Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На прэзыдэнцкіх выбарах будзе выбарачны перападлік галасоў


Юрась Бушлякоў, Прага Улады ў Іране распарадзіліся правесьці выбарачны перападлік галасоў, аддадзеных у ходзе першага туру прэзыдэнцкіх выбараў у мінулую пятніцу. Адпаведнае распараджэньне зьявілася пасьля таго, як некалькі рэфармісцкіх кандыдатаў заявілі, што вынікі галасаваньня былі сфальсыфікаваныя. Адзін з кандыдатаў Мэхдзі Карубі, які, згодна з афіцыйнымі зьвесткамі, заняў трэцяе месца і тым самым не прабіўся ў другі раўнд выбараў, абвінаваціў вайсковае кіраўніцтва краіны ва ўмяшаньні ў працэс галасаваньня. Свае вінавачаньні Карубі выклаў у адкрытым лісьце на адрас аяталы Алі Хамэнэі. Пракуратура прыпыніла ў панядзелак выхад трох іранскіх газэт, якія апублікавалі ліст Карубі.

Рада вартавых Ісламскай рэвалюцыі дазволіла наноў падлічыць галасы з 100 выбраных скрынак – зь іх 40 у сталіцы краіны Тэгеране і па 20 у гарадох Куме, Ісфахане й Мэшхэдзе. Такі дазвол стаў адказам на заявы апошніх дзён пра фальсыфікацыю вынікаў галасаваньня.

У сваім лісьце аяталу Хамэнэі памяркоўны рэлігійны лідэр, былы сьпікер парлямэнту Мэхдзі Карубі абвінаваціў Рэвалюцыйную гвардыю й рэгулярныя войскі ў агітацыі на карысьць аднаго з кандыдатаў і ў выкарыстаньні грошай для подкупу выбарнікаў.

Выступаючы перад журналістамі ў суботу, Карубі таксама вінаваціў Раду вартавых Ісламскай рэвалюцыі ў падтрымцы кансэрватара й прыхільніка жорсткай лініі, мэра Тэгерану Махмуда Ахмадынэжада. Згодна з афіцыйнымі вынікамі, Ахмадынэжад, набраўшы звыш 19 працэнтаў галасоў, заняў другое месца сьледам за экс-прэзыдэнтам Ірану Акбарам Хашэмі Рафсанджані. Гаворыць Мэхдзі Карубі:

(Карубі: ) “Я ўсяго адну гадзіну спаў у тую ноч. Калі я прачнуўся, каб ізноў праверыць вынікі, я ўбачыў, што старшыня Рады вартавых ужо камэнтуе вынікі. Я зьвязваўся з выбарчай камісіяй, мне казалі, што Рафсанджані ідзе наперадзе, а ў мяне – другое месца. Але раптам сытуацыя зьмянілася. Я скантактаваўся з прэзыдэнтам Хатамі – ён сказаў, што едзе ў Міністэрства ўнутраных справаў, і ўсё там праверыць”.

Сьледам за Карубі заклапочанасьць у сувязі з парушэньнямі ў часе выбарчай кампаніі выказаў асноўны рэфармісцкі кандыдат Мустафа Муін – у яго пятае месца. Муін абвінаваціў армію ў супрацоўніцтве з палітычнымі арганізацыямі з мэтаю падтрымаць аднаго з кандыдатаў і сфальсыфікаваць вынікі выбараў.

Перад пятнічным галасаваньнем Махмуд Ахмадынэжад лічыўся аўтсайдэрам палітычнай кампаніі. Ахмадынэжад угрунтаваў сваю кампанію на эканамічных лёзунгах, цьвердзячы, што цяперашнія іранскія ўлады няправільна выкарыстоўваюць рэсурсы краіны. На прэсавай канфэрэнцыі ў суботу Ахмадынэжад называў сябе незалежным кандыдатам, падкрэсьліваючы, што не абапіраўся на падтрымку нейкіх палітычных партыяў або групаў. Ён прызнаў, што ня зьдзіўлены пасьпяховым вынікам:

(Ахмадынэжад: ) “Для мяне гэта не вялікі сюрпрыз. Я ведаю культуру іранцаў. Я ведаю, наколькі вялікія людзі ў гэтай краіне. І ведаю, што мне ўдалося ўстанавіць добрыя стасункі зь людзьмі”.

Аднак па-ранейшаму шмат хто ў Іране сумняецца, што Ахмадынэжад мог стаць другім у прэзыдэнцкай гонцы.

Тым часам экс-прэзыдэнт Ірану Рафсанджані, які будзе канкураваць з Ахмадынэжадам у другім туры выбараў, заклікаў іранцаў прагаласаваць супраць экстрэмістаў, якія, паводле ягоных словаў, “кладуць цень” на выбары. Другі тур прэзыдэнцкіх выбараў у Іране мае прайсьці ў найбліжэйшую пятніцу, 24 чэрвеня.
XS
SM
MD
LG