Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Севярынец: "Пакаленьне чытачоў – галоўная спадчына Быкава"


RFE/RL Лідэр "Маладога фронту" Павал Севярынец – пра Васіля Быкава.

"Быкаў пісаў пра вайну. Для ўсяго сьвету тэма вечная. А для Беларусі, якая жыве тым, каб толькі вайны не было, тэма вечна актуальная. Спадчына Быкава – гэта поўная энцыкляпэдыя вайны. Таму чытайма Быкава."

"За апошняе стагодзьдзе Беларусь перажыла дзьве сусьветныя вайны, рэвалюцыю, калектывізацыю, дыктатуру. Паміж войнамі савецкая імпэрыя будавала тут наймагутнейшую вайсковую базу для ўзброенага ўварваньня на Захад, у мазгах мільёнаў людзей стварала сыстэму хлусьні і мітаў аб вайне. Таму Быкаў, які пісаў праўду пра вайну, разбураў самае падмуркі гэтай антычалавечае сыстэмы. Таму менавіта франтавік Быкаў на роўні зь Зянонам Пазьняком змог ажыцьцявіць прарыў Беларускага Народнага Фронту ў канцы 1980-х у сфэру масавай сьвядомасьці. Менавіта фронтавец Быкаў здолеў стаць маральным аўтарытэтам гэтай эпохі для Беларусі. Чытайма Быкава".

"Чаму ж так ненавідзела і працягвае ненавідзець зараз Быкава сёньняшняя ўлада? Ды таму, што рэжым спрабуе адбудаваць гэтую мілітарысцкую сьвядомасьць для ўсёй 10-мільённай нацыі. Навокал – ворагі, НАТО, пянтагон, паліцаі, вайсковыя вучэньні, бітва за ўраджай, інфармацыйная вайна. Увесь гэты фальш, бязбожная хлусьня і імпэрская ідэалёгія – гэта ўсё тое, з чым змагаўся Васіль Быкаў".

"У якіх катэгорыях вымушаны існаваць сёньня беларускі нацыянальны рух? Вулічныя падзеі, падпольле, кроніка супраціву, аблава, рэвалюцыя, спэцназ, заходні фронт, усходні фронт, народны фронт. Чытайма Быкава. І абавязкова знойдзем там сёньняшніх герояў. Сотнікавых, Рыбакоў, сьледчага Партнога, палкавога асабіста, шараговых байцоў і генэралаў, таварыша маёра, сялянаў, партызанаў, тых, хто выконваў загады і тых, хто заставаўся чалавекам. Усё гэта ёсьць і сёньня. І жыцьцё, і сьмерць. Здрада. Воўчая зграя. Знак бяды. Дажыць да сьвітаньня. Пайсьці і не вярнуцца. Чытайма Быкава".

"І зараз, калі мне даводзіцца чуць пра ліцэістаў, якія абараняюць свой Ліцэй, пра ўдзельнікаў апазыцыйных маніфэстацый, якіх зьбіваюць і кідаюць за краты, пра маладафронтаўцаў, якія галадаюць пасьля палітычных адлічэньняў сваіх сябраў, словам, пра ўсіх тых, хто выходзіць за праўду супрацьстаяць сілам зла, я магу сказаць толькі адно – вось тыя, хто чытаў Быкава".

"Пакаленьне чытачоў – вось галоўная спадчына Быкава".

На хвалі Свабоды гаварыў Павал Севярынец.
XS
SM
MD
LG