Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Полацкія рабочыя спынілі страйк і выйшлі на працу


Вінцэсь Мудроў, Полацак У мінулы чацьвер застрайкавалі работнікі ўпраўленьня вытворча-тэхналягічнай камплектацыі полацкага будаўнічага трэста №22. Такім чынам яны пратэставалі супраць нізкіх заробкаў і кепскіх умоваў працы. У пятніцу са страйкоўцамі сустрэўся ўпраўляючы трэста спадар Дзямешка, а сёньня работнікі ўпраўленьня, зьняверыўшыся ў плёне страйку, выйшлі на працу.

Застрайкавалі ад ранку ў чацьвер работнікі фармавальнага, дрэваапрацоўчага ды арматурнага цэхаў. Асноўнае іхнае патрабаваньне: падвышка заробкаў.

Плянавалася, што гэтая акцыя набудзе бестэрміновы характар, аднак, пераканаўшыся, што страйк у дадзеным выпадку беспэрспэктыўны, і што ў выніку можна наагул пазбыцца сродкаў існаваньня, рабочыя выйшлі на працу.

Гаворыць адзін са страйкоўцаў:

(Страйковец: ) “Мы два дні страйкавалі, а потым прыехаў упраўляючы трэстам. Мы зь ім мелі размову наконт падвышэньня заробкаў. Страйкаваць няма сэнсу, нічога гэтым не дасягнеш”.

У пятніцу, па патрабаваньні страйкоўцаў, да іх прыехаў упраўляючы трэста Іван Дзямешка, які і пераканаў рабочых у бессэнсоўнасьці страйку.

Вось што сказалі аб выніках сустрэчы з кіраўніком трэсту работнікі ўпраўленьня:

(Першы голас: ) “Упраўляючы сказаў: вельмі вялікія крэдыты трэба сплачваць, таму й немагчыма падвысіць заробкі. Казаў таксама, што патроху пачынаем “вылазіць” з тых крэдытаў, неўзабаве правядзем у цэх газ, тады, магчыма, зарплату і падвысяць”.

(Другі голас: ) “Мы задалі пытаньне: калі нам будуць даваць малако за шкодныя ўмовы працы, і ўпраўляючы адказаў: зараз разьвядзем у вас на тэрыторыі ўпраўленьня каровы, будзем іх пасьвіць і даіць”.

(Трэці голас: ) “Ён сказаў: трэба працаваць, мала зарабляем грошай. Пра падвышэньне заробку так нічога канкрэтна і не паведаміў. Працуйце, працуйце… і ўсё тут”.

Паводле работнікаў упраўленьня, на ўсе іхныя патрабаваньні падвышэньня заробкаў, якія складаюць ад 115 да 200 тысяч рублёў, чуецца адзін адказ: трэба лепей працаваць.

У зьвязку з тым я запытаўся адну з кіраўнічак сярэдняга зьвяна: ці ёсьць у яе нараканьні на кепскую працу падначаленых, і вось што пачуў зь яе вуснаў:

(Кіраўнічка: ) “Вытворчыя заданьні яны выконваюць, аб’ёмы выконваюцца. Прэтэнзій па працы ў мяне да рабочых няма. А вось у іх ёсьць прэтэнзіі па зарплаце. Вось і ўсё, што я магу сказаць”.
XS
SM
MD
LG