Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Беларусі - кіраўнік польскага камітэту “Салідарныя зь Беларусьсю” Адам Ліпіньскі


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Горадні спадар Ліпіньскі сустрэўся з актывістамі Саюзу палякаў, а таксама зь кіраўніцтвам гэтай грамадзкай арганізацыі. Пасьля госьць накіраваўся ў Менск. Адам Ліпіньскі ўзначальвае нядаўна створаны ў Польшчы камітэт “Салідарныя зь Беларусьсю”, ён таксама зьяўляецца намесьнікам старшыні уплывовай партыі “Закон і справядлівасьць”.

Адам Ліпіньскі сказаў, што ня мае ўплыву на тое, што робіць беларускі ўрад у дачыненьні да Саюзу палякаў Беларусі. Увогуле польская дзяржава мае абмежаваны ўплыў на канфліктную сытуацыю вакол СПБ.

(Ліпіньскі: ) “Палякі павінны быць вельмі рашучымі ў абароне сваёй вольнасьці тут, у Беларусі. Па-другое, што ёсьць таксама важным, Польшча павінна быць болей салідарнай з палякамі, якія тут жывуць. На жаль, гэтая салідарнасьць выглядае па-рознаму. Я шмат зраблю, каб гэта зьмянілася. Некалькі дзён таму я паклікаў камітэт “Салідарныя зь Беларусьсю”. Гэты камітэт мабілізуе польскую грамадзкую думку да большага зацікаўленьня справамі, якія адбываюцца ў Беларусі”.

Сёньня з Горадні спадар Ліпіньскі даслаў зварот да польскіх журналістаў, каб не баяліся прыяжджаць у Беларусь. Бо Генэральны консул РП у Горадні Анджэй Крэнтоўскі паведаміў, што яму часам скардзяцца польскія журналісты на праблемы з атрыманьнем беларускай візы. Між іншым, спадара Ліпіньскага даволі доўга трымалі на мяжы, перш чым упусьціць у Беларусь. Сярод польскіх парлямэнтароў нямала ахвотных наведаць краіну за ўсходняй мяжой, і ў гэтым ім будзе дапамагаць камітэт “Салідарныя зь Беларусьсю”.

(Ліпіньскі: ) “Паміж іншага, гэты камітэт будзе арганізоўваць прыезд польскіх парлямэнтароў у Беларусь. Гэта пачнецца ўжо неўзабаве. Ужо ёсьць група зь некалькіх дзесяткаў дэпутатаў, якія хочуць наведаць польскія асяродкі ў Беларусі: ня толькі ў Горадні і Менску, але асабліва ў меншых мясьцінах. Мы наладзілі асяродак, якія займаецца маніторынгам сытуацыі палякаў у Беларусі, але таксама ўвогуле сытуацыі ў Беларусі. Мы будзем досыць энэргічна рэагаваць на праявы парушэньня правоў чалавека і грамадзяніна, а таксама правоў палякаў і Саюзу палякаў у Беларусі”.

Адам Ліпіньскі будзе рабіць намаганьні і на міжнародным узроўні, каб дапамагчы беларусам.

(Ліпіньскі: ) “Я праз два дні паеду ў Брусэль, між іншым у справах, зьвязаных з сытуацыяй у Беларусі. Гаворка йдзе аб мабілізацыі ня толькі польскай грамадзкай думкі, але таксама і эўрапейскай грамадзкай думкі, пагатоў Польшча мае тут асаблівыя магчымасьці. Мы найлепей ведаем, што адбываецца за ўсходняй мяжой, ну і за гэтай мяжой жывуць некалькі соцень тысяч палякаў”.
XS
SM
MD
LG