Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Сёньняшняя Беларусь падобная на брэжнеўскі Савецкі Саюз”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Шукаючы адказу на сёньняшнія актуальныя для Беларусі пытаньні, многія нашы слухачы зьвяртаюцца позіркам у ня надта далёкае мінулае — у брэжнеўскі Савецкі Саюз, у гісторыю ягонага росквіту, заняпаду і наступнай агоніі і распаду ўсёй сыстэмы. Ці вартыя ўвагі такія паралелі і параўнаньні? Сёньняшнюю размову пачну зь ліста на гэтую тэму, які даслаў нам Канстанцін Аляхновіч з Магілёва. Слухач піша:

“Мне цяжка ўявіць, што павінна адбыцца ў Беларусі, каб зьявілася надзея на нейкія зьмены. Такое ўражаньне, што людзі сьпяць, ні на што не спадзяюцца, усяго баяцца, жывуць толькі дзеля таго, каб было што паесьці. Прыкладна тое ж было ў памятную эпоху брэжнеўскага застою. Нават тэлебачаньне ў Беларусі цяпер такое ж, як было ў Савецкім Саюзе ў 1970-я гады: суцэльныя зводкі з палёў і заводаў аб посьпехах народнай гаспадаркі альбо хроніка візытаў і перамоваў аднаго ўсім вядомага палітыка. А што людзі, грамадзтва? Ня скажаш, што надта задаволеныя жыцьцём, але і абурэньня няшмат. Кавалак хлеба і сякая-такая праца ёсьць, вайны няма — і дзякуй Богу. Хіба пры Брэжневу было лепш? Тады, праўда, плацілі больш, але на тыя грошы ня кожны мог купіць, што хацеў: суцэльныя чэргі, дэфіцыты. І вайна тады была: забіралі нашых хлопцаў у Аўганістан. І за “жалезную заслону” не пускалі. А цяпер усё ж і чэргаў няма, і на вайну не забіраюць, і за мяжу, маючы жаданьне і грошы, паехаць можна…

Аналізуючы ўсё гэта, усё больш схіляюся да думкі, што і зьмены ў Беларусі могуць адбыцца пры тых жа абставінах, што і ў брэжнеўскім Савецкім Саюзе — пасьля таго, як першая асоба закончыць свой зямны шлях. А ў Беларусі гэта адбудзецца яшчэ вельмі няхутка”.

Зьмены ў Савецкім Саюзе, спадар Аляхновіч, пачаліся ўсё ж не ў 1982 годзе, калі ня стала Леаніда Брэжнева. І не ў 1984-м, калі пахавалі Юрыя Андропава. І маладога Міхаіла Гарбачова падштурхнула да перабудовы, відавочна, ня столькі яго схільнасьць да лібэральных рэформаў, колькі глыбокі заняпад усёй савецкай гаспадаркі, заснаванай на адміністратыўнай сыстэме. Прытым, адбывалася ўсё гэта на тле рэзкага зьніжэньня коштаў на энэрганосьбіты на міжнародным рынку, у выніку чаго СССР страціў значную частку экспартнага прыбытку, за кошт якога ў многім і трымалася эканоміка.

Цяпер, вядома, не 1980-я гады, а сёньняшняя Беларусь — ня брэжнеўскі Савецкі Саюз, які калі і не паважалі, дык баяліся ў сьвеце. Так што параўнаньні тут вельмі ўмоўныя. Хоць узаемная залежнасьць паміж эканамічнай і сацыяльнай стабільнасьцю, натуральна, захоўваецца. Сёньняшняя беларуская эканоміка на ўздыме, які абумоўлены эканамічным ростам у Расеі, якая, у сваю чаргу, атрымлівае вялізныя дадатковыя рэсурсы ад спрыяльнай для яе каньюнктуры паліўнага і сыравіннага рынку. Што будзе, калі гэтая каньюнктура зьменіцца; калі расейскі рынак стане больш патрабавальным да якасьці прадукцыі; калі ў нацыянальнай эканоміцы пачнуцца больш складаныя часы і яна ня здолее больш разьвівацца без рэфармаваньня? І як на гэта адрэагуе грамадзтва, якому за ўсё гэта давядзецца плаціць сваімі пэнсіямі, зарплатамі ды падаткамі? Магчыма, ад адказаў менавіта на гэтыя пытаньні найперш і залежыць бліжэйшая будучыня Беларусі, магчымасьць палітычных зьменаў у беларускай дзяржаве.

