Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На “Deutsche Welle” зьявіцца 15-хвілінная "Белорусская хроника"


Алены Струвэ, Менск Дырэкцыя нямецкай мэдыякампаніі “Deutsche Welle” прыняла рашэньне аб фінансаваньні новага праекту "Белорусская хроника". Гэты праект стартуе сёлета пры канцы кастрычніка ў рамках расейскамоўнай службы, і ён разьлічаны на тры гады. Радыёвяшчаньне на Беларусь будзе весьціся штодня па 15 хвілінаў. Падрабязнасьці ў нашай карэспандэнткі, якая гутарыла з кіраўніцай расейскай рэдакцыі “Deutsche Welle” спадарыняй Карнэліяй Рабіц.

Паводле спадарыні Карнэліі Рабіц, старт кожнага новага праекту на “Deutsche Welle” каляндарна зьвязаны з днём пераводу стрэлак гадзіньнікаў – пачаткам альбо зімовага, альбо летняга часу. Беларускі праект, такім чынам, пачнецца ў канцы кастрычніка.

(Рабітц: ) “Гэта вельмі важны для нас інфармацыйны праект. Беларусь – гэта краіна-суседка Эўразьвязу, але знаходзіцца ў ізаляцыі – ізаляцыі культурніцкай, палітычнай, эканамічнай. Таму мы хочам паведаць беларусам, што адбываецца ў іх дома, а таксама пра тое, што адбываецца ў Эўропе, і даваць гэтую інфармацыю без цэнзуры. Гэта значыць, што мы будзем даваць ня толькі афіцыйную інфармацыю зь Беларусі, але і будзем інфармаваць пра грамадзянскую супольнасьць, пра становішча зьняволеных, штодзённае жыцьцё і гэтак далей”.

Як паведаміла спадарыня Рабіц, вяшчаньне на Беларусь будзе весьціся ў частотным дыяпазоне расейскай службы альбо на кароткіх хвалях. Паралельна вядуцца пошукі іншых тэхнічных магчымасьцяў. Ня выключана, што свае сярэднія хвалі для беларускіх праграмаў прапануюць партнэры “Deutsche Welle” ў Польшчы, Латвіі альбо ва Ўкраіне, якія перадаюць праграмы гэтай нямецкай мэдыякампаніі. Побач з радыёпраграмамі будзе існаваць інтэрнэт-вэрсія праекту.

З чым зьвязана тое, што рабочай мовай новага радыёвяшчньня і інтэрнэт-вэрсіі будзе ўсё ж не беларуская, а расейская? На гэтае пытаньне спадарыня Рабіц адказвае наступным чынам:

(Рабітц: ) “Гэты праект – частка нашай расейскай службы. Мы хочам час ад часу ўключаць у беларускія праграмы рэпартажы з нашых іншых перадач. Мы ведаем, што большасьць беларусаў разумеюць і ведаюць расейскую мову… Мы пачынаем па-расейску. Магчыма, у нас будуць некаторыя элемэнты па-беларуску”.

Як паведаміла "Свабодзе" спадарыня Карнэлія Рабіц, новае вяшчаньне на Беларусь ні ў якім разе ня трэба разглядаць як апазыцыйны сродак масавай інфармацыі. “Deutsche Welle” належыць да свабодных і палітычна неангажаваных СМІ. Падрыхтоўка да новых беларускіх праграмаў распачнецца найбліжэйшымі днямі. Нягледзячы на тое, што мэдыякампанія яшчэ не пасьпела надрукаваць аб’явы пра набор новых супрацоўнікаў, да кіраўніцтва расейскай службы пачалі паступаць лісты ад беларускіх журналістаў.
XS
SM
MD
LG