Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Амбасадар Паслаўскас: “Беларусь – гэта не адзін чалавек”


Ганна Соусь, Менск Сёньня завяршаецца дыпляматычная місія ў Беларусі Надзвычайнага і Паўнамоцнага амбасадара Літвы ў Беларусі Ёнаса Паслаўскаса. Ён прадстаўляў Літоўскую Рэспубліку ў Беларусі шэсьць з паловай гадоў, за гэты час шмат разоў выступаў у эфіры Радыё Свабода. І заўсёды – на беларускай мове. Сёньня, ў свой апошні дзень у Беларусі ў якасьці амбасадара, Ёнас Паслаўскас даў інтэрвію нашай карэспандэнтцы.

(Соусь: ) “Спадар амбасадар, Вы больш за шэсьць гадоў прадстаўлялі Літоўскую Рэспубліку ў Беларусі. Гэта даволі вялікі тэрмін, і, натуральна, за гэты час Вы даволі глыбока вывучылі і зразумелі сытуацыю ў гэтай краіне, і можаце быць сапраўдным экспэртам па Беларусі ў літоўскім замежнапалітычным ведамстве. Параўноўваючы сытуацыю цяпер і шэсьць гадоў таму, калі ў Вас было болей падставаў для аптымізму?”

(Паслаўскас: ) “Пэсыміст бачыць тунэль. Аптыміст – сьвятло ў канцы тунэля. Рэаліст – тунэль, сьвятло і цягнік. А машыніст цягніка – трох ідыётаў, якія сядзяць на рэйках.

Мяркую, што за ўвесь час маёй дзейнасьці ў Беларусі я быў ва ўсіх трох гэтых вобразах, а вам, журналістам, з боку больш бачна, і можаце сказаць больш правільна пра мяне як пра рэаліста, аптыміста альбо пэсыміста.

Аптымізм не пакідаў мяне і напачатку работы ў Менску, і цяпер. Таму я веру беларускаму народу і ведаю, што ён можа самастойна прымаць рашэньні, якія вызначаюць яго будучыню. Я пакідаю Беларусь, ведаючы, што Беларусь – гэта вялікі народ, гэта 10 мільёнаў інтэлігентных, адукаваных, таленавітых людзей. Гэта – не адзін чалавек”

(Соусь: ) “Падсумоўваючы вынікі сваёй дыпляматычнай місіі ў Беларусі, чым Вы можаце адкрыта ганарыцца?”

(Паслаўскас: ) “Адкрытасьць не павінна пачынацца тады, калі заканчваецца якая-небудзь місія, паколькі гэта – аснова кожнай місіі. Ганарыцца магу сучасным і прыгожым будынкам амбасады, а таксама тым, што ўсё больш беларусаў знаёмяцца зь Літвой. Прыемна, што за гады маёй працы ў Менску сустрэў шмат адкрытых і прыемных людзей, большую частку якіх сьмела магу назваць сваімі сябрамі.

Ганарыцца магу, што літоўская амбасада зьяўляецца кантактнай амбасадай НАТО ў Беларусі, што літоўцы неабыякавыя да лёсу беларускіх студэнтаў, навучэнцаў ліцэю і Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Ганарыцца магу таксама, што кошт на візу будзе зьніжаны з 1 ліпеня з 20 эўра да 5 эўра”.

(Соусь: ) “За шэсьць гадоў на пасадзе амбасадара ў Беларусі Вы даволі добра вывучылі беларускую мову, і часам Вашыя выступы на дыпляматычных прыёмах больш, так бы мовіць, “беларускія”, чым прамовы некаторых беларускіх прадстаўнікоў. Як Вы авалодалі беларускай мовай? Якія гукі ці словы былі для Вас найбольш складанымі, а што давалася лёгка?”

(Паслаўскас: ) “Прыгожую і старажытную мову вывучаць – адно задавальненьне, а філёлягу – абавязак. Беларуская мова – унікальная, мілагучная, своеасаблівая, пяшчотная. Шкада толькі, што тут няшмат людзей ёй карыстаюцца”.

(Соусь: ) “Перад Беларусьсю Вы працавалі ў амбасадзе Літвы ў ЗША, а потым узначальвалі дыпляматычную місію ў Канадзе. І работа ў Беларусі стала для Вас, так бы мовіць, зьменай геапалітычнага кірунку. А ў бок якой краіны накіруецеся пасьля завяршэньня дыпляматычнай місіі ў Менску?”

(Паслаўскас: ) “У літоўскай геапалітыцы Беларусь, як суседняя краіна, была і застаецца адной з самых галоўных краінаў, нягледзячы на тое, як далёка знаходзяцца іншыя нашыя амбасады. Аднак геапалітыка – гэта толькі адзін з аспэктаў, які акрэсьлівае падабенства і адрозьненьне дзяржаваў. Ня менш важнымі зьяўляюцца і іншыя асаблівасьці адной ці другой краіны – культура, эканоміка, а ў адносінах да Літвы і Беларусі вельмі важным зьяўляецца аспэкт агульнай гісторыі.

Я буду працаваць у Міністэрстве замежных справаў Літвы дырэктарам дэпартамэнту стасункаў з Амэрыкай, Азіяй, Афрыкай і Акіяніяй. Буду працаваць з усімі краінамі, апроч СНД і Эўропы”.

(Соусь: ) “Вы неаднойчы выступалі ў эфіры Радыё Свабода, удзельнічалі ў імпрэзах нашага радыё, добра знаёмыя з многімі журналістамі Свабоды. Калісьці распавядалі, што штодня праглядаеце сайт Радыё Свабода. Як Вы ацэньваеце пэрспэктывы беларускай службы Радыё Свабода на бліжэйшыя гады?”

(Паслаўскас: ) “Хацеў бы пажадаць, як ужо казаў, вашым журналістам сустрэць як мага больш цікавых людзей – аптымістаў, пэсымістаў і рэалістаў – і апынуцца ў вадавароце прыгодаў, а ня толькі ехаць па тунэлі ў цішыні на бачнае сьвятло. А вашаму радыё хачу пажадаць і надалей заставацца ў авангардзе журналістыкі. На мой погляд, вы робіце самыя перадавыя, аб’ектыўныя, якасныя і прафэсійныя перадачы”.

(Соусь: ) “Што Вы пакідаеце ў Беларусі? А што забіраеце з сабой?”

(Паслаўскас: ) “Сябры. Людзі. Успаміны... У Беларусі, у першую чаргу, пакідаю шмат асабістых сяброў і сяброў Літвы. Забіраю з сабой цеплыню, ўзаемапаразуменьне і надзею, што зь цягам часу Беларусь стане яшчэ больш сучаснай, эўрапейскай дзяржавай”.
XS
SM
MD
LG