Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Пашкевіч: “Пачаў выходзіць Збор твораў Васіля Быкава ў 14 тамах”


Міхась Скобла, Менск (эфір 19 чэрвеня) Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”.

Яшчэ ў 2001 годзе наведнікі Міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу ў Франкфурце-на-Майне бачылі рэклямныя праспэкты-спавешчаньні пра выданьне Збору твораў Васіля Быкава ў 8 тамах. Пісьменьнік тады жыў у Нямеччыне, збор твораў рыхтаваўся ў Менску, у выдавецтве “Мастацкая літаратура”. На вялікі жаль, выданьне тое — безумоўна, чаканае і самім аўтарам — не ажыцьцявілася. За два гады, прамінулыя ад сьмерці Быкава, у дзяржаўных выдавецтвах так і ня выйшла ніводнай ягонай кнігі. І вось маем добрую навіну: выйшаў першы том Збору твораў народнага пісьменьніка ў 14 тамах. Сёньня мае суразмоўцы — каардынатар праекту, старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч і адзін з укладальнікаў — літаратуразнаўца Міхась Тычына.

(Міхась Скобла: ) “Спадарства, зь цяжкасьцю верыцца, што такое ў наш час магчыма. 14 тамоў… Разьвейце мае сумневы”.

(Алесь Пашкевіч: ) “З прыемнасьцю і з радасьцю. Сёньня можна абсалютна дакладна сказаць: праект выданьня 14-тамовіка Васіля Быкава зьдзяйсьняецца. Выдаецца ён пад эгідай грамадзкай ініцыятывы “Воля народу”. У выходных зьвестках пазначана: Менск, Саюз беларукіх пісьменьнікаў — Масква, выдавецтва “Время”. У рэдакцыйную калегію далі ласкавую згоду ўвайсьці і працуюць Ірына Міхайлаўна Быкава, Барыс Пятровіч, Міхась Тычына. Кіраўніком праекту стаў прафэсар Аляксандар Казулін. Хачу падкрэсьліць некамэрцыйнасьць праекту: 3-тысячны наклад кожнага тому будзе бясплатна перададзены ў бібліятэкі Беларусі. Выданьне Поўнага збору твораў — задача маштабная, таму на яго ажыцьцяўленьне спатрэбіцца як мінімум два гады”.

(Скобла: ) “І што па задуме рэдкалегіі ўвайшло ў збор твораў?”

(Пашкевіч: ) “Усе вядомыя на сёньня публікацыі Васіля Быкава. А таксама тыя запісы, нататкі пісьменьніка, якія захоўваюцца ў рукапісах. Да ўсяго, у апошнім, 14-м томе, будуць зьмешчаныя “Летапіс жыцьця й творчасьці” і фотаальбом — 100—200 старонак на шыкоўнай крэйдавай паперы. Знойдзецца месца і малюнкам Быкава”.

(Скобла: ) “Складальнікам Збору твораў Быкава ў 8 тамах, які так і не пабачыў сьвету, быў Міхась Тычына. Дарэчы, складаў ён яго і пісаў да яго прадмову на просьбу самога Быкава. Спадар Міхась, наколькі ўлічаная воля аўтара ў новым праекце?”

(Міхась Тычына: ) “Васіль Уладзімеравіч тады вельмі хацеў, каб першыя тамы выйшлі пры ягоным жыцьці. У сваіх новых выданьнях ён хацеў найперш бачыць тыя рэчы, якія ён пісаў у апошнія гады свайго жыцьця. На жаль, тады яго мара ня зьдзейсьнілася. Цягам апошніх двух гадоў, ужо бяз Быкава, увесь час чакалася, што знойдуцца ініцыятыўныя людзі, якія ажыцьцявяць гэты грандыёзны выдавецкі праект. І вось яны знайшліся. І гэта трэба ўспрымаць з удзячнасьцю. Таму што Быкаў, і новы, і ранейшы, ён заўсёды актуальны й цікавы”.

(Скобла: ) “Вядома, што многія творы Васіля Быкава за савецкім часам праходзілі ў друк няпроста, цэнзура змушала ўносіць карэктывы. Ці былі спробы ў новым Зборы твораў даць адноўленыя тэксты?”

