Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 17 чэрвеня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса за 17 чэрвеня.

“Коммунист”, 1925 год. Пра стан лекарскай справы ў Бабруйскай акрузе:

“У адносінах вэнэрыкі акруга пасьпяховая, за выключэньнем Гарадзецкага раёну, дзе ў в.Углах маецца шмат сыфілітыкаў. Заўважаецца значнае захворваньне сялянства сухотамі. Сёлета 3 селяніны ад сахі скіраваныя на курорт у Лівадыю. Плянуецца адкрыцьцё сухотнай бальніцы ў Бабруйску на 25 ложкаў. Маецца вялікае распаўсюджаньне паршы, для лекаваньня якой закуплены рэнтгенаўскі апарат коштам 300 р. З прычыны адсутнасьці лазьняў заўважаецца вялікае распаўсюджаньне каросты”.

“Советская Белоруссия”, 1965 год:

“Самая апошняя хата ў пасёлку Супаі Капыльскага раёну схавалася ў зеляніне пладовых дрэваў. Найлепш за ўсё ў садзе, калі цьвітуць разгалістыя яблыні. Пад адной зь іх стаіць невялікая лава. Сюды часта выходзіць гаспадар дому Антон Сяргеевіч Корбут, бярэ ў рукі скрыпку і кранае смыкам струны. Паслухаць музыку прыходзяць суседзі. “Гэтая скрыпка незвычайная, — падкрэсьлівае Антон Сяргеевіч. — Ёй ужо дзьвесьце трыццаць шэсьць гадоў”… На скрыпцы стаіць дата — 1729. Гэта год яе нараджэньня. Скрыпку вырабілі ў Італіі. Як трапіла яна ў Расею, Антон Сяргеевіч ня ведае”.

“Советская Белоруссия”, 1995 год:

“Далейшага росту платы грамадзян Беларусі за камунальныя паслугі не прадбачыцца”, — пра гэта заявіў Прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка, выступаючы на пазачарговай сэсіі Вярхоўнага Савету. Паводле галавы дзяржавы, ім асабіста спынена далейшае павышэньне коштаў на камунальныя паслугі. Аляксандар Лукашэнка лічыць, што ісьці на рост плацяжоў магчыма толькі тады, калі, з аднаго боку, будзе выпрацаваны мэханізм кампэнсацыяў для насельніцтва, зь іншага — вытворчасьць забясьпечыць грамадзяніну такі ўзровень зарплаты, які дазволіць яму самому плаціць за камунальныя паслугі”.
XS
SM
MD
LG