Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зянон Пазьняк: “Быкаў жыў па праўдзе”


Сяргей Навумчык, Прага “Толькі пры наяўнасьці свабоды і незалежнасьці магчымы працяг беларускай гісторыі” – сказаў аднойчы Васіль Быкаў у інтэрвію Свабодзе. Ён вылучаў дзьве найвялікшыя падзеі ў гісторыі Беларусі – абвяшчэньне Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе і аднаўленьне Незалежнасьці ў пачатку 1990-х. Дадам, што да апошняй падзеі – ў складзе кіраўніцтва Беларускага Народнага Фронту – Васіль Уладзімеравіч меў самае непасрэднае дачыненьне.

Гаворыць па тэлефоне з Варшавы Зянон Пазьняк.

(Пазьняк: ) “Я хачу сказаць пра галоўнае – пра духоўную спадчыну Васіля Быкава, якую ён пакінуў беларусам прыкладам свайго жыцьця. Быкаў шанаваў самую вялікую каштоўнасьць чалавецтва – справядлівасьць. І жыў па праўдзе. Шмат хто піша пра жыцьцё па праўдзе, але мала хто па праўдзе жыве, асабліва, калі нявыгадна. Быкаў – якраз жыў, і быў справядлівым у сваіх ацэнках і паводзінах. І пры гэтым быў вельмі сьціплым чалавекам.

У маім ўяўленьні гэта той народны вобраз беларуса, які павінен быць узорам для іншых. Другім важным духоўным прыкладам, які сьцьвердзіў Быкаў, было ягонае служэньне Бацькаўшчыне. Менавіта крэда справядлівасьці прывяло яго ў Беларускі Народны Фронт. Менавіта яно паўплывала на ягоны выбар.

Гэта быў чалавек, які, запаліўшы сьвечку, трымаў яе ў руцэ і падымаў высока, каб усе бачылі сьвятло, а не ставіў яе пад стол, як рабілі маладушныя людзі.

Быкаў стаў у шэрагі беларускага нацыянальнага Адраджэньня, бо змаганьне за народ, за культуру і свабоду было справядлівым. Наш народ зьнішчалі, зьневажалі і прыніжалі. Сумленныя людзі ня маглі гэтага цярпець, і ахвяраваліся многім дзеля шчасьця народу і Беларусі. Такі быў Быкаў. Гэткі ён пакінуў прыклад для маладых і для ўсёй нацыі.”
XS
SM
MD
LG