжкі прысуд, вынесены ў Расеі журналісту паводле гэтага артыкулу.

У ліпені 2000 году невядомыя застрэлілі дырэктара смаленскага “Радыё Вясна” Сяргея Новікава на прыступках ягонага дома.

На наступны дзень карэспандэнт “Радыё Вясна” Мікалай Гашко ў прамым эфіры выказаў меркаваньне, што да забойства Новікава могуць быць датычныя губэрнатар Смаленшчыны і яшчэ два высокапастаўленыя чыноўнікі абласной адміністрацыі. Гашко назваў імёны гэтых асобаў, і яны падалі ў суд.

Дзяржаўнае абвінавачваньне прасіла асудзіць журналіста да 1 году зьняволеньня ўмоўна. Напачатку чэрвеня суд вынес вырак – 5 гадоў зьняволеньня.

Гаворыць кіраўнік расейскага цэнтру экстрэмальнай журналістыкі Алег Панфілаў:

(Панфілаў: ) "Гэта самы вялікі тэрмін, які атрымаў расейскі журналіст па абвінавачваньні ў паклёпе. Артыкул “паклёп” у расейскім заканадаўстве зараз вельмі папулярны, апошнія 5 гадоў паводле заяваў чыноўнікаў рознага ўзроўню ўзбуджаецца шмат крымінальных справаў па гэтым артыкуле, у сярэднім да 35 крымінальных справаў у год".

Выпадак з Гашко тым болей беспрэцэдэнтны, што паводле расейскага заканадаўства максымальны тэрмін зьняволеньня за паклёп – 3 гады, а Гашко атрымаў пяць.

Суд улічыў, што ў 1996 годзе Гашко быў асуджаны да аднаго году ўмоўна і да пяцігадовага выпрабавальнага тэрміна на фальсыфікацыю.

Алег Панфілаў пагаджаецца, што Гашко варта было б прывесьці доказы сваіх абвінавачваньняў адносна датычнасьці чыноўнікаў да забойства. Аднак у любым выпадку прысуд падаецца яму празьмерным, Панфілаў мяркуе, што ён стаў вынікам ціску смаленскага кіраўніцтва на суд.

Паводле кіраўніка цэнтру экстрэмальнай журналістыкі колькасьць справаў аб паклёпе рэзка павялічылася пасьля абнародваньня дзяржаўнай дактрыны інфармацыйнай бясьпекі. Чыноўнікі прачыталі заклік дактрыны да незалежных журналістаў быць адказнымі як загад быць паслухмянымі – гаворыць Алег Панфілаў.

Ён кажа, што часам у праваабарончых і журналісцкіх арганізацыяў атрымліваецца абараніць журналіста, абвінавачанага ў паклёпе. Два гады таму дзякуючы кампаніі праваабаронцаў быў вызвалены з турмы чэлябінскі журналіст Герман Галкін, які атрымаў паўтара гады турмы па абвінавачваньні ў паклёпе на двух мясцовых чыноўнікаў.

Алег Панфілаў не спадзяецца, што расейскія журналісты і грамадзтва будуць абараняць смаленскага журналіста.

(Панфілаў: ) "Працэс Гашко – выключны выпадак. Але ёсьць велізарная колькасьць іншых выпадкаў, калі ўлады зьнішчаюць папулярныя газэты ці тэлекампаніі ці перасьледуе журналістаў рознымі спосабамі. А грамадзкая думка маўчыць. Таму баюся, што лёс Мікалая Гашко будзе больш залежыць ад міжнародных арганізацыяў, чым ад расейскіх журналістаў".

У абарону Мікалая Гашко ўжо выступіў міжнародны Камітэт абароны журналістаў”, які базуецца ў Нью-Ёрку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG