Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд незалежнага друку за 21 чэрвеня


Міхал Стэльмак, Менск

“Камсамольская праўда ў Беларусі” адну з публікацыяў сёньняшняга нумару прысьвячае тэме дробнага прадпрымальніцтва. Газэта нагадвае, што ў часе вясновага страйку гандляроў, якія пратэставалі супраць увядзеньня падатку на даданую вартасьць, улады паабяцалі вырашыць іхныя праблемы да 1 ліпеня. “Камсамолка” параўнала гэтыя абяцаньні з тым, што зроблена для дробных бізнэсоўцаў насамрэч. У прыватнасьці, улады заяўлялі, што ў Беларусі будуць створаны буйныя аптовыя рынкі, арганізаваныя маршруты ў Турцыю, Кітай і Маскву для набыцьця там тавараў. Аднак, як вынікае з публікацыі, ні пра якія рынкі і маршруты дагэтуль нават не чуваць.

Івацэвіцкая газэта “Для вас” прысьвячае адну з публікацыяў сьвежага нумару тэме карупцыі тутэйшых чыноўнікаў. Былому старшыні Івацэвіцкага райвыканкама Віталю Дзмітраніцы за атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры і злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі нядаўна быў вынесены прысуд – 12 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. І вось цяпер, як паведамляе івацэвіцкае выданьне, надышла чарга жонкі экс-кіраўніка мясцовай “вэртыкалі,” Валянціны Дзмітраніцы, якая ў райвыканкаме працавала начальніцай аддзелу эканомікі. Яе крымінальная справа будзе разглядацца 21 чэрвеня ў Івацэвіцкім раённым судзе. Ёй таксама прад’явілі абвінавачаньне ў атрыманьні хабару і злоўжываньні службовым становішчам. “Газэта Слонімская” інфармуе сваіх чытачоў пра кніжную навінку. У менскім выдавецтве “Беларускі кнігазбор” нядаўна выйшаў з друку зборнік гісторыка­краязнаўчых артыкулаў супрацоўніка гэтага выданьня Сяргея Чыгрына пад назовам “Пакліканыя на родны парог”. Гэтыя артыкулы, як зазначае газэта, прысьвечаны напаўзабытым, малавядомым і разам з тым таленавітым і шчырым беларусам, якія моцна любілі сваю Бацькаўшчыну і свой народ. Аўтар расказвае пра лёсы Тодара Лебяды, Кандрата Лейкі, Яўгена Хлябцэвіча, Яна Пятроўскага, Васіля Захаркі, Язэпа Стаброўскага, Янкі Геніюша й іншых асобаў, якія былі літаратарамі, гісторыкамі, пэдагогамі, палітыкамі.
XS
SM
MD
LG