Лінкі ўнівэрсальнага доступу

37-ы дзень: Сяргей Скрабец галадоўкі не спыніў


Уладзімер Глод, Менск Паводле адваката Міхаіла Хоміча, Сяргей Скрабец працягвае галадоўку ў Берасьцейскім сьледчым ізалятары. Апазыцыянэр, кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня пратэстуе супраць арышту і абвінавачаньняў на свой адрас, якія лічыць беспадстаўнымі. Былы парлямэнтар абвінавачваецца па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу — падрыхтоўка да злачынства і хабарніцтва.

Спадар Хоміч запэўніў мяне сёньня, што Сяргей Скрабец пакуль не прымае ніякай ежы, акрамя звычайнай вады:

(Хоміч: ) “Ён галадуе, сказаў, што будзе працягваць галадаваньне”.

(Карэспандэнт: ) “Ён ня мог за выходныя дні зьмяніць рашэньня?”

(Хоміч: ) “Пакуль — не”.

Інфармацыю пра галадаваньне ўскосна пацьвердзіў і сьледчы Берасьцейскай абласной пракуратуры Андрэй Ліванаў, які на працягу месяца вёў справу былога парлямэнтара:

(Ліванаў: ) “Мне казалі, што спадар Скрабец будзе галадаваць 40 сутак. А пасьля гэтага тэрміну будзе выходзіць. Такую інфармацыю я атрымаў ад ягонай жонкі. Я ня ведаю, ці мінула ўжо 40 дзён. Аднак на гэтым тыдні ён ужо мусіць пачаць выходзіць з галадоўкі. Але гэта ўсё мне паведаміла ягоная жонка, якая на мінулым тыдні мела зь ім сустрэчу. А што там сёньня, я ня маю дакладнай інфармацыі”.

Справу былога дэпутата беларускага парлямэнту далей будзе весьці новы сьледчы. Пра гэта нашаму радыё 20 чэрвеня паведаміў Андрэй Ліванаў. Чым выклікана такое рашэньне, сьледчы ня ведае. Праўдападобна, што гэта зьвязана з тым, што справу былога дэпутата запатрабавала да сябе рэспубліканская пракуратура:

(Ліванаў: ) “Я ня ведаю. Яны маюць права забраць любую справу. І звычайна ніхто нам нічога не тлумачыць. Гэта звычайная практыка. Мне ніхто нічога не тлумачыў. Далі каманду, запатрабавалі справу — і ўсё”.

Пасьля гэтага я спытаў спадара Ліванава, ці будзе ён надалей займацца справай Сяргея Скрабца.

(Ліванаў: ) “Расьсьледаваць справу будзе іншы сьледчы. А я застаюся ў складзе сьледчай групы. І калі будуць узьнікаць пытаньні па Берасьцейскай вобласьці, дык імі буду займацца я. Але ўжо ўсе рашэньні ў гэтай справе будзе прымаць сьледчы з рэспубліканскай пракуратуры”.

Нагадаем, што старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла таксама зьвярнулася да Сяргея Скрабца з просьбай спыніць галадоўку. Аналягічны зварот зрабіла і кіраўніцтва Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Сьледзтва лічыць, што былы дэпутат падбухторваў жыхара гораду Бяроза даць хабар 30 тысяч даляраў супрацоўнікам Берасьцейскіх пракуратуры і абласнога суду, каб тыя паспрыялі вынясеньню апраўдальнага прысуду жыхару вёскі Альшаны Пінскага раёну Грыбу. Пазьней той быў асуджаны на 24 гады пазбаўленьня волі за цяжкія злачынствы. У гэтай вёсцы жывуць родныя жонкі Сяргея Скрабца.

Сяргей Скрабец летам 2004 году ўдзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў, якія патрабавалі дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. Летась у кастрычніку ён зьвярнуўся да прэзыдэнта Расеі з просьбай пра палітычны прытулак, аднак атрымаў адмоўны адказ. Сёлета ў красавіку Беларускае тэлебачаньне паказала сюжэт, у якім сьцьвярджалася, што спэцслужбы затрымалі кур’ера, які вёз зь Вільні 200 тысяч даляраў — нібыта для фінансаваньня палітычнай дзейнасьці Сяргея Скрабца.
XS
SM
MD
LG