Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйчанка галадуе у Менску 6-ы дзень


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Сёньня 6-ты дзень галадоўкі пратэсту, якую абвесьціла бабруйчанка Любоў Санкевіч. З дазволу менскіх уладаў другі тыдзень штодня ўвечары жанчына ладзіць пікет на плошчы Бангалёр.

Любоў Санкевіч ужо каля пяці гадоў дамагаецца ад уладаў аднаўленьня на працы на Бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў, кіраўніцтва якога яна абвінавачаве ў злоўжываньнях. Жанчына гаворыць, што перш за ўсё яе барацьба скіраваная супраць рабаваньня народу.

(Санкевіч: ) “Супраць хлусьні гэтай усёй. Таму што хлусьня надакучыла. Па тэлевізару паказваюць, што ў нас парушэньняў правоў няма, а як жа я?”

15 чэрвеня Любоў Санкевіч абвесьціла галадоўку. Яна хоча такім чынам дамагчыся прыёму ў Аляксандра Лукашэнкі, якому жанчына імкнецца, паводле яе словаў, распавесьці ўсю праўду пра сытуацыю на бабруйскім прадпрыемстве.

(Санкевіч: ) “Я не хачу гаварыць, што прэзідэнт не мае сумленьня. Я нават не ведаю. Некаторыя з яго падначаленых гавораць, што ён усё ведае, але мне не хочацца верыць, што ён ведае і маўчыць”.

Спадарыня Санкевіч скардзіцца, што яна звярталася ва ўсе дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі – і ў газэты, і на тэлеканалы, але там не цікавяцца яе акцыяй пратэсту. Затое людзі, якія падыходзяць да яе на Бангалёры, выказваюць жанчыне сваю падтрымку.

(Санкевіч: ) “Многія гавораць, што яны са мной салідарныя. Падыходзяць жанчыны, і нават да таго, што: “Мы прынясем ежу”. Я кажу, што аб''явіла галадоўку: “Якая ежа?”. -- “Не трэба, вы памрэце”. – “Ды не памру я! 30 дзён я вытрымаю”.

Паўтары гады таму Любоў Санкевіч сапраўды галадавала 31 дзень. Акцыя праходзіла ў Бабруйску, але ў выніку яе жанчына нічога не дамаглася. Сёньня 6-ты дзень новай галадоўкі. Спадарыня Санкевіч п’е ваду і травяную гарбату для падтрыманьня сілаў, але часам ёй ужо становіцца млосна.

(Санкевіч: ) “Не ведаю, на што я спадзяюся, але я буду сядзець да канца. І 3-га ліпеня я з плякатам выйду. Няхай мяне забіраюць у турму. Калі ў нас не садзяць за краты рабаўнікоў, буду сядзець я за тое, што хачу расказаць праўду прэзыдэнту”.

Акцыя пратэсту Любові Санкевіч на Бангалёры дазволена ўладамі да 4 лютага. Пікетаваньне і галадоўка працягваюцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG