Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады вырашылі браць грошы з арганізатараў сходаў па вылучэньні адзінага кандыдата ад апазыцыі


Алесь Дашчынскі, Менск Апошнім часам правядзеньне фактычна любой акцыі апазыцыі натыкаецца на перашкоды, якія чыняць улады. Менскі гарвыканкам пачаў патрабаваць вялікія грошы за правядзеньне масавых апазыцыйных мерапрыемстваў. У сувязі з гэтым прадстаўнікі дэмакратычных сілаў заяўляюць аб парушэньні канстытуцыйнага права грамадзянаў на свабоду сходаў.

Паводле закону аб масавых мерапрыемствах і адпаведнай пастановы Менгарвыканкаму, арганізатары вулічных акцыяў павінны заключыць пісьмовую дамову з шэрагам гарадзкіх службаў – міліцыяй, хуткай дапамогай, міністэрствам у надзвычайных сытуацыях, а таксама камунальнымі службамі -- “Менскзеленбудам” і “Гаррамаўтадорам ”. Такія дамовы можна заключыць толькі пасьля таго, як атрыманы дазвол ад уладаў на мерапрыемства. Выдаецца ж ён за некалькі дзён да самой акцыі. Чаму апазыцыя павінна плаціць гэтым службам? Па тлумачэньні я зьвярнуўся да прадстаўніка ідэалягічнай управы Менгарвыканкаму Эдуарда Тамільчыка, але ён не знайшоў часу, каб патлумачыць дзеяньні гарадзкіх уладаў.

(Тамільчык: ) “Вы ведаеце, ці маглі б вы патэлефанаваць праз паўгадзіны, я проста іду цяпер на нараду”.

Пазьней знайсьці спадара Тамільчыка ўжо не ўдалося. Тым часам новая практыка ўжо была апрабавана пры разглядзе заявак на апазыцыйныя акцыі – сходу ініцыятыўнай групы ў справе арганізацыі мясцовага рэфэрэндума з нагоды перайменаваньня цэнтральных праспэктаў у Менску і сходу, які мусіў вылучыць дэлегатаў на кангрэс дэмакратычных сілаў. Тлумачыць намесьнік старшыні АГП Сяргей Альфер.

(Альфер: ) “Гэта закон, які я магу назваць законам аб недазволе ніякіх масавых мерапрыемстваў, таму што ў адпаведнасьці з ім правесьці любое масавае мерапрыемства амаль немагчыма. Ён прымяняецца такім чынам, каб людзі не маглі выкарыстоўваць свае канстытуцыйныя правы на свабоду сходаў. Свабоды сходаў у адпаведнасьці з гэтым законам цяпер у Рэспубліцы Беларусь няма ўвогуле. Прычына абсалютна зразумелая: Лукашэнка ўвогуле баіцца любога сходу, і таму адпаведна па “вэртыкалі” дадзены загад – не дазваляць ніякіх сходаў і робіцца ўсё магчымае, каб ніякія сходы не былі праведзеныя “.

Праблема палягае ў тым, што заяўнікі, прадстаўнікі апазыцыйных палітычных партыяў і рухаў ня ў стане аплаціць тыя сумы, якія выстаўляюць гарадзкія ўлады. У выніку, па гэтых эканамічных прычынах, правесьці сход ці іншую вулічную акцыю пратэсту ўжо немагчыма. Тлумачыць актывіст дэмакратычнага прафсаюзнага руху Аляксандар Бухвостаў.

(Бухвостаў: ) “Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў перад сэсіяй Міжнароднай арганізацыі працы замовіў акцыю – пікетаваньне супраць парушэньня правоў працоўных. Нам дазволілі гэтую акцыю, але сказалі заключыць дамовы з шэрагам гарадзкіх службаў. Мы спрабавалі іх заключыць, але нам выставілі мільённыя сумы. Гэта ўжо меры на забарону правядзеньня любых акцый. Накладаюць такія ўмовы, якія мы ня можам выканаць. Ясна, што ўлада проста не дае магчымасьці нікому нічога праводзіць. Гэта такія цынічныя формы забароны масавых акцый пратэсту ”.

Прадстаўнікі апазыцыі адзначаюць, што прымяняць новую тактыку менскія ўлады пачалі якраз у той пэрыяд, калі пачаліся сходы па вылучэньні дэлегатаў на маючы адбыцца кангрэс дэмакратычных сілаў. На ім будзе абраны адзіны кандыдат на пасаду прэзыдэнта. Да прыкладу, партыя БНФ спрабавала правесьці сход у Маскоўскім раёне Менску на плошчы Бангалёр, дзе звычайна менскія ўлады і дазваляюць правядзеньне апазыцыйных акцый. На гэтым сходзе грамадзяне мусілі абраць дэлегатаў на кангрэс. Улады дазволілі правядзеньне сходу, але запатрбавалі папярэдняй аплаты за яго правядзеньне, тлумачыць сакратар у юрыдычных пытаньнях партыі БНФ Уладзімер Лабковіч.

(Лабковіч: ) “Аплата адбываецца цягам двух тыдняў пасьля правядзеньня акцыі. Патрабаваньне аб аплаце папярэдне вельмі груба супярэчыць заканадаўству. Спачатку павінна адбывацца акцыя, а потым ужо, па факце, па выніках гэтай акцыі выстаўляюцца нейкія рахункі. Раней яны спрабавалі выпіхнуць апазыцыю, каб яна праводзіла акцыі ў тых месцах, дзе ім падабаецца, а зараз яны вырашылі, што і там акцый праводзіць не трэба, вырашылі чыста эканамічна ўсё гэта спыніць. Проста вялікая боязь уладаў любога салідаранга збору грамадзянаў, яны нават ужо баяцца збораў на плошчы Бангалёр, якую яны самі вызначылі для такіх маерапрыемстваў ”.

Гэта было меркаваньне сакратара ў юрыдычных пытаньнях партыі БНФ Уладзімера Лабковіча. Актывіст АГП Сяргей Альфер называе новыя патрабаваньні менскіх ўладаў абсалютным нонсэнсам.

(Альфер: ) “Міліцыя, якая карыстаецца грашыма падаткаплацельшчыкаў, яшчэ павінна атрымоўваць грошы за тое, што яна робіць сваю працу, ахоўвае. Мы яе, дарэчы, і ня просім ахоўваць. Гэтую абязалаўку зрабіў закон, але яшчэ атрымоўваць нейкія дадатковыя грошы – гэта ўвогуле нонсэнс ”.
XS
SM
MD
LG