Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імпартная садавіна і гародніна таньнейшыя за беларускую


Іна Студзінская, Менск Лета ў разгары, але кошты на сэзонную прадукцыю – садавіну і гародніну – мякка кажучы, кусаюцца. Прычым, даходзіць да парадоксу – да прыкладу, гішпанскія ці турэцкія памідоры на беларускіх рынках каштуюць значна танней за мясцовыя -- ждановіцкія ці пінскія.

На сталічнай Камароўцы заўсёды ўраджай. Самая экзатычная садавіна-гародніна ёсьць цяпер круглы год – па краінах вырошчваньня можна вывучаць геаграфію, прадаюць нават вінаград сёлетняга ўраджаю з Аргентыны і Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. Цэны, натуральна, кусаюцца. Таму народ чакае, калі ж, нарэшце, вырасьце ўжо нешта сваё, беларускае. Зьявілася на Камароўцы берасьцейскія клубніцы – кошты ад 4 да 7 тысяч, з кожным днём ягады таньнеюць. Камароўка “заваленая” пінскімі гуркамі – прыкладна 2 тысячы за кіляграм, аднак пару тыдняў цана трымаецца на адным узроўні. На памідоры таксама. Прычым, гішпанскія і турэцкія таньнейшыя за беларускія. Імпартныя каштуюць прыкладна 3 тысячы, беларускія – ад 4-х тысяч і вышэй за кіляграм. Ці будзе таньнець айчынная гародніна, я спрабавала высьветліць ў эканамісткі гандлёвага аддзелу аграфірмы “Ждановічы”, якая не назвала свайго прозьвішча.

(Эканамістка: ) “Усё залежыць ад таго, будзе на рынку дастатак гішпанскай ці турэцкай прадукцыі, альбо, наадварот, нястача. Калі на рынку ня будзе іншай прадукцыі, замежнай ды іншагародняй, дык у нас цэны будуць высокія. Калі заваляць імпартам – натуральна, і нашы кошты будуць ніжэй. Цяпер 3.100 – адпускная цана на ждановіцкія памідоры. Адпускная цана гомельскіх памідораў, да прыкладу – 3.500, памідораў Менскага парнікова-цяплічнага камбінату – 3.800. Адсюль на рынку розныя цэны. Напрыклад, цяпер “вал” пінскіх гуркоў, і ужо нашы ня вельмі добра ідуць. Тут трэба разглядаць праблему з двух бакоў, адназначна ня скажаш…”

Такім чынам, атрымліваецца: калі “заваляць” сталіцу імпартнай гароднінай, альбо берасьцейскай ці гомельскай – менскія гароднінныя фабрыкі вымушаныя будуць зьніжаць кошты. Але нязначна, бо сабекошт тых самых таматаў даволі высокі.

Экспэрт у пытаньнях эканомікі Леанід Злотнікаў тлумачыць высокія кошты на беларускую гародніну так:

(Злотнікаў: ) “Вельмі вялікі сабекошт гэтай прадукцыі, таму што састарэлыя тэхналёгіі, састарэлая арганізацыя працы, усё гэта такое савецкае і засталося”.

(Карэспандэнтка: ) “А вось сэзонныя садавіна-гародніна – тыя ж самыя памідоры, іх таксама дзесьці ў Гішпаніі вырошчвалі ў цяпліцах…”

(Злотнікаў: ) “У той жа Гішпаніі патрэбна было менш абаграваць гэтыя цяпліцы. А потым, зноў жа, і ўрадлівасьць на адзін гэктар, і, магчыма, там былі іншыя тэхналёгіі”.

(Карэспандэнтка: ) “Але ж такія транспартныя выдаткі – дзе тая Гішпанія, прывезьці ж трэба!”

(Злотнікаў:) “Ну, у наш час гэта ўжо вельмі вялікія параходы альбо цягнікі шмат прывозяць. Гэтыя затраты не такія вялікія ў параўнаньні з затратамі на нашы старыя тэхналёгіі. Таму ў нас амаль ў два разы даражэй тыя самыя памідоры, чым ў Эўропе. Усё тэхналёгіі, усё затраты”.

Можна было б спадзявацца на тое, што цэны зьнізяцца, калі вырасьце гародніна на сялянскіх градках і лецішчах. Але адмыслоўцы кажуць, што з-за халоднай вясны, праліўных дажджоў наўрад ці будзе добры ўраджай гародніны, у тым ліку бульбы.
XS
SM
MD
LG