Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Касьцян: пакуль я буду да 2012 года дэпутатам, паўстаньня ў Беларусі ня будзе


Алесь Дашчынскі, Менск Намесьнік старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў у міжнародных справах і сувязях з СНД Сяргей Касьцян заявіў, што невядомыя асобы распаўсюджваюць чуткі пра тое, што на пачатку ліпеня ў Менску адбудзецца ўзброенае паўстаньне супраць улады Аляксандра Лукашэнкі.

Якраз на пачатак ліпеня ў канцэртнай залі “Менск” заплянавана правядзеньне ўсеславянскага зьезду, які рыхтуе праўленьне грамадзкага абьяднаьня “Беларускі славянскі камітэт” на чале з дэпутатам Сяргеем Касьцянам. Дэлегаты пачалі тэлефанаваць у аргкамітэт з пытаньнем, ці насамрэч у Менску ў дні зьезду адбудзецца ўзброенае паўстаньне? Спадар Касьцян таксама спасылаецца на артыкул у адной з чэскіх газэтаў і на нейкія паведамленьні ў інтэрнэце.

(Касьцян: ) “Мне тэлефанавалі з Польшчы, зь іншых краінаў – ці сапраўды гэта так? У лісьце ад чэскіх братоў пытаньне пастаўлена, маўляў, рыхтуюцца ў Браціславе, у Празе, краінах Балтыі. На Ўкраіне створаныя базы для падрыхтоўкі баевікоў супраць дзейнай улады ў Беларусі. Гэта для нас не навіна, даўно вядома, што рыхтуюцца такія баевікі і створаныя такія базы. Таму я і заявіў, што ніякага паўстаньня ў нас не будзе да 2012 года. Пакуль ля ўлады будзе Лукашэнка, пакуль я буду да 2012 года дэпутатам, паўстаньня ня будзе, а там паглядзім”.

Сяргей Касьцян не зьвяртаўся ні ў КГБ, ні ў дзяржаўны сакратарыят Савету бясьпекі, каб яны пашукалі крыніцы гэтых чутак. Паводле Касьцяна, інфармацыя пра ўзброенае паўстаньне супраць Лукашэнкі запушчаная з адмысловай мэтай, каб перашкодзіць правядзеньню ўсеславянскага зьезду. На зьезд у Менск павінна прыехаць 220 дэлегатаў з усіх славянскіх краінаў, за выключэньнем Харватыі і Славеніі, якія пакуль не пацьвердзілі свайго ўдзелу. Акрамя Беларусі, самыя вялікія дэлегацыі чакаюцца з Расеі, Украіны і Польшчы.

(Касьцян: ) “Вось і пусьцілі такую плётку, каб запужаць людзей, каб пусьціць паніку, што небясьпечна ехаць, што тут нестабільна і небясьпечна. Была запушчана гэта чарговая плётка невядома кім і калі, але яна запушчана, таму я і папрасіў сродкі масавай інфармацыі паінфармаваць нашу і міжнародную грамадзкасьць, што гэта чарговая правакацыя, такая ж як і правакацыя наконт выбуху на атамнай станцыі ”.

Сяргей Касьцян пераконвае, наадварот, замест узброенага паўстаньня супраць Лукашэнкі, у Менску пройдзе славянскі зьезд, дэлегаты якога з розных краінаў сьвету прыедуць дзеля падтрымкі Лукашэнкі. Тут будзе створаны так званы славянскі парлямэнцкі саюз, прынятыя славянскі мэмарандум і маніфэст, абраны міжнародны славянскі камітэт.

Як ставяцца ў дэмакратычных апазыцыйных колах да чутак пра ліпеньскае ўзброенае паўстаньне супраць улады Лукашэнкі?

Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, генэрал Валеры Фралоў лічыць, што дэпутат Сяргей Касьцян нездарма зрабіў такую заяву. Асобнымі палітыкамі нагнятаецца абстаноўка, каб увесьці ў Беларусі надзвычайнае становішча. А што да славянскага зьезду, то ягоны характар можна прадвызначыць ужо цяпер.

(Фралоў: ) “Касьцян там будзе распавядаць, якія тут пагрозы з боку “дзікага Захаду”, пра славян, якім нехта пагражае. Ён што думае, тое і гаворыць. Я, напрыклад, гэтых пагрозаў не адчуваю.”

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька патлумачвае заяву спадара Касьцяна ягонай узроставай праблемай, калі б не Касьцян, то пра гэтае “узброенае паўстаньне” наогул ніхто б і не ведаў.

(Лябедзька: ) “Нешта ў апошні час ён зандата часта выступае зь нейкімі экстравагантнымі заявамі: то ён спрабуе ачысьціць нацыю ад непаўнавартасных людзей, то распаўсюджвае плёткі, што нехта будзе браць пошту, тэлеграф і іншыя аб''екты. Гэта істэрыя, якая нагнятаецца сёньня ўладамі, разьлічана на тое, каб запалохаць людзей".

(Карэспандэнт: ) "А тое, што да 2012 году ў Беларусі застанецца ля ўлады Лукашэнка…"

(Лябедзька: ) “Такое можа быць толькі пры ўмове, што Беларусь была б Кубай і была б адгароджана ад усёй Эўропы. Настроі, якія ёсьць у грамадзтве, якраз сьведчаць пра тое, што надзеі Касьцяна на 2012 год – гэта прыкладна як надзеі пабудаваць камунізм у СССР “.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG