Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іранцы выбіраюць новага прэзыдэнта – у тым ліку ў Менску


Валер Каліноўскі, Менск Сёньня ў Іране выбары новага прэзыдэнта краіны. На гэтую пасаду прэтэндуюць сем кандыдатаў. Фаварытамі лічацца кансэрватары экс-прэзыдэнт Алі Акбар Хашэмі Рафсанджані і былы кіраўнік іранскай паліцыі Махамад Бакр Калібаф, а таксама прадстаўнік рэфармістаў Мустафа Маін. Цяперашні прэзыдэнт Махамад Хатамі ў выбарах удзелу не бярэ, паколькі канстытуцыя Ірану забараняе адной асобе займаць гэту пасаду тры тэрміны запар. Выбарчы участак сёньня адкрыўся і ў Менску ў будынку іранскай амбасады, у якім пабываў наш карэспандэнт.

На выбарчым участку ў іранскай амбсадзе няма кабінак для галасаваньня: выбаршчыкі запаўняюць бюлетэні на стале побач са скрыняй.

Партрэтаў кандыдатаў з праграмамі на ўчастку таксама няма, пададзены толькі сьпіс прозьвішчаў. Тым ня меней, выбаршчыкі на адсутнасьць інфармацыі не скардзяцца, ведаюць, за каго галасаваць.

Першымі на выбарчым участку пабывалі іранскія бізнэсоўцы. Гаворыць адзін зь іх – Сіямак Махінрад:

(Махінрад: ) "Мы хочам для нашай краіны натуральнага руху шляхам рэформаў і прагрэсу, без эксцэсаў, без умяшальніцтва звонку, з апорай на ўнутраныя сілы".

Іранскіх бізнэсоўцаў у Беларусі каля 50 чалавек, яны займаюцца пераважна экспатна-імпартнымі кантрактамі паміж дзьвюма краінамі.

Усяго іранскіх грамадзянаў у Беларусі каля 700 чалавек, большасьць зь іх – студэнты, якія вучацца ў беларускіх ВНУ. Найбольш папулярныя сярод іх спэцыяльнасьці – лекары, архітэктары, хімікі. Вучоба абыходзіцца кожнаму ў 2-2,5 тысячы даляраў за год.

Студэнты прыяжджалі ў амбасаду на арандаваных аўтобусах. Гаворыць студэнт Менскага мэдінстытуту Махамад:

(Махамад: ) “Сябраваць з Захадам для нас – абавязкова. Я думаю, што любы кандыдат, які стане прэзыдэнтам, будзе сябраваць з усімі краінамі, у тым ліку з краінамі Захаду, Злучанымі Штатамі,– з усімі, з кім можна сябраваць”.

Студэнт Махамад лічыць цяперашнія выбары ў Іране больш вольнымі, чым папярэднія.

Палітэмігрант Маджыд Рэза-задэ Харасані ў Беларусі з 1983 года. З таго часу ён ні разу не быў у Іране, але на выбары прыйшоў. Свае надзеі на вяртаньне ў Іран ён зьвязвае з кандыдатам-рэфармістам Мустафой Маінам.

(Харасані: ) “Ён будзе імкнуцца зьберагчы свабоду, за якую іранскі народ змагаецца ўжо 8 гадоў, а таксама будзе імкнуцца да прагрэсу ў эканоміцы, дэмакратыі”.

Паводле спадара Харасані, іранскіх палітэмігратаў толькі ў Менску каля паўсотні.

Удзельнік іранскай рэвалюцыі Алі Махімрад галасаваў за былога прэзыдэнта Ірана Рафсанджані, паплечніка аяталы Хамейні:

(Харасані: ) “Народ Ірана ня хоча іншай краіны, якой бы Амэрыка дыктавала, што трэба рабіць. Іран робіць і думае самастойна”.

Сказаў былы сябар Кампартыі Ірана спадар Харасані, які жыве ў Беларусі з сям’ёй апошнія 20 гадоў.

Амбасадар Ірана ў Беларусі Абдалхамід Фекры адзначае вялікую актыўнасьць сваіх суграмадзянаў на выбарах:

(Фекры: ) “Іранскія грамадзяне жывуць тут, у Беларусі, у дыяспары, далёка ад радзімы, але іх вельмі турбуе лёс сваёй краіны, таму яны вельмі ахвотна і актыўна бяруць удзел у выбарах. І, на мой погляд, прагаласуюць амаль 100 адсоткаў грамадзянаў”.

Амбасадар Фекры зазначае, што сёньняшнія выбары ў Іране вызначаюцца дэмакратычнасьцю на тле іншых краінаў гэтага рэгіёну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG