Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскія актывісты змагаюцца супраць фашыстаў з РНЕ


Ігар Карней, Менск Ці пазбавіць Беларусь ад пашырэньня фашысцкіх ідэяў меркаваны указ Лукашэнкі “Аб забароне нацысцкай сымболікі”? Шэраг грамадзкіх арганізацыяў Магілёву зьвярнуліся ў мясцовае аддзяленьне Камітэту дзяржаўнай бясьпекі. Прадстаўнікі розных палітычных рухаў просяць ачысьціць горад ад прафашыстоўскіх арганізацыяў кшталту РНЕ (“Русское национальное единство”) . Магілёўскія дэмакраты кажуць, што мала спадзяюцца ў гэтым зьвязку на праект указу Лукашэнкі “Аб забароне нацысцкай сымболікі”, паколькі грамадзкасьць і раней зьвяртала ўвагу на актыўнасьць фашыстоўскіх груповак, аднак мясцовыя ўлады больш занятыя змаганьнем з апазыцыйнымі партыямі.

Пад заявай падпісаліся і праваабаронцы, і камуністы, і прадстаўнікі Беларускага народнага фронту, і проста пэнсіянэры. Усе абураныя тым, што ў Магілёве адкрыта зьбіраюцца на свае сходкі сябры экстрэмісцкай арганізацыі РНЕ “Российское национальное единство” (РНЕ), ужо не хаваючы стылізаваную пад свастыку эмблему РНЕ.

Вось што сказаў адзін з аўтараў заявы – намесьнік кіраўніка Магілёўскай арганізацыі БНФ Зьміцер Салаўёў.

(Салаўёў: ) “Калі незалежныя беларускія арганізацыі спрабуюць зьнішчыць, то на РНЕ ніхто ніякай увагі не зьвяртае. Яны адкрыта лепяць свае ўлёткі, адкрыта зьбіраюцца пасярод горада кожную нядзелю, што хвалюе, натуральна, і нас, і грамадзтва. Тым больш, было 60-годзьдзе вызваленьня Беларусі ад фашысцкіх войскаў, таму і пэнсіянэры, і партыя камуністаў, і БНФ адназначна з гэтай нагоды выказаліся… Даўно ўжо гэта насьпявала, нарэшце, падрыхтавалі матэрыял і занесьлі”.

(Карэспандэнт: ) “Калі будзе прыняты ўказ аб забароне нацысцкай сымболікі, ён нешта зьменіць? Прынамсі, у дачыненьні да Магілёву?”

(Салаўёў: ) “Мяркую, не. Нашае чынавенства ніяк на гэта не рэагуе – ні выканкам, ні пракуратура, ні міліцыя. Скаргі накіроўваліся і раней, але ніякай рэакцыі на гэта не было”.

Міністэрства юстыцыі падрыхтавала праект указу “Аб забароне нацысцкай атрыбутыкі і сымболікі”. Міністар юстыцыі Віктар Галаванаў падчас прэсавай канфэрэнцыі ў пачатку чэрвеня сам патлумачыў, чым гэта выклікана. Тады ён сказаў: “У Беларусі няма масавых нэафашысцкіх рухаў, аднак забарона павінна існаваць, паколькі праявы нацызму нясуць рэальную пагрозу грамадзкаму правапарадку і канстытуцыйнаму ладу”. Паводле Галаванава, чакаецца, што ўказ зойме “нішу” у заканадаўстве, а над прыхільнікамі ідэяў “дучэ” і “фюрэра” навісьне “Дамоклаў меч”.

Што да нейкіх санкцый, то праектам указу прадугледжаныя штраф у памеры ад 10 да 20 базавых велічыняў з канфіскацыяй атрыбутыкі ці арышт тэрмінам ад 3 да 15 сутак. Сказаць, што вельмі сурова – то наўрад ці. Аднак у гэтым зьвязку яшчэ ня выключаныя пэўныя карэктывы, паколькі прапановы да падпісаньня ўказу Лукашэнкам могуць унесьці зацікаўленыя ведамствы. Між тым, сярод апанэнтаў улады існуе меркаваньне, што падобны ўказ можа стаць зручным інструмэнтам барацьбы ня столькі з нэафашыстоўцамі, колькі з апазыцыйнымі рухамі. Палітык і праваабаронца Валерый Шчукін кажа, што галоўным раздражняльнікам для ўладаў могуць стаць якраз гістарычныя беларускія сымбалі.

(Шчукін: ) “Як я ўжо пасьпеў пачытаць, што гаворка, апроч усяго, аб арганізацыях, якія можна штучна падвесьці пад “супрацоўніцтва з нацыстамі”. І вось тут, як я разумею, пад крымінал можа патрапіць і бел-чырвона-белы сьцяг, і герб “Пагоня”, і значкі зь бел-чырвона-белымі сымбалямі. Будуць хапаць, саджаць, абвінавачваць ва ўсіх сьмяротных грахах. Гэта пакуль што праект, але ж я ня веру ніводнаму слову ўладаў: добрага і спраўнага яны яшчэ ніколі не прапанавалі”.

А як шырока, паводле праекту ўказу, трэба разумець, што ёсьць нацысцкай атрыбутыкай?

Увогуле, праектам указу пад нацысцкай атрыбутыкай разумеюцца сьцягі, значкі, элемэнты формы адзеньня, вітаньні, што было ўласьціва калішняй нацыянал-сацыялістычнай партыі Нямеччыны. Перадусім, гаворка ідзе пра свастыку. Але літаратура, у якой прапагандуюцца фашыстоўскія ідэі, таксама трапляе ў шэраг забароненых.

Між тым, у любым шапіку зараз абсалютна вольна прадаюцца брашуркі, якія, быццам бы, наўпрост і не трапляюць пад гэтыя вызначэньні, але сутнасна прапагандуюць выключнасьць пэўных нацыяў, расаў, рэлігіяў. Літаральна днямі я набыў у Маладэчне ў шапіку “Белсаюздруку” брашуру пад назвай “Ворагі Расеі і Славянскага Сьвету супраць Беларусі і Прэзыдэнта Лукашэнкі”. Гэты, як пазначана, збор “інфармацыйна-аналітычных матэрыялаў” выдадзены ў Расеі, а яго вокладка ўпрыгожаная адной з разнавіднасьцяў фашыстоўскай свастыкі – з той розьніцай, што крыж мае не чатыры, а восем промняў. Зрэшты, сутнасьць зьместу ад гэтага не мяняецца.

У кнізе можна прачытаць, што “неабходна аднавіць Боскую Славянскую задуму Жыцьцябудаўніцтва,… стварыць кадравую базу Віцязяў-упраўленцаў ХХІ стагодзьдзя, павялічыць нараджальнасьць ад Цудоўных Славянскіх Мацярок-Берагіняў Духоўна і фізычна здаровых Дзяцей…”. Апірышчам Славянскага Сьвету, паводле аўтараў кніжачкі, мае быць Аляксандар Лукашэнка, а ворагі гэтае ідэі – “сіонамасоны – дыктатары ўсясьветнага ілжэпарадку”.
XS
SM
MD
LG