Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Злосны – аж фэбра трасе!


Надзя Старавойтава, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Неяк баяў мой дзядзька такую прыпавесьць. Праз паўстагодзьдзя ад маленства наведаў ён сваё радавое котлішча на Берасьцейшчыне. Неўтаймоўныя пачуцьці агарнулі сутнасьць, крывёю сэрца абабегла: вось тутака, пад вакном, гушкала яго на каленях бабулька, прыгаворваючы сваё магічнае “ай-ляй-лі-лі-ляй”, а тамака, у гаі, набіралі яны зь дзедам паўнюткія кашы сонечных, духмяных асавікоў! Да азяленьня выхадзіў дзядзька ў гэты дзень навакольле, да стомы нагутарыўся з суседзямі. У такой шчаснай завірусе пачуцьцяў ён лёг спаць і соладка сьніў да ранку ядлаўцовы дух свайго дзяцінства.

На досьвітку пяшчотная мэлёдыя павольна перайшла ў віскат. Хтось наяве верашчэў – як сьвіньня ў плоце. Дзядзька падхапіўся, тыц у вакенца – суседка Юсьця, джгае за сваім дзедам з патэльняю ды па сьпіне яго, па сьпіне!



Ат, стары псюк! Блінкі яму не да спадобы. Толькі з жару, а яму сьмярдзяць. А каб цябе качкі затапталі! –

Юстачка, я ж пахваліў, мядком кажу... сьмярдзяць! Ты ж ведаеш – ад маладосьці мёду ня ем! –

Вой, дзед, не адпірайся ты цяперака. Я злосная – аж фэбра трасе!

Пазьней дзядзька даведаўся ад сваякоў, што гэта ў Юсьці зь ейным шторанку такая прабежка бывае. Дзед зачэпіцца за штось, за шчэпку знойдзе прычэпку, а старая й давай яму кухталёў у каршэль садзіць. Гэта ўразіла й падзівіла майго дзядзьку дужа моцна, бо ж добра памятаў: калісь у маладосьці была Юсьця ціхмянаю, пераляканаю кабецінай, зьбітай-згвазданай на чорны яблык сваім мужам. Раўнаваў ён яе моцна, праўда, бяз дай прычыны. Але старасьць і хваробы падкраліся да яго незаўважна, вось тут і памяняліся ролі: Бог не Мікітка – павыламіць лыткі!

Так навучаў дзядзька. Мяне ж больш вабіла пачутая фраза: злосны – аж фэбра трасе! Сэмантыку загадкавага слоўца фэбра ўзнаўляем паводле італьянскага febbre – ліхаманка, дрыжыкі, тэмпэратура. Дык і вынікае, што ад злосьці чалавека аж дрыжыкі праймаюць. Вось дзе энэргетыка, незраўнаная з расейскім как я зол: злосны – аж фэбра трасе! Як утаймаваць такую злосьць? Нагадаю параду ад Арыстотэля – набраць поўныя грудзі паветра, затрымаць яго дый, змружыўшы вочы, павольна палічыць да дзесяці.

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал)
XS
SM
MD
LG