(Пашкевіч: ) “Укладальнікі бралі за аснову апошнюю прыжыцьцёвую публікацыю таго ці іншага твору: і аповесьці “Мёртвым не баліць”, і другіх твораў. Калі ж твор пры жыцьці ня быў апублікаваны, то, безумоўна, падрыхтоўка да друку вялася па аўтографах ці аўтарскіх машынапісах, зь якімі нам ласкава дазволіла азнаёміцца Ірына Міхайлаўна Быкава”.

(Скобла: ) “Прыклады цэнзураваньня быкаўскіх твораў я папрасіў прыгадаць паэта Сяргея Законьнікава, які доўгі час працаваў у ЦК КПБ, у аддзеле мастацкай літаратуры”.

(Сяргей Законьнікаў: ) “Амаль усе аповесьці Быкава падпадалі пад цэнзуру. Што тычыцца “Знаку бяды”, то мне самому даводзілася размаўляць з Васілём Уладзімеравічам, і я дакладна ведаю, што цэнзура зьняла дзесьці каля дваццаці старонак тэксту. У тым ліку, наколькі я памятаю, гаворка ішла пра сцэну самагубства міліцыянэра Ганчарыка, былі скарочаныя сцэны раскулачваньня — тыя сцэны, якія не падабаліся савецкай чыноўніцкай браціі. Цэнзура выкідала ня толькі абзацы ці фразы, а нават асобныя словы. Мы з Васілём Уладзімеравічам сядзелі ў ягонай хаце, ён глядзеў на прысланую з Масквы карэктуру і, памятаю, гаварыў: “Яны лічаць за дурняў і мяне, і ўсіх вас, прымушаючы вас весьці са мной перамовы”. Я думаю, што і з аповесьці “Мёртвым не баліць” нямала старонак было выкінута. Безумоўна, пры падрыхтоўцы Збору твораў варта было б улічыць усе гэтыя акалічнасьці”.

(Скобла: ) “Нядаўна Сяргей Законьнікаў вярнуўся з Украіны, з Кіраваградчыны, дзе Васіль Быкаў ваяваў і адкуль на радзіму на яго прыйшла пахавальная. Ці ведаюць Быкава ў Вялікай Севярынцы — вёсцы, дзе, па сьведчаньні самога пісьменьніка, ён нарадзіўся другі раз?”

(Законьнікаў: ) “Сёлета на Кіраваградчыне праходзіла традыцыйнае Шаўчэнкаўскае сьвята “У сям’і вольнай, новай”. Я быў у той вёсцы, для мяне было вельмі цікава сустрэцца там са школьнікамі, з настаўнікамі. Сустрэча ў школе доўжылася каля трох гадзінаў. Мне паказалі музэй Васіля Быкава, разьмешчаны ў мясцовым Доме культуры, ён так беражліва зроблены, зь любоўю. І вось што яшчэ ўразіла. Прайшоўшыся па вуліцы, пагаварыўшы зь вяскоўцамі, я адчуў, што там ведаюць творчасьць Быкава, яго любяць як пісьменьніка. Паказальны факт: яшчэ пры жыцьці пісьменьніка ў Вялікай Севярынцы імем Васіля Быкава была названая вуліца. А ў Беларусі да гэтай пары вуліцы Быкава няма! Нам трэба было б павучыцца ва ўкраінцаў шанаваць свайго нацыянальнага генія”.

(Скобла: ) “Гэта быў паэт Сяргей Законьнікаў з уражаньнямі пра Вялікую Севярынку на Кіраваградчыне — адметны геаграфічны пункт у біяграфіі Васіля Быкава. А мы вяртаемся ў студыю, дзе гаворым пра быкаўскі Збор твораў у 14 тамах. Ён распачынаецца творамі апошніх гадоў — аповесьцю “Аўганец”, апавяданьнямі й прыпавесьцямі 1990-х гадоў. Часам можна пачуць такое меркаваньне: прыпавесьці “не дацягваюць” да ранейшага быкаўскага роўню, свае галоўныя творы пісьменьнік напісаў у 1960—1970-я гады. Што б вы адказалі на падобныя закіды?”

(Тычына: ) “Калі плянаваўся 8-тамовік Быкава, то аўтар хацеў у кожны том уключыць нешта з новага. І ў гэтым яго падтрымліваў Рыгор Барадулін, які актыўна ўдзельнічаў у складаньні выдавецкага пляну. Калі казаць пра новага Быкава, то гаворкі пра залішнюю палітызацыю ў ягоных прыпавесьцях, я лічу, перабольшаныя. Тут трэба аддзяліць розныя рэчы. Ёсьць у яго прыпавесьці, дзе навідавоку палітычны кантэкст, а ёсьць рэчы глыбока філязофскія. У іх Быкаў паўстае ўжо ня проста як публіцыст, эсэіст, а менавіта як мастак слова, як філёзаф. Філёзаф зь вялікай цікавасьцю да экзыстэнцыялізму, да сытуацыі чалавека ў гэтым сьвеце.

