Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Беларусі за ўвесь час статус уцекача атрымалі менш, чым 800 чалавек


Юры Дракахруст, Прага Паводле дадзеных ААН, у сьвеце налічваецца 9 мільёнаў чалавек, вымушаных пакінуць сваю радзіму. Калі да іх дадаць асобаў без грамадзянства і тых, хто перамешчаны ў межах уласнай краіны, колькасьць такіх людзей дасягае 20 мільёнаў чалавек. Штогод 20 чэрвеня ААН праводзіць Дзень уцекача, каб прыцягнуць увагу сьвету да праблемаў гэтых людзей.

Махамаджон Кадыраў – адзін з соцень узбэкаў, якія ўцяклі ў суседні Кіргізстан пасьля бойні ў Андыжане ў мінулым месяцы. Кадыраў разам з жонкай і сынам жывуць у намётах у лягеры для ўцекачоў Сузак у Джэлалабацкай вобласьці Кіргізстану.

(Кадыраў: ) "Мы жывем у лягеры каля кіргізска-узбэцкай мяжы, дзе напачатку нас было па 50 чалавек у адным намёце. Зараз стала крыху лепш, зараз нас па 8 чалавек у адным намёце".

Кадыраў – адзін з 9 мільёнаў чалавек, якіх ААН разглядае як уцекачоў. Зразумела, найбольшы паток уцекачоў ідзе зь бедных краінаў “трэцяга сьвету”.

Што тычыцца разьвітых краінаў, то ў першым квартале гэтага году найбольшай зь іх была колькасьць уцекачоў з Сэрбіі і Чарнагорыі ўключна з Косавым – прынамсі 5 тысячаў чалавек. Прыблізна столькі ж уцекачоў за гэты час зьбегла з Расеі – гэта пераважна чачэнцы. У гэтым годзе іх колькасьць у параўнаньні зь першым кварталам мінулага году зьменшылася на траціну.

Дэвізам сёлетняга Дня ўцекача, які штогод адзначае ААН, стала слова “мужнасьць”.

Гаворыць Рупэрт Колвіл – прадстаўнік агенцтва ААН у справах уцекачоў.

(Колвіл: ) "Сапраўды, патрэбная вялікая мужнасьць, каб пакінуць сваю краіну, часта проста дзеля таго, каб выжыць, каб уратавацца ад перасьледу, вайны, гвалту, хаосу. Тыя, хто прыяжджаюць у Эўропу, часам перажываюць жахлівае падарожжа. Практычна адзіны шлях шмат для якіх людзей – гэта скарыстацца паслугамі кантрабандыстаў, якія абсалютна бязьлітасныя і пазбаўленыя ўсялякай маралі. Да таго ж вельмі часта, калі ўцекачы атрымліваюць прытулак, яны робяцца аб’ектамі варожасьці з боку карэннага насельніцтва. Гэтая жыцьцё вельмі цяжкое. Гэтыя людзі пазбаўленыя шмат якіх рэчаў, якія мы ўспрымаем, як належнае".

Паводле дадзеных ААН станоўчыя зьмены адбываюцца ў апошнія гады ў Аўганістане і Іраку – у гэтыя краіны вяртаюцца ўцекачы. За чвэрць стагодзьдзя крывавага канфлікту Аўганістан пакінулі паводле розных ацэнак ад 3 да 6 мільёнаў чалавек. Зараз яны масава вяртаюцца на радзіму. Хаця некаторыя зь іх скардзяцца, што аўганскія ўлады ня робяць амаль нічога, каб дапамагчы ўладкавацца былым уцекачам.

Іміграцыя робіцца складанай палітычнай праблемай, у прыватнасьці ў Эўропе, наплыў мігрантаў часам вызывае раздражненьне ў жыхароў багатых краінаў, урады, дагаджаючы гэтым настроям, усё больш ускладняюць працэдуру атрыманьня прытулку і ўцякацкага статусу. Прадстаўнікі Арганізацыі аб’яднаных нацыяў гавораць, што лёзунг “Мужнасьць” сёлетняга Дня ўцекачоў зьвернуты і да палітыкаў багатых краінаў, каб яны патуралі папулізму і адстойвалі правы няшчасных людзей, якія бягуць у гэтым краіны ад перасьледу ў сябе на радзіме.

***

З 1997 года, калі ў Беларусі ўпершыню пачала рэалізоўвацца працэдура наданьня статусу уцекача, такі статус атрымаў 771 замежны грамадзянін з 13 краінаў. Пра гэта на прэсавай канфэрэнцыі, прысьвечанай Дню ўцекача, паведаміў начальнік аддзелу ў пытаньнях уцекачоў Дэпартамэнту па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Яўген Крамко.

Пяцёра ўцекачоў ужо атрымалі грамадзянства Рэспублікі Беларусь. Усяго з 1997 года ва ўладныя структуры з хадайніцтвам аб наданьні статуса ўцекача зьвярталіся каля трох тысяч чалавек з 33 дзяржаў. Больш за ўсё сярод уцекачоў прадстаўнікоў Аўганістану – 547 чалавек. Гэты статус у Беларусі таксама атрымалі 117 выхадцаў з Грузіі, 32 – з Таджыкістану, 28 – з Азэрбайджану, 23 – з Эфіопіі. Большасьць уцекачоў жывуць у Менску і Менскай вобласьці.
XS
SM
MD
LG