Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У рэгіёнах працягваюць вылучаць дэлегатаў на кангрэс дэмакратычных сілаў, які абярэ адзінага кандыдата ад апазыцыі


Міхал Стэльмак, Барысаў-Жодзіна Сёньня ў Барысаве і Жодзіне праходзілі рэгіянальныя канфэрэнцыі дэмакратычных сілаў для вылучэньня дэлегатаў на Нацыянальны кангрэс, дзе мяркуецца абраць адзінага кандыдата ад апазыцыі для ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году.

Барысаў–трэці па ліку рэгіён, дзе адбывалася гарадзкая канфэрэнцыя для абраньня дэлегатаў Кангрэсу. Яна праходзіла ў адным з прыватных дамоў гэтага гораду. Вось што паведаміў нашаму Радыё барысаўскі прадстаўнік кааліцыі “Свабодная Беларусь” Зьміцер Бародка:

(Бародка: ) “Усё адбывалася на досыць кансьпіратыўным узроўні. Да апошняга моманту людзі ня ведалі, дзе будзе праходзіць галасаваньне, дзе будзе праходзіць гэтая канфэрэнцыя. Было вызначана некалькі пунктаў збор,у і тады ўжо на аўтамабілях людзі дастаўляліся на само месца. Зарэгістравалася каля 45 чалавек. Гэта прадстаўнікі розных рухаў, грамадзкіх арганізацыяў Барысаву”.

Па выніках галасаваньня дэлегатамі на Кангрэс абраныя мясцовыя актывісты дэмакратычнага руху Мікалай Пахабаў і Мікалай Віторскі. У канфэрэнцыі ў Барысаве бралі ўдзел прэтэндэнты на адзінага кандыдата ад апазыцыі Сяргей Калякін і Аляксандр Мілінкевіч.

Нагадаем, што першая раённая канфэрэнцыя абраньня дэлегатаў на Нацыянальны кангрэс адбылася 15 чэрвеня ў Сьветлагорску. Мясцовыя ўлады спрабавалі сарваць яе. Былі затрыманыя два актывісты дэмакратычных сілаў – Вадзім Болбаш і Віктар Раманішка. Тым ня менш, канфэрэнцыю ўдалося правесьці ў кансьпіратыўных умовах – у лесе, на беразе ракі Бярэзіна. Ад Сьветлагорскага раёну былі абраныя на Кангрэс два дэлегаты. Другая раённая канфэрэнцыя адбылася 17 чэрвеня ў Маладэчне. І тут улады спрабавалі сарваць яе. Паводле ўдзельнікаў мерапрыемства, у памяшканьні, дзе яно павінна было адбыцца, зьявіліся супрацоўнікі міністэрства надзвычайных сытуацыяў з мэтай нібыта правядзеньня вучэньня па тушэньні пажару. Месца маладэчанскай канфэрэнцыі было зьменена. Ад гэтага раёну былі абраныя дэлегатамі на Кангрэс Ян Лагвіновіч і Алег Міхеенка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG