Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асаблівасьць жаночага алькагалізму ў Беларусі – “п''янства за фіранкамі”


Вячаслаў Кулік, Менск У Беларусі прагрэсуе жаночае п''янства. Паводле Міністэрства аховы здароўя, штогоду ў краіне да 5 тысяч жанчын патрапляюць у алькагольную залежнасьць. Мэдыкі канстатуюць: тэмпы росту гэтай хваробы сярод прадстаўніцаў так званай слабай палавіны ўдвая вышэйшыя, чым у мужчынскім асяродзьдзі.

Жаночае п''янства ў Беларусі называюць “п''янствам за фіранкамі”, а таму грамадзтва не валодае дакладнымі зьвесткамі, колькі няшчасьцяў маюць сем''і і дзеці. А тое, што вядома – палохае. Гаворыць галоўны нарколяг краіны Уладзімер Максімчук:

(Максімчук: ) “Сёньня на наркалягічным ўліку знаходзяцца 34 тысячы жанчын. У параўнаньні зь мінулым годам адбылося павелічэньне на 14%. Жанчыны выпіваюць скрытна, па-за полем зроку мэдыкаў і міліцыі. А калі п''янства выкрываецца, то ўжо на стадыі хваробы”.

Па словах Уладзімера Максімчука, сёньня колькасьць алькагалічак у Беларусі можна параўнаць, напрыклад, з насельніцтвам усяго Стаўбцоўскага раёну на Меншчыне.

Ці ўяўляюць беларусы, да якіх маштабаў пашырылася ў краіне жаночае п''янства? На гэта пытаньне мы прасілі адказаць мінакоў на вуліцах сталіцы.

(Спадар: ) "Я абураны гэтым п''янствам, таму што будучыня залежыць у асноўным ад жанчын. Мяркую, што трэба прымаць пэўныя меры, каб наступствы гэтага п''янства зьменшыць. Ужо ў аўтобусе пачынаюць піць піва. Нават у мэтро п''юць піва. Калі робіш заўвагу, то не разумеюць: “А што я раблю?”. Я тэлефанаваў па “гарачай лініі” у Менгарвыканкам. Мне адказалі: “Гэта праблема ня нашая. Нашая праблема – добраўпарадкаваньне гораду, а за п''янкамі няхай сочыць міліцыя".

(Спадарыня: ) “На вуліцы стала шмат п''яных жанчын. Як мне ўяўляецца, нават больш, чым мужчынаў. Можа і раней было жаночае п''янства, але зараз яно пашыраецца асабліва”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што гэта даволі вялікая праблема ў нашым грамадзтве. Усё часьцей можна бачыць дзяўчыну ў маладым узросьце, маладых студэнтак, якія сядзяць на вуліцы разам з хлопцамі і выпіваюць. Дарэчы, ня толькі піва п''юць, а найчасьцей – больш моцныя напоі. Між тым, як вядома, жаночае п''янства больш цяжкае, чым мужчынскае, бо менш паддаецца лекаваньню”.

Гэта былі меркаваньні ўдзельнікаў вулічнага апытаньня Радыё Свабода.

У сваю чаргу сацыёлягі тлумачаць, што карані праблемы палягаюць у сфэры эканомікі. І толькі кожны дзясяты выпадак алькагалізму – у сямейна-бытавой. Людміла Пеціна дасьледуе праблему ў грамадзкай арганізацыі “Жаночы незалежны дэмакратычны рух”. Яна дакладна называе адлік пэрыяду, калі беларускі масавым чынам пачалі “тапіць” свае стрэсы ў шклянцы горкага зельля.

(Пеціна: ) "Пачалося гэта ад 1990-х гадоў, калі зачыняліся, напрыклад, праектныя інстытуты й розныя іншыя ўстановы жаночай працы. Жанчыны былі выкінутыя на вуліцу і вельмі многія пачалі езьдзіць, як чаўнакі. І вось гэтыя складаныя ўмовы, калі чалавек увесь дзень на вуліцы, далі штуршок жаночаму п''янству. Я бачыла, як на працягу двух-трох гадоў жанчыны з вышэйшай адукацыяй дэградавалі, што было відаць па іхных тварах й паводзінах. Гэта адна з быццам бы далёкіх прычынаў. Але насамрэч сытуацыя не зьмянілася да лепшага. Жанчыны па-ранейшаму маюць вялікія праблемы на рынку працы. Ім цяжка ўладкавацца. Яны, як правіла, атрымоўваюць месцы, ад якіх адмаўляюцца мужчыны".