Наступны ліст даслаў нам Уладзімер Новікаў з Наваполацку:

“Расейская мова ў Беларусі перамагла амаль канчаткова. Па-беларуску гавораць хіба што некаторыя пісьменьнікі, частка апазыцыі ды ваша “Свабода”, якой амаль ніхто не слухае. Але вось што зьдзіўляе. Чаму ў такім разе замарудзіўся (а фактычна спыніўся) працэс далучэньня Беларусі да Расеі? Хіба ня дзеля гэтага задумваўся і ажыцьцяўляўся ўсеагульны пераход на расейскую мову? Я так разумею: калі адна мова, значыць, адзін народ, адна нацыя, адна краіна. А інакш навошта было і ваду муціць? Вашу варожую “Свабоду” я слухаю час ад часу, дзеля таго, каб ведаць, што думаюць амэрыканскія імпэрыялісты. Я задаваў гэтыя ж пытаньні і Беларускаму тэлебачаньню, але мне на іх ясна і канкрэтна не адказалі”.

Моўная праблема, спадар Новікаў, вядома, зьвязана з палітыкай, але далёка не заўсёды такім непасрэдным чынам, як пазначылі вы ў сваім лісьце. Возьмем прыклады. На вялізным абшары Лацінскай Амэрыкі ад Каліфарнійскай затокі на поўначы да выспы Вогненная Зямля на поўдні сотні мільёнаў людзей размаўляюць на адной мове — гішпанскай, але пры гэтым ня лічаць сябе адной нацыяй, жывуць у васямнаццаці незалежных дзяржавах і зусім не зьбіраюцца ні аб’ядноўвацца, ні вяртацца пад валадараньне гішпанскай кароны, з-пад якой зь вялізнымі цяжкасьцямі вызваляліся ў 19 стагодзьдзі.

Іншы прыклад — паўтара дзясятка арабскіх краінаў, дзе і народ, і мова — адна, і нават былі спробы аб’яднаньня (як у выпадку з Сырыяй ды Эгіптам у 1960—70-я гады). Але сёньня ўсе гэтыя краіны нават гаворкі не вядуць пра страту сваёй незалежнасьці.

Беларусы — якім бы супярэчлівым ні было стаўленьне значнай іх часткі да нацыянальнай мовы — ня лічаць сябе расейцамі. У іх свая гісторыя, культура, свае нацыянальныя інтарэсы. І свая дзяржава. Лёзунгі аб’яднаньня з Расеяй выкарыстоўвала беларуская ўлада — у той пэрыяд, калі гэта было ёй выгадна палітычна і калі існавалі магчымасьці для завалоданьня галоўнай пасадай у Крамлі. Калі гэтыя магчымасьці зьніклі, а ідэя аб’яднаньня перастала быць папулярнай у беларускім грамадзтве, размовы пра аб’яднаньне сьціхлі. А прапанова Ўладзімера Пуціна ўвайсьці ў склад Расеі шасьцю губэрнямі два гады таму была ўвогуле з абурэньнем адрынутая афіцыйным Менскам.

Наш слухач Віктар Буто зь Менску ў сваім лісьце на “Свабоду” разважае пра тое, наколькі забясьпечаныя для грамадзянаў сёньняшняй Беларусі правасудзьдзе і справядлівасьць. Ён піша:

“Беларусь ператварылася ў карумпаваную і небясьпечную для жыцьця дзяржаву. У нас існуе вялікае схаванае беспрацоўе. Страціць працу (а разам зь ёй і сродкі для існаваньня) можа кожны, і ў любы момант. А даказаць, што цябе звольнілі незаконна, практычна немагчыма. Бо чыноўнікі заўсёды маюць рацыю. Яны самі ствараюць законы і самі ж іх тлумачаць, як ім выгадна: праз падман, розныя хітрыкі, маніпуляцыі з дакумэнтамі. Вырашыць любое пытаньне можна, але толькі праз хабар. Купляюцца і прадаюцца ўсе, хто мае хоць найменшую ўладу — ад шараговага работніка да любой высокай службовай асобы. Усё залежыць ад памеру сумы, якая ім прапануецца”.

