Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады зьвярнулі ўвагу на прыватны музэй Быкава ў Горадні (фота)


Сяргей Астраўцоў, Горадня Невялікі грамадзкі музэй Васіля Быкава знаходзіцца ў Горадні ў доме на пешаходнай вуліцы Савецкай, былой Дамініканскай. Гэта стогадовая камяніца былога акруговага суду, у 1920-я гады тут адбываліся гучныя працэсы над вялікімі групамі КПЗБоўцаў. Унутры шырокія і высокія усходы. Калідор направа: у пакоях розныя установы, і ў невялікім выцягнутым пакоі — музэй Васіля Быкава. Яго наведаў наш карэспандэнт.

У невялікім музэі нямала зроблена рукамі Аляксея Дземідовіча, былога радыёжурналіста, цяпер пэнсіянэра. Ён ведаў пісьменьніка, рабіў пра яго радыёматэрыялы.

(Дземідовіч: ) “Я проста прыхільнік, ведаў і вельмі перажываў усё гэта, мусіць і падручыўся дапамагаць. Гэта вялікае імя, я ж казаў — гэта Памір цэлы на нашай роўнай беларускай зямлі ў літаратурным сэнсе”.

На сьценах стэнды, часта з фотакопіямі, якія распавядаюць аб жыцьці і творчасьці Васіля Быкава. Але ёсьць два стэнды са здымкамі старога гарадзенскага фотажурналіста Аркадзя Перахода, які зрабіў шмат цікавых здымкаў пісьменьніка, калі той доўгі час жыў у Горадні, працаваў у рэдакцыі абласной газэты, кіраваў абласной філіяй Саюзу пісьменьнікаў.

А ідэя стварыць музэй належыць Мікалаю Мельнікаву, кіраўніку вэтэранскай — дэмакратычнай арганізацыі. У музэі стаіць самавар з шыльдачкай: зь яго некалі у спадара Мельнікава частавалі гарбатай Васіля Быкава.

Мікалай Аляксандравіч пасьля цяжкай хваробы мусіць збольшага знаходзіцца дома, але працягвае дбаць пра свой музэйчык, піша артыкулы, зьвяртаецца да ўладаў па дапамогу.

Вось прыходзіў у чацьвер чыноўнік, паглядзеў экспазыцыю, параспытваў, вынікі пакуль невядомыя. Аляксей Дземідовіч мяркуе:

(Дземідовіч:) “Гэта музэй аб’яднаньня, але ж у нас яшчэ ўсё нават дробязь павінна мець аснову дзяржаўную, нейкі статус, быць у кагосьці на балянсе. Я думаю і спадзяюся, што ўсё-ткі ўлады яны разумныя, яны аднясуцца: ня трэба агітаваць за Быкава. Быкаў зрабіў сабе вядомасьць тым, што напісаў і вось ён сусьветна вядомы, яго нельга ні замоўчваць ні рэклямаваць”.

Але пакуль што гарадзенскім уладам Быкаў быў непатрэбны. Я пацікавіўся ў дэпутата гарадзкога Савету Сяргея Антусевіча, які займаўся грамадзкай ініцыятывай наконт увекавечаньня памяці пісьменьніка ў горадзе. Былі сабраны подпісы пад прапановамі, сярод якіх — стварэньне музэя Васіля Быкава.

Гарадзкія ўлады адказалі: прапановы жыхароў будуць прыняты да ўвагі. З таго часу мінула паўтары гады. Калі Быкавам не ганарацца ўлады, дык ім працягваюць ганарыцца самі шараговыя гарадзенцы. Аляксей Дземідовіч, бадай, выказвае думку шмат каго:

(Дземідовіч:) “Бычкі Быкава нарадзілі, чалавека, а мы ж выхавалі Быкава чвэрць веку, усе амаль лепшыя творы напісаны. Вось хачу зьвярнуць увагу: Быкаў на Гарадзеншчыне, вось першая кватэрка, вось мы пайшлі і зьнялі з фатографам. Вуліца Вялікая Траецкая, колішняя кашавога, тут у доме 28, кватэра 20 спачатку жыла сям’я маладога Васіля Быкава”.

У грамадзкім музэі пісьменьніка, як і належыць, ёсьць ягоныя кнігі, рукапісы, асадкі, якімі ён пісаў свае творы. Ёсьць таксама экспанат, які стаіць ня кідка ў кутку. Гэта крэсла Васіля Быкава з часоў ягонай працы ў абласной газэты. Я спыняю сябе на думцы, што памятаю гэтае крэсла, бо калі сам працаваў у рэдакцыі, калегі гаварылі: гэта крэсла Быкава. Крэсла гэтае выглядае незвычайна: яно драўлянае і — круціцца. Праўда, яно вымагае рэстаўрацыі — сьпінка не трымаецца, і сядзець на ім было б нязручна.

Тым ня менш грамадзкі музэй Быкава ў Горадні ёсьць, ён створаны і існуе дзякуючы ахвярнасьці Мікалаю Мельнікаву, Аляксею Дземідовічу ды іхнім прыхільнікам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG