Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Напэўна, мы яшчэ культурай не дарасьлі – трохі мы дзікія"


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Апытаньне ў Магілёве пра стаўленьне да візавых санкцыяў супраць кіраўнікоў Беларусі.

"Ці падтрымліваеце Вы візавыя санкцыі супраць асобных кіраўнікоў Беларусі? Хто, на Вашую думку, адказны за тое, што беларусам патрэбныя візы ў большасьць краінаў сьвету?" З такімі пытаньнямі наша карэспандэнтка зьвярнулася да жыхароў горада Магілёва.

(Спадар: ) "Не, я іх не абсалютна не падтрымліваю. Я нават лічу, што наадварот Аляксандра Рыгоравіча трэба запрашаць ва ўсе дэмакратычныя краіны. Можа быць, там ён чаму-небудзь навучыцца і гэтай самай дэмакратыі".

(Спадарыня: ) "Чэсна? Я б на месцы Беларусі зрабіла тое ж самае. Калі яны супраць нас, то і нам трэба быць супраць іх".

(Спадарыня: ) "У прынцыпе, як патрыёт, павінна ставіцца адмоўна, але з агульначалавечага пункту гледжаньня гэта правільна. Ёсьць некаторыя асобы, якім ня трэба".

(Спадарыня: ) "Скажу шчыра, што дрэнна. Таму што я лічу, што адэкватны твой суразмоўнік альбо неадэкватны, дастойны альбо недастойны, трэба быць у дыялёгу пастаянна. Я лічу, што трэба пушчаць і ўсё трэба абмяркоўваць. Я – за дыялёг, любы".

(Спадарыня: ) "Любая забарона мае свае нэгатыўныя моманты. Я лічу, што нельга нешта забараняць, няхай людзі выяжджаюць".

(Спадар: ) “Канечне, не падтрымліваю. Таму што яны заўсёды за правы чалавека, а гэта супраць усіх правілаў. Як гэта можна, кагосьці не пушчаць? Можна толькі тэрарыстаў не пушчаць, правільна?"

(Спадар: ) "Гэта, напэўна, асабістая справа краінаў. Як краіна хоча, так і робіць".

(Спадар: ) "Напэўна, так сябе гэтыя кіраўнік паводзілі, што іх не пушчаюць".

(Карэспандэнтка: ) "Хто, на Вашую думку, адказны за тое, што беларусам даводзіцца афармляць візы ў большасьць краінаў сьвету?"

(Спадар: ) "Тыя ж самыя чыноўнікі, якім забаронены ўезд у гэтыя краіны".

(Спадарыня: ) "Напэўна таму, што Беларусь, у адрозьненьні ад іншых краінаў, паводзіць сябе па-іншаму, проста незалежна. Вось за гэта нас і не любяць".

(Спадарыня: ) "Хто вінаваты? Усе вінаватыя. Я мяркую, што мы, напэўна, у спрацьвазе вялікай колькасьць людзей стаім. Мы стаім па іншы бок, не па іх. Таму, напэўна".

(Спадар: ) "Напэўна, мы яшчэ культурай не дарасьлі. Трохі мы дзікія".

(Спадарыня: ) "Я лічу, што не бывае дыму без агню. І мы недзе няправільна сябе паводзілі, і нам цяпер ня хочуць даваць візы".

(Спадар: ) "Гэта зьвязана з аб''яднаньнем Эўропы, тут зашмат падводных камянёў".

(Спадар: ) "Калі б у нас было жаданьне ўступіць у Эўразьвяз, мы абаралі б той урад, які б імкнуўся ў Эўразьвяз, і праблемаў зь візамі ў нас пасьля гэтага было б меней. А пакуль мы хочам жыць у сваім балоце, у ім і жывем".
XS
SM
MD
LG