Далей у сваім лісьце Віктар Буто зь Менску, які сам страціў працу, як ён лічыць, незаконна, праз злоўжываньне чыноўнікаў, параўноўвае цяперашнюю сытуацыю ў Беларусі з той, што існавала пры камуністах. Яшчэ адна цытата зь ліста:

“Мы пакрысе вяртаемся да тых парадкаў, што існавалі да 1991 году, калі ў Савецкім Саюзе ажыцьцяўляліся рэпрэсіі супраць іншадумцаў, калі страціць працу, апынуцца ў канцлягеры ці псыхушцы можна было ў выніку даносу зайздросьніка ці падвышанай пільнасьці ідэалягічнага начальніка”.

Беларусь, спадар Буто, ня лічыцца ў шэрагу самых карумпаваных дзяржаў былога Саюзу. Наадварот, паводле розных зьвестак міжнароднай статыстыкі, узровень карупцыі тут значна меншы, чым, напрыклад, у Расеі ці ва Ўкраіне. Гэтаму часткова спрыяе аўтарытарны рэжым зь ягонай жорсткай адказнасьцю за выяўленыя факты карупцыі, з татальным кантролем і сачэньнем спэцслужбаў, распаўсюджанымі даносамі і ананімкамі. За апошнія гады дзясяткі высокіх службовых асобаў, сярод якіх і колішнія блізкія паплечнікі Аляксандра Лукашэнкі, пазбавіліся пасадаў і асабістай свабоды менавіта паводле абвінавачваньняў у карупцыі і службовых злоўжываньнях.

Зь іншага боку, вы маеце рацыю, калі разважаеце пра безабароннасьць у Беларусі чалавека, які адважваецца адкрыта выяўляць і дэманстраваць свае палітычныя погляды, адрозныя ад афіцыйных. Такія людзі часта губляюць працу, іх выключаюць з навучальных установаў. І іхныя наступныя хаджэньні па судах, як сьведчаць шматлікія выпадкі апошняга часу, пра якія мы ня раз расказвалі па “Свабодзе”, заканчваюцца, як правіла, на карысьць тых, хто іх звальняў, выключаў і асуджаў.

На заканчэньне кароткі ліст ад нашага даўняга слухача Рамана Зіноўева зь Лёзна:

“Няма такой галіны дачыненьняў паміж уладай ды народам, дзе не было б падману. Вось мне часта даводзіцца карыстацца чыгункай. Ад Лёзна да Віцебску — 40 кілямэтраў, і павінна пры аплаце ўлічвацца чатыры зоны. А бяруць за шэсьць зонаў. А вазьміце славутае беларускае “чарніла”, якое чамусьці называюць віном. Калі ў Францыі віно таньней за мінэралку, то ў Беларусі кошт нават самай кепскай барматухі вышэйшы, чым “Сангрыі” ў Гішпаніі”.

Добрае віно ў Беларусі ня можа быць танным, спадар Зіноўеў — хоць бы таму, што краіна ня мае сваіх вінаграднікаў. А што да алькагольных сурагатаў, якія з савецкага часу называюць “пладова-ягадным віном”, то яны да віна маюць вельмі аддаленыя адносіны, і па сутнасьці не павінны называцца гэтым словам. Спрэчнае пытаньне — ці павінна дзяржава ўвогуле даваць дазвол на вытворчасьць такіх напояў, улічваючы імклівую алькагалізацыю насельніцтва і распаўсюджаньне іншых хваробаў, зьвязаных з ужываньнем няякаснага алькаголю.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG