Лінкі ўнівэрсальнага доступу

К.Райс і Дж.Буш скептычна ацэньваюць дэмакратычнасьць выбараў у Іране


Юры Дракахруст, Прага Сёньня ў Іране праходзяць прэзыдэнцкія выбары. За пасаду кіраўніка дзяржавы змагаюцца сем кандыдатаў. Паводле папярэдніх апытаньняў і прагнозаў фаварытам спаборніцтва зьяўляецца былы прэзыдэнт Акбар Хашэмі Рафсаджані. Дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс мяркуе, што галасаваньне ў Іране не прывядзе да станоўчых зьменаў.

Пасьля рэвалюцыі 1979 году іранцы ідуць да выбарчых скрыняў 9-ты раз. Пасада прэзыдэнта не зьяўляецца вышэйшай у Іране, апошняе слова ў палітычных пытаньнях застаецца за рэлігійнай Вышэйшай радай вартавых Ісламскай рэвалюцыі і яе кіраўніком аяталой Алі Хамэнэі. Сёньня Хамэнэі прагаласаваў адным зь першых. Ён заявіў, што галасаваньне ёсьць рэлігійным абавязкам іранцаў. Браць удзел у галасаваньні заклікаў суграмадзянаў і дзейны прэзыдэнт краіны Махамад Хатамі.

(Хатамі: ) "Я спадзяюся, што натхнёным удзелам у выбарах усіх жанчынаў, мужчынаў і моладзі мы зробім цяжкі шлях да рэлігійнай дэмакратыі больш гладкім і лёгкім і рашэньне іранскай нацыі будзе паважацца ўсімі намі".

Яўка ёсьць ключавой праблемай сёньняшніх іранскіх выбараў. Шмат іранцаў расчараваліся ў ідэяй ісламскай рэвалюцыі 1979 году. Зь іншага боку спадзяваньні, якія ўзьніклі 8 гадоў таму з абраньнем прэзыдэнтам Махамада Хатамі, таксама ня спраўдзіліся. Ён абяцаў рэформы і лібэралізацыю, але сутыкнуўся з моцным супрацівам кансэрватараў.

Нямала іранцаў ня хочуць галасаваць, у той жа час як улады зацікаўленыя ў высокай яўцы, якая б даказала легітымнасьць мадэлі ісламскай дэмакратыі. Зь іншага боку экспэрты лічаць, што высокая яўка будзе хутчэй на карысьць кандыдатаў-рэфармістаў, а менавіта былога міністра вышэйшай адукацыі Мустафы Маіна.

Калі ён займаў гэтую пасаду, ён абараняў студэнтаў ад перасьледу клерыкальных уладаў. Зараз ён абяцае лібэралізацыю эканомікі, паляпшэньне адносінаў са Злучанымі Штатамі і прыпыненьне вытворчасьці ўзбагачанага ўрану.

Аднак апытаньні і экспэртныя ацэнкі аддаюць перавагу 70-гадоваму Акбару Хашэмі Рафсаджані, які ўжо займаў прэзыдэнцкую пасаду ў 1989-1997 гадох.

Ён лічыцца кансэрватарам. Цяпер ён узначальвае дарадчы орган Рады мэтазгоднасьці пры рэлігійным кіраўніцтве краіны. Да таго ж Рафсаджані – адзін з самых багатых людзей Ірану. Нягледзячы на кансэрватыўныя погляды ён таксама ў асьцярожнай форме выказваецца за рэформы і паляпшэньне адносінаў са Злучанымі Штатамі. Сёньня пасьля галасаваньня ён заявіў:

(Рафсаджані: ) "Калі Злучаныя Штаты хочуць палепшыць адносіны з Іранам, яны павінны зрабіць першы крок".

Рафсаджані адзначыў станоўчыя крокі з боку Вашынгтону – згоду на ўступленьне Ірану ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю (УГА), дазвол на продаж Тэгерану запчастак для “Боінгаў”, заяву прэзыдэнта Буша, што Іран можа мець абмежаваную колькасьць узбагачанага ўрану. Аднак паводле Рафсаджані гэтых крокаў недастаткова, ён у прыватнасьці заклікае ЗША перадаць Ірану фінансавыя сродкі былога шахскага рэжыму, якія былі замарожаныя падчас захопу амэрыканскіх дыпляматаў пасьля рэвалюцыі 1979 году.

Некаторыя экспэрты не выключаюць, што перамога Рафсаджані можа сапраўды прывесьці да паляпшэньня адносінаў Ірану з Захадам, менавіта ягоны кансэрватызм можа дазволіць яму рабіць рашучыя крокі ў гэтым накірунку, не баячыся абвінавачваньняў у здрадзе ісламскім ідэалам.

Аднак дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс сёньня паставіла пад сумнеў легітымнасьць іранскіх выбараў і выказала меркаваньне, што наўрад ці іх вынікі будуць спрыяць рэформам. Яна паўтарыла заклік да Ірану спыніць падтрымку замежных тэрарыстычных груповак, такіх як “Хезбала” і прыняць умовы, сфармуляваныя эўрапейскімі краінамі што да ядзернай праграмы Тэгерану.

Райс нагадала, што рэлігійнае кіраўніцтва Ірану адхіліла ад удзелу ў апошніх выбарах шмат кандыдатаў, у прыватнасьці, ад ўдзелу ў цяперашніх выбарах было адхілена 1000 кандыдатаў, засталося 7. Кандаліза Райс заявіла:

(Райс: ) "Калі вы маеце сыстэму, дзе нехта адвольна вызначае, хто можа балятавацца, а хто – не, вы наўрад ці можаце разьлічваць на тое, што вынік прывядзе да паляпшэньня сытуацыі. Мы заўсёды казалі, што гэта значная праблема ў паводзінах іранскіх уладаў".

Учора прэзыдэнт ЗША Джордж Буш заявіў, што прэзыдэнцкія выбары ў Іране "ігнаруюць асноўныя патрабаваньні дэмакратыі". Паводле амэрыканскага прэзыдэнт, "Іранам кіруюць людзі, якія падаўляюць свабоду дома і распаўсюджваюць тэрор у сьвеце".
XS
SM
MD
LG