Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Горадні выкарыстоўваецца адміністрацыйны рэсурс на рынку СМІ


Сяргей Астраўцоў, Горадня На мінулым тыдні зьявіліся паведамленьні, што ў Менску да справы падпіскі на дзяржаўныя выданьні падключылася нават падатковая інспэкцыя. Некаторыя сайты пісалі, што ў офісах прыватных фірмаў сталі зьяўляцца падатковыя інспэктары, якія ненавязьліва прапаноўвалі падпісацца на 5-6 асобнікаў некаторых дзяржаўных газэтаў. Тым часам у Горадні адначасова з узмацненьнем клопату ўладаў пра тыражы дзяржаўных газэт мясцовыя незалежныя выданьні цалкам зьніклі з шапікаў.

Не сакрэт, што сёньня шмат хто не выпісвае газэт, а ў шапіках купляе пераважна рэклямныя выданьні. Разнарадкі наконт падпіскі, тым ня менш, дзейнічаюць, але — наступным чынам. Вось меркаваньне галоўнага рэдактара газэты “День” Міколы Маркевіча:

(Маркевіч:) “Калі прааналізаваць структуру падпіскі на дзяржаўныя выньні, то можна заўважыць непрапарцыйна вялікі рост гэтак званай ведамаснай падпіскі. Ужо існуе вельмі вялікая праслойка людзей, якія ў якасьці рэакцыі, пратэсту на тое, што адбываецца, яна ўвогуле перастала выпісваць гэтыя газэты. Я гэта ведаю дакладна, бо я глядзеў лічбы падпіскі па Горадні, і яны паказваюць гэтую тэндэнцыю”.

Мне расказвалі, што ў некаторых установах начальства гаварыла: паступіла рэкамэндацыя падпісацца на афіцыйныя газэты, перш за ўсё на “Советскую Белоруссию”. Маўляў, яна стала цікавейшай па зьмесьце. Аднак ніхто не патрабаваў прынесьці паказаць падпісны квіток. Па-сапраўднаму патрабуюць выкананьня лічбаў ад кіраўнікоў аддзяленьняў сувязі. Вось што расказала адна гарадзенка:

(Дзяўчына:) “Мая знаёмая загадчыца аддзяленьня сувязі скардзілася, што ім даводзяць ліміты падпіскі на дзяржаўныя газэты. Нядаўна яна расказвала, што падпісалася сама на “Советскую Белоруссию” шэсьць разоў. Яна не расказвала, праўда, ці яна падпісвала знаёмых ці сваякоў, я не ўдакладняла. Але, магчыма, менавіта сама падпісалася шэсьць разоў, і таму ёй дахаты шэсьць “Советскіх Белоруссий” кожны дзень прыходзяць”.

Яшчэ ня так даўно ідэалягічная служба накіроўвала лісты ў розныя ўстановы, каб дзяржаўныя арганізацыі, прадпрыемствы не давалі рэкляму ў недзяржаўныя газэты, а крамы — іх не прадавалі. Сёньня такіх газэт у Горадні папросту ня стала. Гарадзенец Віктар заўсёды чытаў мясцовую незалежную прэсу, сам друкаваўся ў ёй. Ягонае меркаваньне наконт прымусовай падпіскі і наконт незалежных газэт:

(Спадар:) “На сёньняшні дзень адбываецца папросту ціск афіцыйнай інфармацыі, афіцыйнай ідэалёгіі на розум і сэрцы людзей. Калі раней я мог чытаць і “Биржу Информации”, і “Glos znad Niemna”, сёньня я пазбаўлены гэтага права, паколькі іх не друкуюць у сувязі з тым, што ў іх іншы пункт гледжаньня, які разыходзіцца з пунктам гледжаньня ўладаў”.

Першай абласная друкарня адмовіла газэце “День”, яе сталі друкаваць у Смаленску, але да чытача ёй трапіць не было наканавана, наклад апошняга нумару арыштавала беларуская міліцыя. Мікола Маркевіч дагэтуль яго не атрымаў:

(Маркевіч:) “Газэта была без усякага тлумачэньня арыштавана міліцыяй. Дакумэнты адносна арышту, наколькі мне вядома, знаходзяцца ў Камітэце дзяржаўнай бясьпекі ў Менску. Паводле маёй інфармацыі, газэта ўжо некалькі разоў уздоўж і ўпоперак прачытаная літаральна з лупай дзеля таго, каб узбудзіць крымінальную справу па гэтаму нумару і хоць нейкім чынам апраўдаць беззаконьне. Аднак нават пры такім стараньні яны не знаходзяць ніводнай зачэпкі. Чым гэта скончыцца, я ня ведаю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG