Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навучэнцы Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа пасьпяхова завяршылі навучальны год


Любоў Лунёва, Менск Сёлета ліцэй скончылі 30 чалавек. Палова зь іх выказалі жаданьне вучыцца за мяжой. Летась 17 выпускнікоў паступілі ва ўнівэрсытэты Літвы, Польшчы, Чэхіі і Нямеччыны. Нягледзячы на падпольныя ўмовы існаваньня, не было недахопу ў абітурыентах. Бацькі прывялі 37 дзяцей здаваць экзамэны на першы курс. Вытрымалі конкурс 24 абітурыенты.

Выпускнікі ліцэю пасьпяхова здалі экзамэны ўнутры ліцэю, а таксама экстэрнат у школах. Яны атрымалі адзнакі больш высокія, чым іх аднагодкі ў школах. На думку намесьніка дырэктара ліцэю Лявона Баршчэўскага, гэта ёсьць сьведчаньнем таго, што добрая якасьць навучаньня не залежыць ад інструкцыяў, якія паступаюць зь Міністэрства адукацыі. Паводле настаўнікаў ліцэю, ідэалягізацыя сярэдніх навучальных школаў прывяла да пагаршэньня якасьці ведаў вучняў.

Цягам навучальнага году ліцэй меў праблемы з уладамі з-за арэнды памяшканьняў. На прыватную кватэру, дзе праходзілі заняткі, прыходзілі супрацоўнікі міліцыі і складалі пратаколы за карыстаньне жытлом не па прызначэньні. Паводле рашэньня адміністрацыйнай камісіі, давялося плаціць штраф. Але настаўнікі падпольнага ліцэю настроены аптымістычна. Ліцэй, у якім вучацца 96 навучэнцаў, прызналі ва ўсім сьвеце. На вакацыях калектыў меў магчымасьць вучыцца і адпачываць у Літве. Цяпер трэці курс, а гэта 26 чалавек, знаходзіцца ў Польшчы ва Ўроцлаве. Мясцовыя выкладчыкі з гуманітарнага ліцэю выкладаюць дзецям некаторыя дысцыпліны па-польску.

Ліцэісты здалі пісьмовыя тэсты, чым прадэманстравалі добрае веданьне польскай мовы. На разьвітальную вячэру да ліцэістаў прыяжджалі барды з Беларусі Андрэй Хадановіч, Віктар Шалкевіч, пісьменьнік Уладзімір Арлоў, а таксама гурты “Бацькаўшчына”, “Крама”, ансамбаль габрэйскай музыкі. Мы зьвязаліся з намесьнікам дырэктара ліцэю Лявонам Баршчэўскім па мабільным тэлефоне ў той момант, калі ён разам з навучэнцамі ехаў у аўтобусе на экскурсію.

(Баршчэўскі: ) “Мы дапамагаем дзецям, забясьпечваем іх усім, чым трэба. Яны маюць усе падручнікі. Улічваючы, што яны вучацца самастойна, маюць перавагу перад школьнікамі. Вось і атрымоўваецца такі высокі ўзровень, якім мы задаволены. А трэці курс хутка вяртаецца з Уроцлава. Тут ёсьць пэрспэктыва навучаньня выпускнікоў у Польшчы, калі яны яшчэ й мову будуць ведаць. Калі будуць чыніцца перашкоды на Радзіме… У прынцыпе, нашы дзеці хочуць вучыцца дома, але чым больш робяць перашкоды, тым больш магчымасьцяў зьяўляецца вучыцца за мяжой.”

Лявон Баршчэўскі паведаміў Радыё Свабода, што ліцэй будзе ўзмацняць сваю тэхнічную базу. Навучэнцаў забясьпечаць новымі кампутарамі, дыктафонамі, неабходнымі падручнікамі і абсталяваньнем.

Пакуль калектыў ліцэю ў Менску рыхтуецца да выпускнога балю. Ліцэісты паведамілі Радыё Свабода, што жадаюць вучыцца ў беларускіх унівэрсытэтах. Але 17 выпускнікоў з 30 ужо гатовыя ехаць у Польшчу, Нямеччыну і Чэхію. Некалькі чалавек будуць паступаць у Віленскі ўнівэрсытэт. Бацька Зьміцера Раманцова, які выдатна скончыў ліцэй, не выключае, што ягоны сын таксама паедзе вучыцца за мяжу. Гаворыць Уладзімір Раманцоў:

(Раманцоў: ) “Я шчыра скажу, што ніколі не прамяняў бы навучаньне ў ліцэі на іншую, нават самую лепшую школу ў Менску. Безумоўна, мы б хацелі, каб старэйшы сын і малодшыя вучыліся ў Беларусі. Але сытуацыя, якая складваецца ў нашай краіне – розныя выдаюцца дэкрэты, выключаюць дзяцей за тое, што выказваюць сваю думку, што паводзяць сябе не так, як хочацца афіцыйным уладам. Таму знаходзімся цяпер на такім раздарожжы”.

26 чэрвеня выпускнікі ліцэю атрымаюць атэстаты. Калектыў ліцэю з гэтае нагоды запрасіў на ўрачыстую вечарыну амбасадараў і вядомых грамадзкіх дзеячаў.
XS
SM
MD
LG