Паводле Людмілы Пецінай, жаночае п''янства ў Беларусі зьяўляецца вынікам дрэннага клопату дзяржавы пра сацыяльны статус жанчын ў грамадзтве. Інакш чаму ў краіне павялічваецца колькасьць турмаў для іх, ізноў адчыняюцца спэцыялізаваныя ЛТП?

У лекава-працоўным прафілякторыі, як цынічна называюць гэтую напаўтурэмную установу, найпершым сродкам перавыхаваньня ёсьць цяжкая праца, прычым, пад узброеным кантролем. Пра гэта паведаміў начальнік горацкага жаночага ЛТП палкоўнік міліцыі Анатоль Котаў.

(Котаў: ) “Тут знаходзяцца ўнутраныя войскі, другая рота – жанчыны таксама. Кантралюючы склад суправаджае пацыентаў ЛТП і на працу. ЛТП знаходзіцца ў сельскай мясцовасьці. Замацаваныя за ЛТП чатыры гаспадаркі. Увосень езьдзілі на лён, летам чакае праполка буракоў, морквы, капусты, цыбулі”.

Паводле мэдыкаў, ЛТП зь міліцэйскім рэжымам раней зачынялі нават у СССР, бо не было доказаў станоўчага лекавага эфэкту. У адноўленых беларускіх, як лічыць галоўны нарколяг краіны Уладзімер Максімчук, істотных зьменаў не адбылося.

(Максімчук: ) “Прымусовыя меры – гэта крайнія меры. Іх трэба вельмі асьцярожна выкарыстоўваць. Праца ў ЛТП павінна быць лекавая, а не да змардаваньня”.

Па словах Уладзімера Максімчука, альтэрнатыва прымусу ёсьць. “Мэдыцыне ў Беларусі даступныя найноўшыя мэтодыкі вызваленьня фізіялягічнай залежнасьці чалавека ад алькаголю”, кажа ўрач.

(Максімчук: ) “Пастаянна ўдасканальваюцца розныя спосабы лекаваньня: і мэдыкамэнтозныя, і псыхалягічныя, і псыхатэрапэўтычныя. Сучасныя наркалягічныя лякарні не падобныя ні на турму, ні на камэру”.

Неабходна адзначыць, што рэабілітацыя – працэс платны, вымагае грошы. А іх нават у ЛТП нельга зарабіць, бо, як кажа палкоўнік міліцыі Котаў, пацыенткі ўтрымліваюцца на ўмовах самаакупнасьці.

(Котаў: ) “За імі цягнуцца вялікія “хвасты” даўгоў. Таму трэба добры заробак атрымліваць, каб і сябе ўтрымліваць на умовах самаакупнасьці і яшчэ алімэнты пералічваць. У ЛТП пакуль няма самаакупнасьці”.

Як вядома, паводле жаданьня Лукашэнкі ўсе бацькі, у тым ліку жанчыны, разлучаныя зь дзецьмі, павінны будуць сплачваць дзяржаве стопрацэнтны кошт утрыманьня сацыяльных сіротаў. Калі нехта ня здольны будзе разьлічыцца па рахунках з інтэрнатаў, то патрапіць у турму. Пра новыя пагрозы для жанчынаў, якія п''юць, гаворыць і Людміла Пеціна.

(Пеціна: ) “Практычна, жанчына адмаўляецца ад дзіцяці, калі яна ня здольная сама яго выгадаваць. Трэба будзе адкрываць новыя ЛТП і калёніі для бацькоў, якія будуць працаваць пад прымусам, каб утрымоўваць сваіх дзяцей. Гэта вельмі кароткі крок да агульнага лягеру”.

Падлічана, што сярэднегадавое спажываньне алькаголю ў Беларусі дасягае ў пераразьліку на чысты сьпірт 10 літраў на кожнага насельніка. Гэта перавышае крытычны парог, за якім пачынаецца дэградацыя нацыі. Апошняму актыўна спрыяе і тое, што "найлепшыя" – у двукосьсях – умовы для спойваньня ствараюцца ў краіне менавіта для мацярок, жонак і дачок. Тых, хто мусіць даваць жыцьцё...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG