Лінкі ўнівэрсальнага доступу

19 чэрвеня расейскае войска спаліла Барысаўскі замак


RFE/RL Каляндар Свабоды – 19 і 20 чэрвеня. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 19 і 20 чэрвеня. Спачатку – пра памятныя даты ўчорашняе нядзелі.

19 чэрвеня ў 1655 годзе расейскае войска спаліла Барысаўскі замак. Быў дашчэнту разбураны ды разрабаваны і сам горад. У Беларусі ішоў другі год спусташальнага трынаццацігадовага нашэсьця. Наступствы той вайны назаўжды адбіліся на дэмаграфічным, гаспадарчым і культурным абліччы краіны. Стары Барысаў так і не адрадзіўся, не паўстаў з попелу нанова. Давялося будаваць іншы горад на супрацьлеглым беразе Бярэзіны.

19 чэрвеня адбылася найбуйнейшая бітва антырасейскага паўстаньня 1831 году. Яе называюць бітвай пад Вільняй, або Панарскай бітвай, бо праходзіла яна між панарскіх узгоркаў. Рэгулярнае царскае войска ўжо ў траўні таго году разьбіла паўстанцаў у Менскай і Віленскай губэрнях, але барацьба ўзмацнілася на Гарадзеншчыне. Адтуль і выправілася паўстанцкае войска, каб штурмам вызваліць сталіцу краю Вільню. Тым часам расейцы зь Вільні выпраўляліся на Ковеншчыну. Вось яны і сустрэліся ў панарскіх гарах. На два дні закіпела сеча. З абодвух бакоў палеглі многія сотні ваякаў. Аднак у выніку паўстанцкі наступ быў разьбіты, штурм Вільні ня ўдаўся. Пасьля гэтай бітвы іскры паўстаньня перакінуліся ў Мазырскі, Рэчыцкі ды Пінскі паветы.

19 чэрвеня 1924 году нарадзіўся Васіль Быкаў, народны пісьменьнік Беларусі і, напэўна, самы вядомы беларускі літаратар у сьвеце, чые творы перакладзеныя на мноства моваў.

І апошняя памятная дата 19 чэрвеня – таксама ваенная. У гэты дзень у 1944 годзе ў Лагойскім раёне фашысцкія карнікі зьнішчылі вёску Дальва разам зь яе жыхарамі.

Цяпер – пра сёньняшні каляндар.

20 чэрвеня ў 1531 годзе Слонім атрымаў магдэбурскае права. Гэта значыць, слонімцы самі сталі выбіраць гарадзкое кіраўніцтва.

20 чэрвеня 1566 году нарадзіўся Жыгімонт ІІІ Ваза, вялікі князь літоўскі, кароль Польшчы й Швэцыі. Гэта значыць, кіраўнік тагачаснае Беларусі.

Таксама 20 чэрвеня ў розныя гады прыйшлі на сьвет два выдатныя дзеячы культуры, лёс якіх зьвязаны зь Беларусяй. Гэта Хведар Стравінскі, опэрны сьпявак, бацька славутага кампазытара Ігара Стравінскага. Стравінскі-старэйшы нарадзіўся ў маёнтку Новы Двор Рэчыцкага павету, скончыў Мазырскую гімназію, дзе сьпяваў у студэнцкіх спэктаклях, пасьля адправіўся ў Пецярбурскую кансэрваторыю, дзе і пачалася ягоная прафэсійная кар’ера.

Мастак Гаўрыла Вашчанка – зямляк Стравінскага. Ён – зь вёскі Чыкалавічы Брагінскага раёну. Але ён сваю прафэсійную кар’еру зрабіў у Беларусі. Мноства ягоных твораў прысьвечана падзеям і пэрсанажам беларускае гісторыі і культуры, за што Гаўрыла Вашчанка ўганараваны званьнем народнага мастака Беларусі.
XS
SM
MD
LG