Са сваёй пэдагагічнай практыкі добра ведаю, як лёгка, з захапленьнем успрымаецца студэнтамі быкаўская прыпавесьць “Кошка й мышка”. Здаецца: настолькі вядомы сюжэт, што ўкласьці ў яго нешта новае немагчыма. Там сапраўды лёгка вычытваецца палітычны кантэкст. Але ж там так выразна выпісаныя вобразы і кошкі, і мышкі, і таго ката, які недзе наводдаль прысутнічае. Гэта ўжо мастацтва, а за гэтым мастацтвам адчуваецца, што Быкаў меў на ўвазе ня толькі сытуацыю, якая вось-вось мінецца, але наагул вечныя праблемы: даверу мышкі да таго, хто кругленькі й прыгожа ўсьміхаецца, і боязі яе да таго, хто страшнавата выглядае. Хоць у жыцьці дабро і зло вельмі лёгка мяняюцца месцамі. Так што, бачыце, гэтая рэч — на доўгія часы”.

(Пашкевіч: ) “Тым крытыкам, якія скептычна ставяцца да апошніх па часе напісаньня прыпавесьцяў Быкава, я б якраз і параіў прачытаць першы том 14-тамовага Збору твораў, дзе яны сабараныя пад адной вокладкай. У сваіх прыпавесьцях Васіль Быкаў змадэляваў комплексна, сымбалічна і алегарычна дзень сёньняшні, і дзень заўтрашні. Там у розных аспэктах паказана жыцьцё нашага грамадзтва, яго мінулае, сёньняшняе і заўтрашняе раскрываецца шматаблічна. Хачу заўважыць, што быкаўскія прыпавесьці вельмі арганічна леглі ў кантэкст нацыянальнай прозы. Я маю на ўвазе “Казкі жыцьця” Якуба Коласа і “Байкі жыцьця” Быкава”.

(Скобла: ) “Вы, Алесь, называеце 14 тамоў Поўным зборам. Поўных збораў, наколькі я ведаю, у гісторыі беларускай літаратуры ўсяго два: Янкі Купалы і Максіма Багдановіча. У іх сапраўды ўключана ўсё, што напісана паэтамі — ад вершаў да лістоў і аўтографаў на кнігах. У выпадку з Быкавым справа выглядае не зусім так. Ці варта ўсё ж гаварыць пра Поўны збор?”

(Пашкевіч: ) “Поўны збор твораў у ідэале немагчымы. Вазьміце Поўны збор Максіма Багдановіча, ён таксама няпоўны, у яго ня ўключаны дзёньнік паэта. Мы, укладальнікі быкаўскага збору, робім агаворку: гэта Поўны збор мастацкіх твораў. Бо ў сёньняшніх нашых варунках, пры нашых фінансавых магчымасьцях немагчыма сабраць і выдаць акадэмічны Поўны збор твораў — з адпаведным навуковым апаратам і г.д. Гэта праца цэлых навуковых інстытутаў на дзесяцігодзьдзі. Нават сабраць усе лісты Быкава, уключаючы тысячы ягоных карэспандэнтаў ад Курылаў да Злучаных Штатаў Амэрыкі, — справа неажыцьцявімая. Аднак, падкрэсьлю, на сёньня гэта самы поўны збор твораў Васіля Быкава і Поўны збор мастацкіх твораў”.

(Тычына: ) “Я згодны з Алесем Аляксандравічам — поўны збор у прынцыпе немагчымы. Па сьмерці Пушкіна амаль дзьвесьце гадоў прайшло, чатыры выданьні Поўнага збору выйшла, і шторазу нешта новае зьяўляецца, дадаецца. Сам па сабе гэты, як на мой погляд, амбітны праект, ён варты ўсё ж падтрымкі. Чым большы замах мы робім — тым большы маем вынік, і наадварот”.

(Скобла: ) “За два гады па сьмерці Быкава ягоныя кнігі выходзілі ва Ўкраіне, у Францыі, у Расеі, прычым у Расеі іх выйшла каля пятнаццаці. І толькі ў айчынных дзяржаўных выдавецтвах — ніводнай. Чым страшны Быкаў нашым уладам і па сваёй сьмерці?”

