Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародная статыстыка адзначае, што сярод уцекачоў усё больш беларусаў


Ігар Карней, Менск На рашэньне Генэральнай Асамблеі ААН штогод 20 чэрвеня адзначаецца Ўсясьветны дзень уцекача. Паводле афіцыйных зьвестак ААН, колькасьць асобаў, якія з прычыны ваенных канфліктаў, рэлігійнага ці палітычнага перасьледу шукаюць у іншых краінах прытулку, пастаянна расьце і цяпер дасягае амаль 20 мільёнаў чалавек. Апошнім часам у гэтым працэсе фігуруюць і многія беларусы. Бадай, самы вядомы ўцякач (прынамсі, у Менску) — Джымі Нэльсан: вядучы дзіцячых дыскатэк у клюбе “Рэактар” і няштатны артыст студыі “Сябры”, дзе ён запісаў свой беларускамоўны гіт “Беларускія дзяўчаты”.

Гісторыя Джымі Нэльсана ў чымсьці тыповая для тых, хто атрымаў у Беларусі статус уцекача: у канцы 1980-х прыехаў вучыцца зь Лібэрыі, а калі настаў час вяртацца на радзіму, там пачалася грамадзянская вайна. Пра гэта ж апавядаюць грамадзяне Аўганістану, Самалі, Руанды, прадстаўнікі яшчэ дзясятку краінаў. Нетыпова ў выпадку з Нэльсанам хіба тое, што ён надзвычай хутка атрымаў дазвол на жыхарства ў Беларусі. Чарнаскуры артыст не хавае, што легалізаваўся толькі дзякуючы дапамозе Анатоля Ярмоленкі; справы астатніх ягоных сяброў цягам дзесяцігодзьдзяў зь месца нават ня зрушыліся.

(Нэльсан: ) “Так, менавіта ён дапамагаў мне, больш асабліва ніхто не дапамагаў. Сытуацыя ніяк не разьвівалася чатыры гады, але ўрэшце ў 2000 годзе мне далі дазвол на жыхарства. Справа ў тым, што многія людзі ня ведаюць, што я ўцякач, таму і стаўленьне ў гэтым пытаньні адпаведнае — ніякае. Шмат хто ведае, што я працую на эстрадзе, а астатняе іх не цікавіць. І ўвогуле, ніхто ня ведае, што я ўцякач, пакуль я сам не скажу”.

Паводле беларускага заканадаўства, хадайніцтва аб прызнаньні ўцекачом разглядаецца цягам шасьці месяцаў, аднак у бальшыні выпадкаў працэдура зацягваецца. Калі ўсё ж замежнік атрымлівае статус уцекача, для пражываньня ў краіне неабходна аформіць дазвол на жыхарства. А ўжо пасьля сямі гадоў пастаяннага пражываньня ён можа падаць заяву на беларускае грамадзянства. Аднак ад 1997 году было толькі пяць выпадкаў станоўчага вырашэньня пытаньня ў справе беларускага грамадзянства для замежных уцекачоў.

Паводле ўпраўленьня міграцыі пры Міністэрстве працы, асноўнай краінай паходжаньня ўцекачоў, якія шукаюць прытулку ў Беларусі, ёсьць Аўганістан. З 757 чалавек, якія атрымалі статус уцекача, 547 — выхадцы з гэтай краіны. Яшчэ болей за сотню чалавек прыехалі ў Беларусь з Грузіі, па тры дзясяткі з Таджыкістану, Этыёпіі і Азэрбайджану. З астатніх краінаў — адзінкі.

Вялізную колькасьць уцекачоў з Аўганістану самі аўганцы тлумачаць вайной. І, паводле ўцекача Рахмана Абдула, пачатак гэтаму даў Савецкі Саюз.

(Рахман Абдул: ) “У 1979 годзе я вучыўся ў Менску. Скончыў інстытут у 1980-м, паехаў на радзіму, нейкі час там працаваў. Але ж, разумееце, вайна ёсьць вайна. Колькі людзей пакалечылі, колькі загінула, а савецкія войскі выйшлі, толькі сказаўшы: “Дзякуй усім, мы паехалі”. Колькі народу пацярпела, іх ужо не цікавіла. А фактычна цэлы народ загналі ў яму”.

Ад сярэдзіны 1990-х у міграцыйным працэсе актыўна ўдзельнічаюць і беларусы. Тысячы людзей на любых умовах імкнуцца выехаць за межы Беларусі, каб у вольным сьвеце паспрабаваць наноў будаваць сваё жыцьцё. У мінулым журналіст Беларускага тэлебачаньня Віталь Рахленка ад’ехаў у Швэцыю і кажа, што сустракае там землякоў усё часьцей.

(Рахленка: ) “15 тысяч расейскамоўных у Швэцыі афіцыйна зарэгістраваныя ў розных кансулятах краінаў СНД. Беларусы таксама досыць вядомыя ў Швэцыі, асабліва пасьля трагічнага выпадку, калі двух беларусаў жорстка забілі ў Стакгольме”.

(Карэспандэнт: ) “Але што да працы — то гэта пераважна мыцьцё посуду, прыбіраньне памяшканьняў?”

(Рахленка: ) “Гэта, перадусім, для жанчын. Для мужчынаў — касьба газонаў, сталярная праца, занятасьць на розных мясакамбінатах, рыбных заводах”.

Для многіх грамадзкіх дзеячаў да ад’езду зь Беларусі спрычыніліся, перадусім, палітычныя фактары. Уцекачом у ЗША стаў экс-сьпікер Вярхоўнага Савету Сямён Шарэцкі. Фінляндыя прытуліла актывіста рабочага руху Лявона Садоўскага. Рашэньня ўладаў Нарвэгіі ў гэтым пытаньні чакае паэт Славамір Адамовіч. У Нямеччыне атрымалі дазвол на жыхарства сем’і Юрыя Захаранкі і Генадзя Карпенкі. У Бэльгіі на правах уцекачоў журналіст “Народнай Волі” Алесь Сіліч і некаторыя актывісты моладзевых рухаў. Шмат апанэнтаў беларускіх уладаў чакаюць свайго лёсу ў Чэхіі і Польшчы.

• У Беларусі за ўвесь час статус уцекача атрымалі менш, чым 800 чалавек
XS
SM
MD
LG