Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Беларусі расьце сьмяротнасьць сярод хворых на сухоты


Галіна Абакунчык, Менск Урад Беларусі прыняў чарговую дзяржаўную праграму “Тубэркулёз”. Гэтым разам яна мусіць быць выкананая цягам 2005-2009 гадоў. Чыноўнікі вышэйшых уладных структураў заяўляюць, што дзяржава мае ўсе неабходныя сродкі для барацьбы з гэтай хваробай, аднак афіцыйная статыстыка сьведчыць, што колькасьць хворых на сухоты ў Беларусі штогод павялічваецца.

Толькі за мінулыя два гады колькасьць сухотнікаў вырасла больш, чым на 7% і зараз складае 55 чалавек на 100 тысячаў насельніцтва. Усяго ў краіне афіцыйна зарэгістраваныя каля 13 тысячаў хворых на сухоты. Міністар аховы здароўя Людміла Пастаялка не адмаўляе сур''ёзнасьць праблемы, але заяўляе, што дзяржава здольная яе пасьпяхова вырашаць.

(Пастаялка: ) “Усё, што тычыцца тубэркулёзу, прафіляктыкі, лячэньня, то дзяржава робіць абсалютна ўсё – магчымае й не магчымае для таго, каб забясьпечыць хворых абсалютна ўсёй мэдычнай дапамогай. У нас для гэтага ёсьць усе магчымасьці. Праграма па тубэркулёзе ўжо пачала рэалізоўвацца й усё будзе скіраванае на тое, каб зьнізіць захворваньне, зьнізіць сьмяротнасьць”.

Паводле міністаркі аховы здароўя Людмілы Пастаялкі, значны прырост захворваньня даюць амніставаныя. Так, колькасьць сухотнікаў сярод зьняволеных большая, чым сярод цывільнага насельніцтва ў некалькі разоў – 623 выпадкі на 100 тысячаў чалавек. Аднак прадстаўнікі праваабарончых арганізацыяў заяўляюць, што імклівы распаўсюд сухотаў – найперш сацыяльная праблема краінаў зь нізкім узроўнем жыцьця ўсяго насельніцтва, і безь іхнага вырашэньня хваробу не перамагчы.

У Беларусі адпаведнае дасьледаваньне праводзіў Беларускіх Хэльсынскі камітэт, і вось якія высновы былі зробленыя. Гаворыць намесьнік кіраўніка БХК Алег Гулак.

(Гулак: ) “Гэта хвароба бедных людзей, хвароба цесных памяшканьняў і недастатковага харчаваньня. У нас гэтыя праблемы беднасьці застаюцца, паколькі мала вырашаюцца праблемы ўтрыманьня зьняволеных, розныя праблемы людзей малазабясьпечаных і якасьць мэдычных паслугаў падае. Паколькі ўсё гэта існуе, таму не зьмяншаецца, а павялічваецца праблема росту захворваньняў на сухоты”.

Паводле намесьніка старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Алега Гулака, яшчэ адной адметнасьцю вывучэньня праблемы сталася тое, што ўлады замоўчваюць праўдзівыя лічбы ў справе распаўсюду сухотаў. Насамрэч колькасьць хворых значна большая, чым сьведчаць афіцыйныя лічбы. Паводле ж агучанай статыстыкі, сьмяротнасьць сярод сухотнікаў у Беларусі павялічваецца з 1993 года. За гэты час яна вырасла з 4 да 10 асобаў на 100 тысячаў жыхароў. Усяго ў краіне штогод памірае тысяча хворых на сухоты.
XS
SM
MD
LG