(Тычына: ) “Праблема “пісьменьнік і ўлада” стаяла вельмі востра ва ўсе часы, пачынаючы з часоў Авідыя, Мальера. І сёньня існуе такая ілюзія, што з часам улада становіцца больш разумнай, культурнай. Сапраўдны пісьменьнік заўсёды перасягае свой час, ставіць задачы амаль недасяжныя ў межах канкрэтнага часу, а ўлада заўсёды кіруецца іншымі, больш прагматычнымі патрэбамі і мэтамі. Узьнікае такая разьбежка паміж дзьвюма адасобленымі сфэрамі нашага існаваньня ў сьвеце.

Дзяржава мудра зрабіла б, калі б публікавала творы Быкава менавіта цяпер, не чакаючы, калі вострыя і драматычныя калізіі зьнікнуць самі па сабе. Улада ўвогуле выйграла б у тым выпадку, калі б пайшла шляхам прымірэньня з нашымі літаратарамі, з тым жа Саюзам пісьменьнікаў, наагул, з творчай інтэлігенцыяй, якая ўсё ж працуе на будучыню. Ад гэтага ўсім была б толькі карысьць. На жаль, гэтага не адбываецца. Прывяду прыклад, як наша дзяржава выдае зборы твораў: першы том Алеся Адамовіча ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” выйшаў яшчэ пры жыцьці аўтара, гадоў дванаццаць таму. І ўся справа завісла, працягу да гэтай пары няма”.

(Пашкевіч: ) “Быкава ўлада недалюблівала на працягу ўсяго жыцьця. Усе мінулыя ўлады, ня толькі сёньняшняя, ставіліся да яго з насьцярогай. Што да дня сёньняшняга. Мне здаецца, што наша найвышэйшая ўлада так і не прачытала твораў Быкава апошніх гадоў”.

(Скобла: ) “Перад апошнім пытаньнем раскажу адну гісторыю. Адзін мой знаёмы журналіст і палітытык з колішняй лукашэнкаўскай “каманды” меў самую запаветную мару — каб Васіль Быкаў паціснуў яму руку. Гэта, відаць, было б для яго сапраўдным ачышчэньнем і дараваньнем, як для чалавека, які дакрануўся да нечага сьвятога. Так і тут. Многія кажуць: “Збор твораў Быкава — добра, у 14 тамах — выдатна. Але пры чым тут Аляксандар Казулін?”

(Пашкевіч: ) “Неўзабаве па сьмерці Васіля Быкава ў Саюзе беларускіх пісьменьнікаў зьбіралася камісія па ўшанаваньні памяці пісьменьніка. Быў складзены плян, там было шмат пунктаў, адзін зь іх — выданьне Поўнага збору твораў. Свае прапановы мы адаслалі ўладам. Адказу да гэтай пары няма. Прафэсар Аляксандар Казулін — першы чалавек, які прыйшоў у Саюз беларускіх пісьменьнікаў і прапанаваў рэальную дапамогу ў выданьні твораў Быкава. Абстрагуючыся ад рэаліяў, хачу выказаць наступную думку. Вядома, што кожны чалавек павінен пабудаваць дом, нарадзіць сына і пасадзіць дрэва. Мне здаецца, беларус у сваім жыцьці павінен зрабіць усё пералічанае і — спрычыніцца да выданьня беларускай кнігі. І калі гэта кніга, ці кнігазбор Васіля Быкава, то гэта двойчы, тройчы пачэсна”.

(Тычына: ) “З гісторыі літаратуры вядома, што дачыненьні выдаўца і аўтара заўсёды былі вельмі складанымі. Напрыклад, Чэхаў марыў пра свой збор твораў у тым выглядзе, у якім ён плянаваў, а яго выдавец Суворын на гэтым хацеў зарабіць капітал. Але ён яшчэ любіў Чэхава, любіў расейскую літаратуру. Мы, удзельнікі гэтага выдавецкага праекту, ганарымся, што спрычыніліся да вялікага імя Быкава. У дадзеным выпадку можна ўжыць такі мэтафарычны вобраз: калі прычэпісься на тросе да вялікага акіянскага ляйнэра, то можаш выплыць і ўратавацца ў самую страшную сацыяльную буру. І — прыбіцца да берагу вечнасьці”.
XS
SM
MD
LG