Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сяргея Скрабца могуць перавесьці зь Берасьця ў Менск


Уладзімер Глод, Менск Такое разьвіцьцё падзеяў лічыць верагодным адвакат былога дэпутата Міхаіл Хоміч. Ён згадвае, што Сяргей Скрабец працягвае галадоўку ў Берасьцейскім сьледчым ізалятары. Апазыцыянэр, кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня галадоўкай пратэстуе супраць арышту і абвінавачаньняў на свой адрас, якія лічыць беспадстаўнымі. Былога парлямэнтара абвінавачваюць па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу — падрыхтоўка да злачынства і хабарніцтва.

Адвакат Міхаіл Хоміч і сьледчы Берасьцейскай пракуратуры Андрэй Ліванаў 20 чэрвеня пацьвердзілі, што справу былога парлямэнтара надалей будзе весьці не Берасьцейская абласная, а рэспубліканская пракуратура. Чым выклікана такое рашэньне, яны не ведаюць. Спадар Хоміч на гэты конт выказваецца наступным чынам:

(Хоміч: ) "Можна толькі здагадвацца. Знайсьці нейкія важкія падставы, як мне падаецца, цяжка. Можа, таму, што справа складаная, а можа існуе й яшчэ нейкая прычына...".

Спадар Ліванаў зьвязвае перадачу справы новаму сьледчаму з тым, што справу былога дэпутата запатрабавала да сябе рэспубліканская пракуратура:

(Ліванаў: ) “Я ня ведаю. Яны маюць права забраць любую справу. І звычайна ніхто нам нічога не тлумачыць. Гэта звычайная практыка. Мне ніхто нічога не тлумачыў. Далі каманду, запатрабавалі справу — і ўсё”.

Як паказвае практыка, звычайна з пераводам справы ў рэспубліканскую пракуратуру асобу, якая падазраецца ў нейкіх парушэньнях заканадаўства, звычайна пераводзяць у Менск. Адвакат Міхаіл Хоміч думае, што і цяпер усё адбудзецца гэткім чынам:

(Хоміч: ) "Відавочна будзе пераведзены туды. Але ж гэта не адразу робіцца – пакуль паперы прыйдуць, пакуль адпаведная пастанова будзе. Думаю, дзесьці напрыканцы тыдня ўсё будзе вядома. Максымум, напачатку наступнага тыдня".

Малодшы брат Сяргея Скрабца Аляксандар, які першапачаткова праходзіў як саўдзельнік справы старэйшага брата, сёньня паведаміў, што апошнім часам яго не выклікаюць у справе дачы хабару. Аднак сьледзтва вяртаецца да ранейшай справы братоў – атрыманьня крэдытаў ад дзяржавы для стварэньня прадпрыемства "Белбабаеўскі", якое зьбіралася выпускаць салодкую прадукцыю, альтэрнатыўную і больш танную за вытворчасьць менскай "Камунаркі" і гомельскага "Спартака".

***

Нагадаем, што старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла таксама зьвярнулася да Сяргея Скрабца з просьбай спыніць галадоўку. Аналягічны зварот зрабіла і кіраўніцтва Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Сьледзтва лічыць, што былы дэпутат падбухторваў жыхара гораду Бяроза даць хабар 30 тысяч даляраў супрацоўнікам Берасьцейскіх пракуратуры і абласнога суду, каб тыя паспрыялі вынясеньню апраўдальнага прысуду жыхару вёскі Альшаны Пінскага раёну Грыбу. Пазьней той быў асуджаны на 24 гады пазбаўленьня волі за цяжкія злачынствы. У гэтай вёсцы жывуць родныя жонкі Сяргея Скрабца.

Сяргей Скрабец летам 2004 году ўдзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў, якія патрабавалі дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. Летась у кастрычніку ён зьвярнуўся да прэзыдэнта Расеі з просьбай пра палітычны прытулак, аднак атрымаў адмоўны адказ. Сёлета ў красавіку Беларускае тэлебачаньне паказала сюжэт, у якім сьцьвярджалася, што спэцслужбы затрымалі кур’ера, які вёз зь Вільні 200 тысяч даляраў — нібыта для фінансаваньня палітычнай дзейнасьці Сяргея Скрабца.
XS
SM
MD
LG